Захацелася мужыку сына...

Жонка Ала прыгадвае той момант: — Паехалі мы з ім у Оршу, у дзіцячы дом. Прывяла нас дырэктар у групу. Майму Віталік адразу спадабаўся. А мне — Арцём. Як зараз памятаю, падбег, кучаравенькі такі, і да мужа: «Тата, а калі ты мяне забярэш?» Разгубіўся мой Яфім Іванавіч і слова не можа вымавіць, толькі махнуў рукой: «Ат, дзе адзін — там і два!»

У СЯМ’І Петрушэнкаў з вёскі Цяпіна Чашніцкага раёна было пяць дачок, усе любімыя і красуні, як на падбор. Але мужык ёсць мужык. Яўхіму хацелася яшчэ і сына. Каб не «выпрабоўваць» далей лёс, ён наважыўся ўзяць хлопчыка з дзіцячага дома.

Жонка Ала прыгадвае той момант: — Паехалі мы з ім у Оршу, у дзіцячы дом. Прывяла нас дырэктар у групу. Майму Віталік адразу спадабаўся. А мне — Арцём. Як зараз памятаю, падбег, кучаравенькі такі, і да мужа: «Тата, а калі ты мяне забярэш?» Разгубіўся мой Яфім Іванавіч і слова не можа вымавіць, толькі махнуў рукой: «Ат, дзе адзін — там і два!»

Таццяна з мужам Андрэем, Віталь, Фаіна, Ала і Яўхім з унукам Уладзіславам, Марына, Святлана з мужам Андрэем і Арцём.

Вось так і стала вясковая сям’я ў сваім звычайным вясковым доме выхоўваць семярых дзяцей. Вядома ж, дзяржава дапамагала, але і ў Петрушэнкаў свая падсобная гаспадарка мелася немалая: конь, тры каровы, свінні, качкі, куры.

Большую нагрузку браў на сябе Яўхім. Хоць ён і быў загадчыкам калгаснай фермы, але і дома паспяваў дроў нарыхтаваць, сена накасіць, соткі апрацаваць. Падсаблялі па магчымасці ў вольны ад урокаў час і дзеці. Хлопчыкі вады прынясуць, дроў, сена са стога скінуць. Дзяўчаты кароў дапамогуць падаіць, хату прыбяруць, посуд памыюць.

Калі заўважылі, што Арцём і Віталь «загарэліся» хакеем, Яўхім купіў шайбу, змайстраваў клюшкі. Зрабіў на рэчцы за домам каток. Сям’ю разбіў на дзве каманды: у адной — ён з сынамі, а ў другой — жонка з дачкамі. Усе аднавяскоўцы сыходзіліся паглядзець на гэта відовішча.

А ў Петрушэнкаў было заўсёды так — усё разам! Асабліва ўдаваліся ім дні нараджэння. Дачка Аня выпякала пірагі, Света — пячэнне. Ліманад куплялі ў краме, але ў асноўным ужывалі сок з уласных пладоў. Спіртнога — ні грама. Гэта — закон: ні гаспадар, ні яго жонка. Сям’я садзілася за святочны стол. Успаміналі прыемнае, смешнае. Ала зацягвала песню, а дзеці ёй дапамагалі.

Людзі праходзілі міма, здзіўляліся:

— Во Петрушэнкі даюць! Без гарэлкі весяляцца!

— А нам і без спіртнога добра, — парыравала Ала. Яна не ўмее злавацца, але тых жанчын, якія п’юць, не пераносіць.

Увогуле, на гэтым можна было б і закончыць невялічкі аповяд пра шматдзетную сям’ю, калі б не адна вельмі важная дэталь. Усе сямёра дзяцей Петрушэнкаў або ўжо вывучыліся, або яшчэ працягваюць вучобу.

Старэйшыя дочкі Аня, Святлана і Таня выйшлі замуж. Прычым Таццяна выбрала дарогу бацькоў, і, нягледзячы на маладосць, яна ўжо галоўны аграном у ААТ «Лаўжанскі» Шумілінскага раёна. Чацвёра астатніх таксама не адарваліся ад зямлі. Фаіна вучыцца на агранома ў сельгасакадэміі, Марына — на эканаміста ў Смальянскім сельскагаспадарчым каледжы, Арцём спасцігае прафесію інжынера-механіка ў Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы, а Віталь заканчвае Аршанскі каледж пераапрацоўчай прамысловасці.

Гаманлівы некалі дом Петрушэнкаў апусцеў. Памяняліся ролямі яго гаспадары. Ала цяпер з’яўляецца загадчыцай новай буйной малочна-таварнай фермы ў Цяпіна, а Яўхім там — вартаўнік.

А вось уласная прысядзібная гаспадарка Петрушэнкаў па-ранейшаму вялікая: і конь, і тры каровы, і іншай жыўнасці нямала.

— А як жа? Чатыры студэнты у нас! — гаворыць Ала.

Студэнты наведваюцца на выхадныя. А на вялікія святы збіраецца ў Цяпіна ўся сям’я: дзеці, зяці, унукі. І тады ў хаце Петрушэнкаў становіцца цеснавата...

Фота Міхаіла ДЗЕРАВЯГІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter