Задача-максімум

Мінімальны бал для паступлення ў ВНУ застанецца нязменным

Мінімальны бал, які неабходна набраць пры праходжанні ЦТ, каб атрымаць права паступаць у ВНУ, застанецца нязменным

Уступная кампанія гэтага года пройдзе па абноўленых правілах. Каменціруючы змены, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч адзначыў, што ў іх аснову ляглі скрупулёзная праца Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, прапановы ВНУ, грамадскасці, педагогаў. «Разам з тым у сваёй аснове змены не носяць прынцыповага характару, — падкрэсліў ён, — не закранаюць базавых прынцыпаў існуючых раней правілаў прыёму, якія за шмат гадоў пацвердзілі сваю эфектыўнасць».

Гаворачы пра змены, Сяргей Маскевіч асабліва спыніўся на пытанні мэтавай падрыхтоўкі, якая ў новай рэдакцыі атрымала прынцыпова новую трактоўку. «Сёння гэта адмысловая форма навучання, арыентаваная перш за ўсё на вырашэнне кадравых пытанняў у эканоміцы дзяржавы, — адзначыў ён. — Калі раней на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі навучаліся абітурыенты з вёскі, сёння сюды могуць прыйсці хлопцы і дзяўчаты незалежна ад месца пражывання. Галоўнае, каб былі выкананы ўсе ўмовы трохбаковага пагаднення: паміж ВНУ, наймальнікам і абітурыентам».

У лік тых, хто можа стаць студэнтам без экзаменаў, патрапілі абітурыенты, якія паступаюць на навукова-педагагічныя спецыяльнасці. Гэта павінна прыцягнуць у педагогіку лепшыя кадры. І жадаючых, паводле слоў першага намесніка міністра адукацыі Аляксандра Жука, дастаткова. «Ёсць навучальныя ўстановы, у якіх каля 15 працэнтаў настаўнікаў — выпускнікі гэтых жа школ. Мы павінны вывучаць і распаўсюджваць гэты вопыт», — распавёў ён.

Важным момантам Аляксандр Жук лічыць адмену паасобнага конкурсу горад /сяло . «Пытанне сур’ёзна аналізавалася. Калі яшчэ ў 2006 годзе толькі 28 працэнтаў вяскоўцаў дэманстравалі роўны або больш высокі бал у параўнанні з гараджанамі, то ў апошнія гады гэты паказчык вырас да 50 працэнтаў. Толькі ў БДУ ў мінулым годзе па 50 працэнтах спецыяльнасцей быў абвешчаны агульны конкурс», — кажа ён.

Ніякіх навін у гэтым годзе з мінімальным балам, які неабходна набраць пры праходжанні цэнтралізаванага тэсціравання, каб атрымаць права паступаць у ВНУ, не будзе. «Мы вырашылі спыніцца на варыянце захавання мінулагодняй нормы, — падкрэсліў Аляксандр Жук. — Імпульс, які з павышэннем гэтай планкі ў мінулым годзе атрымалі абітурыенты, лічым станоўчым. Мы хацелі падкрэсліць, што паступленне ў ВНУ патрабуе падрыхтоўкі. І па інфармацыі на месцах ведаем, што абітурыент адгукнуўся на гэты заклік і рыхтуецца актыўна». Акрамя таго, паводле яго слоў, быў праведзены аналіз вынікаў мінулага года. Аказалася, больш за 30 працэнтаў з тых, хто не набраў на экзамене па матэматыцы 15 балаў, — выпускнікі школ мінулых гадоў, прафтэхвучылішчаў, якія паступалі на эканамічныя спецыяльнасці. Аляксандр Жук нагадаў: сёння наша краіна не адчувае вялікай патрэбнасці ў спецыялістах дадзенага профілю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter