Наш эксперимент: можно ли прожить неделю, пользуясь только онлайн-покупками

Заказ бяды не чыніць

Па даных абследавання хатніх гаспадарак, прадстаўленых Белстатам, за тыдзень мы трацім амаль дзевяць працэнтаў свайго ўласнага часу на куплю тавараў і атрыманне паслуг. Здавалася б, не так ужо шмат. Але на самай справе выходзіць крыху больш за 15 гадзін. Цікава, якая частка з гэтага часу ідзе на тое, каб прастаяць у чарзе ў касу ў краме? Упэўнена, не мелі б мы магчымасці аплачваць некаторыя свае расходы анлайн, тэрмiны былi б зусiм iншымi. Але ці можна ўжо сёння цалкам адмовіцца ад паходаў у магазін, банк, на пошту? Карэспандэнт «Р» праверыла, цi магчыма жыць, увогуле не купляючы па-за межамi глабальнай сеткі.

Не сваімі нагамі

У будучыні, хутчэй за ўсё, грошай наогул не будзе. Ужо зараз купляць можна нават праз тэлефон. Але поўны пераход да жыцця анлайн, відавочна, патрабуе намнога больш часу.
Загадзя папярэджу. Розныя лайфхакі цыфравізацыі я паважаю і люблю, таму ў маім кашальку наяўныя грошы — госці рэдкія. У мяне нават адсутнасць тэрмінала ў гандлёвых аб’ектах выклікае здзіўленне. Бо гэта значыць, трэба марнаваць час на пошук банкамата, стаяць у чарзе, несці грошы прадаўцу і атрымлiваць тавар. Не, выбачайце…

Пачатак эксперыменту прый­шоў­ся на першыя дні месяца. Праязны на БСК я папаўняю адразу ж. Таму ад пытання з транспартам магу спрытна ўвільнуць. Але цікавасць прынцыповей. Урэшце праязны ў мяне толькі на метро. Скарыстацца тралейбусам або трамваем усё роўна спатрэбіцца. Звяртаюся да пошукавай сістэмы: «Папоўніць праязны анлайн». На што па першай жа спасылцы — несуцяшальны адказ: папаўненне праязнога — у інфакіёсках самаабслугоўвання. Значыць, адмовіцца ад куплі талончыкаў або паездак усё ж такі не атрымаецца. 

Дарэчы, падчас пошуку выпадкова знайшла сайт піцерскага метрапалітэна. Сістэма прапануе ўвесці нумар праязнога, суму папаўнення і выбраць спосаб аплаты: банкаўскай картай, мабільным тэлефонам ці інтэрнэт-кашалькамі розных плацежных сістэм. Спа­дзяюся, такiя ж паслугi з’явяцца хутка і ў нас.

Зрэшты, акрамя грамадскага транспарту, можна скарыстацца асабістым. Уладальнікам правоў кіроўцы і машыны не з’яўляюся, ды і бензін анлайн не купіш. Затое пару разоў чула ад знаёмых, што яны аддаюць перавагу АЗС без касы, дзе вадзіцелі аплачваюць усё самастойна банкаўскай картай.

Калі б мела правы, можна было б скарыстацца каршэрынгам. Запаўняеш у праграме анкету, прымацоўваеш фота — сваё і дакументаў — і карыстаешся грамадскай машынай па тарыфе 32 капейкі за мінуту. І ўсё — праз інтэрнэт. Дарэчы, прыдатным варыянтам для мяне застаецца арэнда электрасамаката, якая зусім нядаўна з’явілася ў Мінску. За старт патрэбна заплаціць два рублі. За наступную хвіліну катання з хуткасцю 16 кіламетраў у гадзіну — 30 капеек. Бяда ў тым, што зона магчымага выкарыстання самакатаў абмежавана. 

Праграмы вырашаюць усё

На трэці дзень эксперыменту прыйшла зарплата. Настаў час вялікіх выдаткаў. Тыповыя плацяжы я заўсёды раблю праз дадатак. Частыя плацяжы можна дадаць у «Абраныя». Напрыклад, у мяне замацаваны мабільная сувязь і растэрміноўка за тэлефон. Аплаціць іх можна лiтаральна ў два націсканні. А калі патрэбен чэк, яго можна адправіць на сваю інтэрнэт-пошту. Камунальныя паслугі заўсёды аплачваю па QR-кодзе ў жыроўцы. Дарэчы, праз дадатак нядаўна адкрыла грашовы ўклад і кожны месяц яго папаўняю. На ўсе няхітрыя працэдуры выходзіць амаль пяць хвілін.

Наступным пунктам у спісе — папаў­ненне запасаў прадуктаў. Шчыра кажучы, аддаю перавагу паходам у краму. Асабліва ў гіпермаркеты, дзе можна знайсці калі не ўсё, то многае. Але чысціня эксперыменту — закон, таму адмоўлюся ад гэтай маленькай радасці. Гіпермаркеты сёння таксама працуюць у рэжыме анлайн. І зноў купляць можна праз дадатак адной з самых вялікіх гандлёвых сетак у краіне. У ім раздзелы — ад агародніны і садавіны да канцылярскіх тавараў. Віртуальны кошык з неабходнымі прадуктамі і рэчамі мне ўдалося сабраць за 20 мінут на суму 38 рублёў 60 капеек. Мінімальная для дастаўкі — 35 рублёў. Здзівіла, што ў некаторых катэгорыях выбіраць вагу ніжэй за кілаграм нельга. Затое расплаціцца можна банкаўскай картай анлайн. Спачатку, так ці інакш, неабходна аплаціць усе тавары. Калі выбраны і ўжо аплачаны тавар адсутнічае на складзе, адбываецца вяртанне сродкаў, чакаць якія патрэбна ад аднаго да 30 дзён. У мяне такой сітуацыі не ўзнікла.

Пасля заказу на сайце адкладаю тэлефон і, пакуль пакорліва чакаю дастаўку, вырашаю заняцца маляваннем, пра якое праз недахоп часу зусім забыла. Прыкладна праз гадзіну кур’ер даставіў прадукты і чэк. Па сутнасці, прыкладна столькі ж часу я марную на дарогу да крамы і назад, выбар прадуктаў і чаканне ў чарзе. А можа, і больш. Аднак, нягледзячы на плюсы, асабліва той, што я пазбавілася цяжкіх пакетаў, пасля эксперыменту ўсё ж вярнуся да паходаў у краму.

Давярай, але правярай

Яшчэ адно надзённае пытанне: ці змагу я купіць басаножкі на лета ў інтэрнэце? Многія афлайн-крамы даўно зрабілі на сайтах каталогі, пастаянна абнаўляюць іх, прапаноўваюць скідкі. Нагле­дзець сабе адзенне і абутак можна, а хочаш купіць — едзь у краму. Але ўсё-такі вырашаю праверыць адзін з дадаткаў. Выстаўляю фільтры, знаходжу прыгожанькія басаножкі і націскаю «Аформіць заказ». Далей прапануецца выбраць пункт самавывазу або дастаўку кур’ерам з пэўнымі датай і часам. Але разлік адразу зрабіць нельга. Увогуле, не вельмі і хочацца... Раптам грошы будуць выплачаны, а заказ не прыедзе? Гарантаваць кібербяспеку ніхто не можа. Трапіць у лапы ашуканцаў магчыма на раз-два, калі ў анлайн-пакупках практыкі няшмат.

Мабыць, адна з самых развітых сфер атрымання паслуг звязана з вандраваннямі. Купіць квіткі на аўтобус, цягнік, самалёт можна анлайн. У мінулым месяцы ўпершыню браніравала кватэру на суткі ў іншай краіне. Нягледзячы на аўтарызацыю, пагадненні, страх усё роўна быў, калі сістэма аўтаматычна спісала грошы з карты. Але пасля перапіскі з ула­дальнікам недавер прапаў, і праз тыдзень я засялілася ў кватэру.

Перайсці да анлайн-жыцця фі­зіч­на нерэальна. Калі наблізіліся выхадныя, стала зразумела: не змагу я, седзячы ў кафэ, заплаціць за заказ праз іх сайт. Ды і навошта? У будучыні, хутчэй за ўсё, грошай наогул не будзе. Ужо зараз купляць можна нават праз тэлефон. Але поўны пераход да жыцця анлайн, відавочна, патрабуе намнога больш часу.

КАМПЕТЭНТНА

Таццяна РУСКЕВІЧ, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацбанка:

— Сёння ёсць магчымасць здзяйсняць аплату за тавары і паслугі з выкарыстаннем QR-кодаў. Юрыдычныя асобы маюць магчымасць прымаць аплату з выкарыстаннем QR-кодаў у рамках сэрвісу E-POS. Да сэрвісу падключана 133 гандлёвыя кропкі, і ў рабоце знаходзяцца дзясяткі заявак на падключэнне.

Паспяхова рэалізаваны шэраг праектаў безнаяўнай аплаты праезду ў грамадскім транспарце. У пачатку гэтага года ў Брэсце з’явілася магчымасць выкарыстання QR-кодаў для аплаты праезду ў наземным транспарце. Спецыяльны мабільны дадатак дазваляе лёгка аплаціць праезд зыходзячы з часу сутак, абранага маршруту і іншага. Аналагічны сэрвіс запускаецца і ў Гродне. У працэсе тэсціравання праграмнага забеспячэння знаходзіцца праект укаранення аналагічнай сістэмы аплаты ў наземным транспарце Мінска.

Што тычыцца анлайн-аплаты тавараў і паслуг у інтэрнэт-крамах, то гэтая паслуга прадастаўляецца вялікай колькасцю такіх крам. А вось выбраўшы тавар ці паслугу на інтэрнэт-пляцоўцы краіны, аплаціць анлайн пакуль яшчэ немагчыма. У Савет Міністраў перададзены для далейшага накіравання ў Парламент праект Закона «Аб аплатных сістэмах і аплатных паслугах», які забяспечыць максімальную даступнасць аплатных паслуг і аплатных інструментаў. Яны гарантуюць няўхільнае выкананне правоў і законных інтарэсаў карыстальнікаў плацежных паслуг.

malyshchyts@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter