Загадка чароўных варот.

Месцічы кажуць, што гэтыя складзеныя рукамі або нейкай іншай сілай валуны адорваюць добрых людзей здароўем, а з-за людзей ліхіх урастаюць у зямлю.
Месцічы кажуць, што гэтыя складзеныя рукамі або нейкай іншай сілай валуны адорваюць добрых людзей здароўем, а з-за людзей ліхіх урастаюць у зямлю.

Гродзенская вобласць, Дзятлаўскі раён

Непадалёку ад вёскі Горка, што на Дзятлаўшчыне, ёсць незвычайнае месца, куды людзі нават здалёк імкнуцца трапіць. Тут схаваны ў гушчы лесу парослыя мохам валуны, складзеныя ў арку, якія, згодна з паданнем, валодаюць цудадзейнай сілай: пазбаўляюць ад хвароб, душу лечаць. Мясцовыя жыхары называюць іх каменнымі варотамі, нягледзячы на тое, што пад іх скляпеннямі зараз можна хіба што прапаўзці.

Калісьці — верхам на кані, а сёння — паўзком

Як з’явіўся гэты цуд, чаму каменныя вароты ўраслі ў зямлю? За стагоддзі пра гэта ўзнікла нямала паданняў. Згодна з адным з іх, гэтыя магічныя вароты — нерукатворныя, дайшлі да нашага часу
яшчэ з дахрысціянскіх часоў. Другая легенда сцвярджае, што на гэтым месцы стаяў вялізны каменны храм і вароты былі своеасаблівым уваходам у яго. Пасля царква была зруйнавана, на месцы яе пабудавалі драўляную, ад якой сёння таксама ўжо і следу няма...
Як бы там ні было, старажылы сцвяр-джаюць, што калісьці гэтыя вароты былі настолькі высокія, што пад імі мог свабодна праехаць вершнік. На Юр’я, калі на гэтым месцы яшчэ стаяла драўляная царква, тут ладзілі святы з коннымі спаборніцтвамі. Коннікі, якія збіраліся з усёй ваколіцы, павінны былі хвацка праскочыць праз каменную арку.
З таго часу, напэўна, і захавалася павер’е: вароты адорваюць моцным здароўем таго , хто з верай праз іх пройдзе, твораць дабро толькі добрым людзям. А людзей ліхіх прыходзіла да іх больш, чым добрых, вось і сталі камяні пакрысе ўрастаць у зямлю, нібы прыгнечаныя чалавечай хцівасцю. Кажуць, што вароты пачалі апускацца ў зямлю, калі мясцовы пан правёў пад імі свайго сляпога сабаку: маўляў, лечаць людзей, хай і маю скаціну палечаць. Абразіў святое месца.
Што праўда ў тых паданнях, што выдумка, сёння не скажа ніхто. Адно відавочна: месца гэта, схаванае ў лясным гушчары, і сёння лічыцца святым. І не знойдзецца ў Горцы і ў наваколлі такога чалавека, які не ведае пра незвычайныя валуны, а многія і за дапамогай да іх прыходзілі. Слава аб каменным цудзе, аб яго гаючых уласцівасцях разнеслася далёка. Прыязджаюць сюды людзі з усёй Беларусі. І калі трапляе ў пошуках іх у вёску паломнік, месцічы звычайна накіроўваюць яго да бабулі Марыі. Так з павагай называюць мясцовыя жыхары Марыю Іосіфаўну Карніенка. Дзякуючы менавіта яе клопату аб гэтым святым месцы сцяжынка туды не зарасла травою. А калі гады Марыі Іосіфаўны ўзялі сваё, знайшліся ў Горцы людзі, якія ахінулі гэтую мясціну сваім клопатам. Не злічыць, колькі паломнікаў правяла да цудадзейных валуноў Марыя Іосіфаўна.
Бабуля расказвае, што, калі яна была яшчэ дзяўчынкай гадоў дзесяці, на ўвесь рост праходзіла праз каменныя вароты. А зараз, мяркуе, шмат грахоў чалавек нясе, таму зусім яны да долу апусціліся. І ўжо не ходзяць пад імі тыя, хто чакае дапамогі, а паўзуць на каленях, згінаючы спіну, молячы цудадзейную сілу аб літасці.
Пра тое, што месца гэта незвычайнае, сведчаць не толькі камяні, але і крынічка, якая струменіць непадалёку: яе ваду людзі лічаць таксама жыватворнай.
 Распавядае бабуля Марыя яшчэ праз адзін цуд. Раз у год, звычайна на Крыжапаклонным тыдні, у Вялікі пост, нават калі моцны мароз, як бывае напрадвесні, на каменных варотах з’яўляюцца кропелькі вады. Прычым след, які яны, сцякаючы, пакідаюць, заўсёды нагадвае крыж. Жанчына верыць у цуда-
дзейную сілу гэтай вады, таму заўсёды, калі здароўе яшчэ дазваляла, збірала яе з камянёў. І калі да каго з мясцовых жыхароў хвароба падступалася, ішлі да бабулі Марыі па гэту вадзіцу. Кажуць, як рукой нямогласць здымала.

Кожнаму па веры даецца

— Вера ў цудадзейную сілу гэтых валуноў перадаецца з пакалення ў пакаленне. Я таксама тутэйшая, таму пра магічныя гэтыя валуны ведала з дзяцінства. Дарэчы, сваімі вачыма бачыла, як з’яўляецца на іх вада. Ды і не толькі валуны, само месца тут асаблівае. Здаецца, нідзе больш не адчувала ў душы большага спакою, чым тут, — дзеліцца сваімі думкамі наконт загадкавай мясціны загадчыца мясцовага клуба Алена Жылінская. Расказвае, што ў свой час збірала з калегамі мясцовыя паданні. Большасць з іх менавіта з каменнымі варотамі звязана. Сэнс таго, што пачулі ад старэйшых жыхароў: ні ў якім выпадку нельга мясціну гэтую абразіць. Літаральна з вуснаў у вусны перадаюць людзі расказ пра такі выпадак з нядаўніх часоў. На святога Георгія непадалёку ад паклонных камянёў, як яшчэ тут называюць гэтае месца, лесарубы валілі лес. Бачаць, сабралася на схіле гары шмат народу, і кожны стараецца прапаўзці пад аркай з валуноў. Падышлі, пацікавіліся, навошта яны гэта робяць. А калі даведаліся, самім захацелася паспрабаваць. Аднак знайшоўся сярод іх скептык, які пальцам каля скроні пакруціў ды плюнуў у бок валуноў. Пакуль да дзялянкі ішоў, усё пляваўся ды лаяўся, спыніцца не мог. Напалоханы, прыбег назад, а слова чалавечага, акрамя лаянкі, вымавіць не можа. Здзіўленыя такой праявай людзі вызвалі “хуткую дапамогу”, небараку адвезлі ў бальніцу. Расказваюць, што праз некаторы час у Горку прыязджала жанчына з двума дзецьмі, каб перад святымі камянямі грэх мужа замаліць. Казала, што яго апанавала цяжкая хвароба...
— Пра цудадзейную сілу нашых камянёў чутка пайшла далёка. Розныя людзі ў Горку прыязжаюць, нават здалёк. Ці дапамагаюць яны самі па сабе? Напэўна ж, кожнаму даецца па веры, — прыходзіць да высновы Алена Леанідаўна.
...І нават у зімовыя маразы, па сцяжынцы замеценага лесу, якая вядзе да загадкавых варотаў, пралёг чалавечы след...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter