Карэспандэнт "Р" адправiлася ў рэйд з супрацoўнiкамi лясгаса, каб злавiць тых, хто незаконна рубiць елкi

Заблудзіліся ў трох хвоях

Ну які Новы год без елкі? У пошуках на­ва­годняга дрэва адны ад­праў­ляюцца на ёлачныя кірмашы, а нехта ідзе з сякерай у лес. Якраз на такі выпадак на перыяд навагодніх і калядных свят Міністэрства лясной гаспадаркі ўвяло ўзмоцнены рэжым аховы лясоў. У мерапрыемствах па прадухіленні незаконнай высечкі задзейнічалі практычна ўсіх работнікаў дзяржлясаховы. Гэта каля 13 тысяч чалавек. Акрамя гэтага, на дарогах выставілі каля 300 пастоў, якія правяраюць дазвол для правозу навагодніх дрэў. Карэспандэнт «Р» разам з супрацоўнікамі Мінскага лясгаса адправілася ў рэйд па прадухіленні незаконнай высечкі елак.

Фота аўтара

— У нас зараз самая гарачая пара. За дзень наязджаем 200—300 кіламетраў як мінімум, — за рулём інжынер па абароне і ахове лесу Мінскага лясгаса Дзмітрый Бурак.

— Нарыхтоўка елак без даку­ментаў забаронена і пагражае штрафам ад 5 да 50 базавых велічынь. Бывае, адным дрэвам справа не абмяжоўваецца, сякуць адразу па некалькі: сабе, бацькам і суседзям, — падключаецца да размовы інжынер па абароне і ахове лесу Мінскага лясгаса Уладзімір Удалаў.

Едзем у Дзяржынскі раён. З-за высокай рэкрэацыйнай нагрузкі — побач шмат вёсак і дачных пасёлкаў — мясцовыя лясы знаходзяцца ў зоне рызыкі. На павароце ў напрамку да Навасельскага лясніцтва заўважаем пост № 1. Два леснікi ў таўшчэзных непрадзiмаемых бушлатах і ўцепленым абутку стаяць тут не першую гадзіну.

— Пакуль нікога, — маючы на ўвазе, што пакуль парушальнікаў не было, дакладвае абстаноўку ляснік Навасельскага лясніцтва Анатоль Мікульскі. — Часцей за ўсё парушальнікі едуць на мікрааўтобусах ці на мінівэнах. Першую машыну спыніў яшчэ 15 лістапада. Сямейная пара везла хвою. З сабой у іх быў квіток з лясніцтва. Пытанняў не ўзнікла.

Пост Анатоля Пятровіча стаіць тут невыпадкова: мінчане і мясцовыя жыхары любяць прыязджаць сюды на пікнік. Назад у горад нярэдка вяртаюцца не з пустымі рукамі…

Заязджаем на тэрыторыю Валмянскага лясніцтва. Раз-пораз заўважаю на з'ездах у лес папераджальныя таблічкі аб тым, што ў лесе вядзецца фота- і відэафіксацыя. Аказалася, камеры дапамагаюць адсочваць сітуацыю. Іх ужо перанеслі бліжэй да населеных пунктаў, бо парушальнікі глыбока ў лес не ідуць. Камера тым часам дасылае леснікам здымак у рэжыме анлайн, і на бліжэйшым пункце парушальніка штрафуюць. 

У цэлым ляс­нічыя адзначаюць, што парушальнікаў сярод мінчан стала менш. Па-першае, многія абзавяліся штучнымі дрэвамі. Па-другое, штрафы вялікія. Ды і навошта кудысьці ехаць, калі ёлачныя кірмашы ў горадзе на кожным кроку. Вяскоўцы і дачнікі — справа іншая. Яны кіруюцца логікай, маўляў, навошта ехаць у лясніцтва, калі елкі ля самага акна растуць.

Мабыць, такой па­зіцыі пры­трым­ліваец­ца і першы пару­шальнік. Знаходзім яго выпадкова. Подазрэнне выклікала Audi, якая стаіць на абочыне непадалёк ад вёскі Вертнікі. Цёплы капот кажа пра тое, што машына не зламалася і не чакае эвакуатар, хтосьці на ёй толькі што прыехаў. Чакаем хвілін трыццаць — ніхто не з'яўляецца. Нарэшце зоркае вока леснікоў заўважае ў гушчары чалавека. «Выходзь, выходзь!» — крычаць яму леснікі. Той разумее, што дзявацца няма куды, і, апусціўшы вочы, ідзе да нас.

— Хоць на мінскіх вуліцах снег і растаў, у лесе яго па-ранейшаму поўна. Па ім узяць след парушальніка лягчэй. Тут бяжы не бяжы, а ланцужок слядоў цягнецца за табой паўсюль. У спробе пазбегнуць буйнога штрафу некаторыя парушальнікі кідаюць і елку, і сякеру... — Уладзімір Удалаў ідзе па слядах парушальніка, каб праверыць, ці паспеў ён ссекчы дрэва.

Ні сякеры, ні пянька не зна­ходзім, вяртаемся да машыны.

— Прыглядаўся толькі, — прызнаецца Аляксандр.

Ссекчы елку не паспеў, а значыць, штраф яму не выпішам. Але панерваваўся ён добра, таму жаданне незаконна прыдбаць елку ў яго прапала надоўга. Значна прасцей купіць елку ў лясніцтве. Там яны яшчэ танней, чым у горадзе.

— Самыя хадавыя дрэвы — вышынёй ад 1 да 2 метраў — каштуюць прыкладна 14 рублёў, — выпісваючы чарговую квітанцыю, кажа бухгалтар Станькаўскага лясніцтва Марына Белашапкіна. — Пакупнікі прыязджаюць, цікавяцца. Учора, напрыклад, прадалі дваццаць елак.

Праз чатыры гадзіны патрулявання лясоў я пачала паглядаць на гадзіннік. Зразумеўшы, што я змерзла, леснікі адвозяць мяне ў горад. Самі вяртаюцца ў лес: на гадзінніку 17.00, а значыць, многія хутка паедуць з працы дадому. Не выключана, што хтосьці вырашыць павярнуць у лес, каб прыхапіць зялёную прыга­жуню...

gorbatenko_inna@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter