Загадкавая «Ева» у Мінску

У Мінску пройдзе выстава «Дзесяць вякоў мастацтва Беларусі»

Нацыянальным мастацкім музеі ідзе падрыхтоўка да выставы «Дзесяць вякоў мастацтва Беларусі». Экспазіцыя адкрыецца 27 сакавіка, будзе доўжыцца чатыры месяцы і пазнаёміць з выдатнымі ўзорамі айчыннага мастацтва ад часоў Візантыі да сучаснасці. Колькасць экспанатаў набліжаецца да пяці соцень. Ніколі раней такая маштабная калекцыя ў адным месцы не збіралася.

Выстава размесціцца ў чатырох тэматычных залах, у карціннай галерэі і нават у імправізаваным кафэ. Дэманстрацыйная прастора раскінецца на два паверхі галоўнага корпуса музея.

У падрыхтоўцы праекта былі задзейнічаны 15 даследчыкаў мастацтва і культуры з усіх рэгіёнаў Беларусі, высокапрафесійныя музейныя супрацоўнікі і культуролагі. Над афармленнем экспазіцыі працавалі лепшыя дызайнеры нашай краіны, Літвы і Расіі.

Удзел у выставе прымуць практычна ўсе музеі Беларусі, а таксама прыватныя калекцыянеры і карпаратыўныя зборы. Многія экспанаты будуць прадстаўлены шырокай пуб-ліцы ўпершыню. Але сярод іх ёсць тыя, якія варта адзначыць асабліва.

Жамчужынамі экспазіцыі можна назваць новыя набыткі «Белгазпрамбанка», ажыццёўленыя ў ходзе рэалізацыі праекта «Арт- Беларусь», мэта якога — вяртанне ў краіну гістарычных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за мяжой. На выставе ўпершыню пакажуць набытую на аўкцыёне «Сотбіс» карціну Хаіма Суціна «Ева», напісаную майстрам у 1928 годзе, у перыяд росквіту сваёй творчасці. Нагадаем, што ў Беларусі, на гістарычнай радзіме Суціна, аж да 2012 года не было ні адной карціны славутага мастака. Першай ластаўкай стала яго праца «Вялікія лугі ў Шартры», якую набыў «Белгазпрамбанк» і якую можна было ўбачыць у Мінску на нашумелай выставе «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі». І вось цяпер — «Ева», чароўная, загадкавая.

— Карціна вельмі прыгожая і бадай найбольш рэалістычная з усіх партрэтных твораў Суціна. Тут няма той узбударажанай палітры, таго экспрэсіянізму, які ўласцівы многім яго партрэтам. З’яўленне новай карціны Суціна ў Беларусі — гэта выдатна! Гэта падштурхне цікавасць да нас з боку найбуйнейшых музеяў не толькі былога СНД, але і Еўрасаюза і стане важкай падставай для магчымага выставачнага абмену, — адзначае намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава.

Яшчэ адзін набытак банка, які таксама прадставяць упершыню, — выкупленая ў прыватнага расійскага калекцыянера кніга Сімяона Полацкага «Жазло праўлення» 1667 года выдання Маскоўскага друкарскага двара, каштоўны помнік айчыннай культуры.

Асаблівай увагі заслугоўвае і карціна выдатнага мастака эпохі рамантызму Валенція Ваньковіча «Партрэт Томаша Зана». У Беларусі, дзе таленавіты майстар нарадзіўся і дзе стварыў большую частку сваіх карцін, да гэтага часу не было ні аднаго яго арыгінала. Творчая спадчына Ваньковіча была вывезена ў іншыя краіны або страчана ў гады дзвюх сусветных войнаў. Толькі невялікая частка яго твораў захавалася ў музеях і прыватных зборах Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Польшчы, Літвы, Расіі. Цяпер арыгінальную карціну Ваньковіча можна будзе ўбачыць і ў Беларусі. Акрамя таго, яна — адзіны вядомы сёння жывапісны партрэт Томаша Зана, паэта, літаратуразнаўцы, кандыдата філасофіі, доктара матэматыкі і таксама нашага суайчынніка, ураджэнца колішняга Ашмянскага павета Віленскай губерні.

Цікава будзе ўбачыць і дзве карціны Марка Шагала — «Гадзіннік на палаючым небе» і «Зялёны пейзаж», створаныя ў канцы 40-х гадоў, калі майстар ужо атрымаў сусветнае прызнанне.

Арганізатарам выставачнага праекта «Дзесяць вякоў мастацтва Беларусі» выступае «Белгазпрамбанк» сумесна з ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь», Міністэрствам культуры і Нацыянальным мастацкім музеем.

На здымку: Хаiм Суцiн «Ева».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter