Захацелася адчуваць сябе шляхціцам

Паважаная рэдакцыя «Сельскай газеты», піша вам жыхар вёскі Альпень Столінскага раёна, ваш даўні чытач і падпісчык

Я вырас у сялянскай сям’і, атрымаў адукацыю і ўсё працоўнае жыццё прысвяціў дзяржаўнай службе ў фінансавым аддзеле Столінскага райвыканкама. У вясковых жыхароў збіраў падаткі. Наш раён вялікі, амаль 100 кіламетраў з аднаго канца ў другі, і мне даводзілася вельмі часта пешшу дабірацца ў самыя аддаленыя мясціны. Ужо шмат гадоў я на пенсіі і зараз па воле лёсу знаходжуся ў аддзяленні сястрынскага догляду Беражноўскай участковай бальніцы.

Перад Новым годам мне прачыталі артыкул у снежаньскім нумары вашай газеты «І будзе ў Альпені яшчэ адзін Дунін-Марцінкевіч» журналіста Уладзіміра Субата. Як крануў ён струны маёй душы. Захацелася жыць, адчуваць сябе чалавекам, шляхціцам, тым самым дваранінам. У савецкія часы слова «шляхціц» было ледзьве не адмоўным. А журналіст так нас прадставіў, што можна ганарыцца сваімі вытокамі. Жыхары нашага Альпеня — у асноўным нашчадкі той самай пінскай шляхты, пра якую вельмі трапна напісаў вадэвіль вядомы Дунін-Марцінкевіч. І журналіст Уладзімір Субат дыхтоўна папрацаваў над артыкулам. Умее ён раскрыць сялянскую душу. Мы яго добра памятаем і па таленавітых праграмах пра людзей вёскі на Беларускім тэлебачанні. Адным словам — майстар.

Наш Альпень — затухаючая вёска, і з гэтым трэба змірыцца, але затое колькі яна дала свету высокакваліфікаваных спецыялістаў, працаўнікоў. Іх можна сустрэць у розных куточках не толькі Беларусі, але і былой нашай вялікай дзяржавы. Нават у Маскве жывуць землякі і маюць высокія вучоныя званні. Гэты шчыры аповед прынёс усім нам, выхадцам з Альпеня, вялікую радасць, пра нашу вёску напісала галоўная аграрная газета Беларусі. Мае землякі тэлефануюць адзін аднаму і пытаюць, ці чыталі ў газеце пра Альпень.

Дзякую ўсім супрацоўнікам за такі цудоўны матэрыял і ўвогуле за вашу працу, якая так патрэбна нам, жыхарам вёскі, і жадаю здароўя і плёну. Няхай тыраж газеты пра жыццё беларускай вёскі з кожным годам павялічваецца.

З павагай,

Рыгор Уладзіміравіч ЛЯШКЕВІЧ

Столінскі раён

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter