Што трэба зрабiць, как загаданыя пад Новы год жаданнi спраўдзiлiся?

Загадай жаданне

Свет на парозе свята. Усе зноў з нецярпеннем чакаюць навагоднюю ноч, усе гатовыя паверыць у яе чараўніцтва і ў выкананне загаданых жаданняў. Хоць усе даўным-даўно ведаюць: надзеі цепляцца кожны год, але, на жаль, спраўджваюцца не заўсёды і не ва ўсіх. Я з ліку апошніх. Прытым што толькі не спрабавала. Дванаццаць вінаградзін пад бой курантаў з'ядала. Шампанскае са спаленай запіскай роўна ў 24.00 выпівала. Паперкі з запаветнымі жаданнямі на ноч пад падушку хавала і раніцай выцягвала. Толку — ніякага, хіба па дробязях. А каб, напрыклад, адпачынак на Мальдзівах — ну ніяк.

Фото mail.ru

Сяброўка кожны раз кажа: усё таму, што загадванне жаданняў — занятак няпросты, гэта сапраўдная навука, і рабіць усё трэба па правілах. Сама яна, вядома, іх выконвае, праўда, вынік таксама пакуль не надта. Але... аптымізму не губляе. Запэўнівае, пад Новы год шанцы, як ніколі, вялікія, бо справа тут яшчэ і ў асаблівай энергетыцы. Мільёны людзей у гэты час знаходзяцца ў прыўзнятым настроі, адначасова загадваюць добрыя жаданні. Ствараецца ўнікальная атмасфера, адкрываецца своеасаблівы чароўны тунэль, і калі твая мара ў яго трапіць, абавязкова збудзецца. Галоўнае — каб трапіла. Стараецца.

У адрозненне ад яе, аптымісткі, я — закаранелы песіміст, мая шклянка, як той казаў, хутчэй напалову пустая, чым напалову поўная. І ў сувязі з усімі гэтымі размовамі пра асваенне тэхнікі выканання жаданняў мне хіба што з іроніяй успамінаецца абаяльны іншапланецянін Альф з аднайменнага культавага мультсерыяла. Дакладней, фраза гэтага эксцэнтрычнага персанажа, якая стала крылатай: «Вы не любіце кошак? Дык вы проста не ўмееце іх гатаваць!»

Між тым псіхолагі сапраўды сцвярджаюць, што жаданні і думкі ў сваёй галаве трэба правільна «гатаваць», яны, маўляў, сур'ёзна ўплываюць на наша жыццё і лёс. Мабыць, з імі заадно і народная мудрасць. «Добра думай, добра будзе», — любіла прыгаворваць мая вясковая бабуля. 

Можа, і праўда нешта ў гэтым ёсць? Бо і насамрэч, варта толькі сказаць сабе: «У мяне нічога не атрымаецца!» або «Я ніколі з гэтым не спраўлюся», як справы пачынаюць каціцца пад адхон. Толькі рукамі разводзіш: «Казала ж, што нічога не выйдзе!» Але перш трэба было думаць, што і як сабе гаварыць.

Аказваецца, адна з самых галоўных памылак — звычка абагульняць. Яна — у выкарыстанні слоў «усе», «заўсёды», «ніхто», «ніколі». Так што як толькі вам у галаву прыходзіць чарговае абагульненне, неабходна для самога сябе ўдакладніць: а ці сапраўды «ніхто мяне не любіць», або ўсё ж ёсць хаця б некалькі чалавек, якія да вас неабыякавыя.

Ці ўзяць папулярнае слова «праблема». Раз за разам паўтараем: праблемы то дома, то са здароўем, то з дзецьмі. А калі разабрацца, не ўсе тыя праблемы істотныя, хутчэй — пэўныя сітуацыі на працы ці ў сям'і, якія патрабуюць большай увагі ці клопатаў для шчаслівага вырашэння. А мы праблемы наклікаем.

Вось і пад Новы год жаданні трэба фармуляваць з розумам. Парад наконт гэтага можна знайсці многа. Пацікавілася. Ёсць над чым задумацца.

Напрыклад, жаданне заўсёды павінна быць у цяперашнім часе. «Хачу зарабляць 20 тысяч рублёў у месяц», «Хачу мець сваю кватэру» — такія варыянты не працуюць. Хочаце? Калі ласка, хацець, як кажуць, няшкодна. Заяўляць жа пра сваё жаданне трэба ў цяперашнім часе, сцвярджаючы яго, як быццам яно ўжо спраўдзілася: «Я зарабляю 20 тысяч рублёў у месяц», «У мяне цудоўная прасторная кватэра». Тады і будзе вам шчасце.

Ці яшчэ — забыць варта пра часціцу «не», выка­рыстоўваць яе і іншыя адмаўленні забараняецца. Правільна думаць не «Я больш не буду хварэць», а «Я — здаровая», не «Няхай мяне не звольняць з працы», а «Я паспяховая ў службовых справах». І гэта толькі два правілы, якія важна засвоіць у чаканні цудаў. Мне для пачатку дастаткова. Абавязкова паспрабую. 

Рыхтуюся загадзя. Узрошчваю аптымізм. Фармулюю дакладна: «Я еду ў адпачынак на Мальдзівы». Адчуваеце розніцу? 

Няхай жаданні спраўджваюцца.

svirko@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter