Восьмы год Таццяна Пашкевіч працуе паштальёнам першага аддзялення вузла паштовай сувязі Століна

Зачаравала Палессе

Восьмы год Таццяна Пашкевіч працуе паштальёнам першага аддзялення вузла паштовай сувязі Століна. Яна актыўна вядзе падпіску на перыядычныя выданні. Ведае, каму якія газеты і часопісы параіць, дастаўляе пенсіі, іншыя грашовыя выплаты, а таксама харчовыя і прамысловыя тавары першай неабходнасці.


Сярод найбольш актыўных падпісчыкаў на ўчастку Таццяны Уладзіміраўны — 80-гадовая Ніна Тарасевіч. У час вайны яе разам з бацькамі вывезлі ў рабства. Пасля вызвалення савецкімі воінамі сям'я вярнулася дамоў. Да выхаду на пенсію Ніна Каленікаўна выкладала родную мову і літаратуру ў Столінскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы. Яна ўзначальвае раённую грамадскую арганізацыю непаўналетніх вязняў Вялікай Айчыннай вайны. Пенсіянерка цікавіцца грамадска-палітычным жыццём. Выпісвае шмат выданняў. Пастаянныя падпісчыкі на газеты і часопісы Уладзімір Гліняніца, Марыя Мышапуд, Валянціна Стахавец. Ёсць на ўчастку і сябры нашага выдання. Шмат гадоў выпісваюць «Сельскую газету» Галіна Лысая і Вера Андрушчанка. Таццяна Уладзіміраўна спадзяецца, што колькасць чытачоў «сяльчанкі» ў наступным годзе павялічыцца.

Займаецца Таццяна Пашкевіч і зборам сродкаў для падпіскі на перыядычныя выданні для сацыяльных устаноў. А вольны час разам з мужам Сяргеем Пятровічам праводзяць з 13-гадовай унучкай Дар'яй. Бабуля расказвае дзяўчынцы пра далёкія запарожскія стэпы, дзе яна нарадзілася і вырасла. Пасля заканчэння сярэдняй школы чатыры гады працавала ля станка на кіеўскім камбінаце «Хімвалакно». Прыехала ў госці да сваякоў на Палессе. Зачаравала яе зямля продкаў. Выйшла замуж і засталася тут назаўсёды. Кожную раніцу на веласіпедзе імчыць Таццяна Уладзіміраўна па столінскіх вуліцах. Жыхары райцэнтра чакаюць свайго паштальёна.


Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter