Заданне на заўтра

Інвестыцыі для развіцця беларускага машынабудавання будуць прадастаўляцца толькі пад канкрэтныя рынкі збыту

Інвестыцыі для развіцця беларускага машынабудавання будуць прадастаўляцца толькі пад канкрэтныя рынкі збыту


Прадукцыя Мінскага аўтамабільнага завода

Падчас наведвання ААТ “Мінскі аўтамабільны завод” Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў менавіта так. І для таго ёсць падставы. Сусветнае машынабудаванне ў цэлым сёння перажывае не лепшыя часы. Попыт на тэхніку ўпаў вельмі значна паўсюдна і ва ўсіх сегментах. У выніку МАЗ затаварыўся гатовай прадукцыяй, рэзка вырасла дэбіторская запазычанасць за адгружаную прадукцыю, адчуўся востры дэфіцыт абаротных сродкаў. Дзяржава падставіла плячо. Пры дапамозе лізінгавых схем, субсідзіравання спажыўцоў і некаторых іншых інструментаў склады ўдалося разгрузіць. Эканоміка некалькі падправілася. Кіраўніцтва прадпрыемства ўзмоцнена шукае новыя рынкі. Наколькі паспяхова? Якім бачыцца заўтрашні дзень? Прычым не толькі Мінскага аўтамабільнага, але і ўсяго беларускага машынабудавання ў цэлым. Падчас наведвання Прэзідэнтам завода была пачата вялікая размова, вынікам якой у шырокім сэнсе павінны стаць адказы на гэтыя пытанні.

На выставе перад заводакіраўніцтвам былі выстаўлены ўзоры навінак беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, у цэху на тэрыторыі — вытворцаў аўтакампанентаў. Першапачаткова меркавалася, што пасля знаёмства з экспазіцыяй будзе праведзена нарада аб перспектывах галіны. Гэтую частку Прэзідэнт адмяніў. Вельмі шырокая і сур’ёзная тэма, каб абмяркоўваць яе на хаду. Адно толькі знаёмства з прадукцыяй і даклады дырэктараў ля стэндаў занялі амаль пяць гадзін. Атрыманую інфармацыю неабходна падагульніць, уважліва прааналізаваць. Больш за тое, запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка, на выніковай гутарцы павінны прысутнічаць не толькі дырэктары і члены Урада. Гэта не дасць поўнай карціны. Неабходна запрасіць тых, хто прадае нашу тэхніку ў розных краінах, хто на ёй працуе. Няхай яны адкрыта выкажуць свае прэтэнзіі, пажаданні. Толькі так можна атрымаць рэальнае ўяўленне пра запыты рынку з тым, каб выбудоўваць перспектыўную стратэгію развіцця галіны. Гэта справа недалёкай будучыні. Тым не менш некаторыя высновы зроблены ўжо сёння.

Прэзідэнт цікавіўся ў кіраўнікоў БелАЗа, МТЗ, “Амкадора”, як яны адчуваюць сябе ў параўнанні з Мінскім аўтамабільным. Аказалася, што ў мінчан самае складанае становішча.

— Гэта тая планка, ніжэй за якую ўжо падаць нельга, — адкрыта гаварыў Прэзідэнт пазней, падчас сустрэчы з працоўным калектывам.

Пасуравелыя рабочыя хмурыліся, але згодна ківалі. Як і на выснову Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што лёс завода ў іх руках. Рынкі заваёўваюць якасцю. І кожная нядбайна заціснутая гайка на канвееры — мінус аўтарытэту беларускага брэнда і, як вынік, страта патэнцыйнага пакупніка, упушчаная выгада, а разам з усім гэтым — дзірка ў фондзе заработнай платы. Такая вось прамая сувязь паміж гайкай і заробкам. Людзі гэта разумеюць. У будучыню свайго прадпрыемства ў большасці сваёй усё ж вераць. Як бы цяжка сёння ні было. Гэта паказала апытанне, праведзенае напярэдадні візіту Прэзідэнта. Але і ад кіраўніцтва калектыў чакае больш рашучых дзеянняў.

План развіцця ў завода, гэта значыць ва ўсяго холдынга “БелаўтаМАЗ”, ёсць. Не стану пакуль удавацца ў тэхнічныя нюансы і пералічваць задумы. Яны апраўданыя. Сур’ёзнага абнаўлення сапраўды патрабуюць многія ўчасткі і напрамкі. А вось цана пытання вялікая. Каля паўмільярда долараў. Лічба вельмі немалая. Хоць нельга сказаць, што Прэзідэнта яна вельмі насцярожыла. Ён задаў толькі адно пытанне: ці ёсць пад мадэрнізацыю рынкі? А калі вычарпальнага адказу на яго не прагучала, удакладніў:

— Вы атрымаеце грошы, магчыма, і кітайскія крэдыты толькі тады, калі пакажаце, што ў вас ёсць рынкі, куды прадасце гэтую прадукцыю. У адваротным выпадку не дадзім ні капейкі... Я не магу ўкласці сюды ў чарговы раз сотні мільёнаў долараў, за якія вы створыце нейкі прадукт і паставіце на склад, а яшчэ горш — проста праясце.

У гэтым уся сутнасць любой мадэрнізацыі. Можна купіць і зманціраваць самае перадавое абсталяванне, навучыць персанал, вырабіць прыгожы, магчыма, якасны і цалкам добры прадукт. Але без загадзя спланаванай і пацверджанай патэнцыйнымі спажыўцамі стратэгіі продажаў інвестыцыі проста не вернуцца і не акупяцца. Тады навошта маштабныя задумы?

Напэўна, гэта ключавы тэзіс, які павінны прыняць да ўвагі ўсе, хто прыме ўдзел у выніковай размове пра лёс беларускага машынабудавання. Што датычыцца тактычных нюансаў, то падчас наведвання МАЗа Аляксандр Лукашэнка зрабіў некалькі заўваг, як гаворыцца, не ў брыво, а ў вока. Аўтамабілебудаўнікі наракаюць на жорсткасць канкурэнтаў на расійскім рынку. А што ім перашкаджае прапанаваць такія ўмовы, якія прымусяць пасунуцца? Напрыклад, даць пяцігадовую гарантыю на тэхніку, як гэта робяць некаторыя сусветныя вытворцы легкавых машын? Калі, вядома, упэўнены ў якасці сваёй прадукцыі. Дарэчы, на гэтую тэму добра кладзецца прыклад БелАЗа. Гэты завод ужо заяўляе пра рэсурс некаторых сваіх аўтамабіляў без капрамонту да мільёна кіламетраў. І гэта спрацоўвае.

У экспазіцыі “БелДжы” Прэзідэнт зацікавіўся ўзорам аўтамабіля “Джылі” прадстаўніцкага класа. Салідная машына. Было дадзена даручэнне: чыноўнікі ад старшыняў райвыканкамаў да міністраў павінны перасесці на машыны беларускай вытворчасці.

Яшчэ адзін цікавы праект: пераабсталяванне сельгастэхнікі для работы на звадкаваным газе. Эканомія на паліве атрымліваецца вельмі істотнай. Карты ў рукі. Да наступнага аграрнага сезона такой тэхнікай павінны быць укамплектаваныя па меншай меры тры гаспадаркі. На іх прыкладзе будуць ацэнены выгады і будзе прымацца рашэнне аб распаўсюджванні досведу.

Настойлівая рэкамендацыя Прэзідэнта: не распыляць сродкі. Наглядны прыклад: МАЗу неабходна новая ліцейная вытворчасць. Маюць патрэбу ў ёй і МТЗ, і маторны завод, і яшчэ шэраг прадпрыемстваў. Ці трэба кожнаму будаваць новую ліцейку, калі пад агульныя патрэбы лягчэй узвесці адзіны ліцейны цэнтр? Гэты праект ужо прапрацоўваецца. Аналагічным чынам трэба паглядзець і на іншыя напрамкі.

І, напэўна, галоўнае, пра што сказаў Прэзідэнт завадчанам: МАЗу быць! Падобныя прадпрыемствы, нашы нацыянальныя брэнды, — гонар краіны. Гэта наша гісторыя, якая павінна стаць і будучыняй. Зразумела, у новай якасці, з сучаснай эканомікай. Пакуль перад кіраўніцтвам холдынга стаіць задача-мінімум: захаваць калектыў і забяспечыць яго заработнай платай. А пра задачы-максімум як для завода, так і для машынабудавання ў цэлым прадметная гутарка яшчэ наперадзе.

Уладзімір Хромаў


Падчас наведвання Мінскага аўтазавода Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву і адказаў на пытанні рабочых. У прыватнасці, Прэзідэнт разважаў:


Пра неабходнасць захавання міру і згоды:


— Некаторыя здзекуюцца з жыццёвай мудрасці “толькі б не было вайны”. Але калі ідзе вайна, што чалавеку трэба? Толькі мір! Гэта галоўнае. І я хачу вас запэўніць, што пытанні бяспекі, вайны і міру вас турбаваць не павінны. Мы ні з кім не збіраемся ваяваць, мы ўмудроныя вопытам людзі. Але ў апошні час мы мадэрнізавалі свае Узброеныя Сілы такім чынам, што любы, хто паспрабуе сюды ступіць, неадкладна атрымае непрымальную шкоду. Менавіта з гэтай мэтай мы мадэрнізавалі сваю армію — я думаў пра абарону сваёй краіны. З той жа мэтай мы ўзмацнілі ахову граніцы з Украінай. Не ад мірных людзей мы адгарадзіліся, не — ім дарога да нас заўсёды адкрыта, бежанцаў мы прымаем і дапамагаем ім. Але бандыты адтуль да нас не пройдуць. Вы за “вайну” не хвалюйцеся. У нас галоўная праблема — эканоміка. Калі мы перажывём гэтыя цяжкія часы — а яны рана ці позна скончацца, — нам тады ніхто не страшны. Мы гэта пераадолеем, мы — моцныя людзі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Автор фото: БелТА
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?


Новости
Все новости