Заўзятага фермера можна параўнаць з мацёрым карцёжнікам

ПРАЗ лугі і пушчы, палі і разлогі далін, крутабокія ўзвышшы зямлі беларускай цячэ-пераліваецца срэбнымі хвалямі звілісты Нёман, паабапал якога пацеркамі рассыпаны вёскі, вёсачкі, хутары. Колькі ўспамінаў захоўвае памяць пра сустрэчы з руплівымі, шчырымі гаспадарамі Прынямоння. Але вось чамусьці з вядомым на Міншчыне фермерам Уладзімірам РАДЗЕВІЧАМ не даводзілася сустракацца, хаця прозвішча даўно на слыху. Некалі вядомым на ўсю Беларусь стаўбцоўскім калгасам «Нёман» кіраваў яго бацька — Уладзімір Піліпавіч Радзевіч. Не толькі вытворчымі поспехамі славілася гаспадарка, але і слынным сялянскім хорам, высокім узроўнем сацкультбыту. Жонка старшыні калгаса Зінаіда Паўлаўна на ўсё жыццё запомніла падзяку Пятра Міронавіча Машэрава за духмяны хлеб, які яна з маці пякла, каб пачаставаць высокага госця. Прыкладам для многіх быў эканамічна моцны «Нёман». Па-свойму адчувала старшынёўская сям’я цану гэтых поспехаў: амаль не бачылі дома гаспадара. За вялікае шчасце сынам Генадзю і Валодзю было залятаць у бацькаў газік і аб’язджаць калгасныя ўгоддзі. Уражанні ад такіх вандровак перапаўнялі сэрцы хлапчукоў. Асабліва любіў «суправаджаць» бацьку Валодзя. Часам нават атрымліваў дазвол «руль пакруціць». Нейкім патаемным магнітам цягнула яго да тэхнікі. Заўважаў гэта бацька. А вось дзед па мацярынскай лініі прадракаў любімаму ўнуку медыцыну ці педагогіку. Такім хацела бачыць яго будучае і маці. Пасля заканчэння сярэдняй школы сям’я дала Валодзю права самастойнага выбару будучай прафесіі. Ваганняў не было. Паспяхова паступіў у сталічны інстытут на інжынерны факультэт. А пасля заканчэння атрымаў накіраванне ў Дзяржынскі раён галоўным інжынерам калгаса «Расія». А потым атрымаў прапанову ўзначаліць суседнюю гаспадарку. Тры гады кіраваў калгасам «Маяк». Мо і далей мацаваў бы малады Радзевіч старшынёўскі корпус Міншчыны. Ды час унёс свае карэктывы. Зацікавіла Уладзіміра Уладзіміравіча фермерства. А за душой — ні сродкаў, ні зямлі.

Уладзімір Радзевіч – пра працу на зямлі, адносіны паміж вяскоўцамі, сакрэты бульбаводства, канкурэнцыю сярод сельгасвытворцаў

ПРАЗ лугі і пушчы, палі і разлогі далін, крутабокія ўзвышшы зямлі беларускай цячэ-пераліваецца срэбнымі хвалямі звілісты Нёман, паабапал якога пацеркамі рассыпаны вёскі, вёсачкі, хутары. Колькі ўспамінаў захоўвае памяць пра сустрэчы з руплівымі, шчырымі гаспадарамі Прынямоння. Але вось чамусьці з вядомым на Міншчыне фермерам Уладзімірам РАДЗЕВІЧАМ не даводзілася сустракацца, хаця прозвішча даўно на слыху. Некалі вядомым на ўсю Беларусь стаўбцоўскім калгасам «Нёман» кіраваў яго бацька — Уладзімір Піліпавіч Радзевіч. Не толькі вытворчымі поспехамі славілася гаспадарка, але і слынным сялянскім хорам, высокім узроўнем сацкультбыту. Жонка старшыні калгаса Зінаіда Паўлаўна на ўсё жыццё запомніла падзяку Пятра Міронавіча Машэрава за духмяны хлеб, які яна з маці пякла, каб пачаставаць высокага госця. Прыкладам для многіх быў эканамічна моцны «Нёман». Па-свойму адчувала старшынёўская сям’я цану гэтых поспехаў: амаль не бачылі дома гаспадара. За вялікае шчасце сынам Генадзю і Валодзю было залятаць у бацькаў газік і аб’язджаць калгасныя ўгоддзі. Уражанні ад такіх вандровак перапаўнялі сэрцы хлапчукоў. Асабліва любіў «суправаджаць» бацьку Валодзя. Часам нават атрымліваў дазвол «руль пакруціць». Нейкім патаемным магнітам цягнула яго да тэхнікі. Заўважаў гэта бацька. А вось дзед па мацярынскай лініі прадракаў любімаму ўнуку медыцыну ці педагогіку. Такім хацела бачыць яго будучае і маці. Пасля заканчэння сярэдняй школы сям’я дала Валодзю права самастойнага выбару будучай прафесіі. Ваганняў не было. Паспяхова паступіў у сталічны інстытут на інжынерны факультэт. А пасля заканчэння атрымаў накіраванне ў Дзяржынскі раён галоўным інжынерам калгаса «Расія». А потым атрымаў прапанову ўзначаліць суседнюю гаспадарку. Тры гады кіраваў калгасам «Маяк». Мо і далей мацаваў бы малады Радзевіч старшынёўскі корпус Міншчыны. Ды час унёс свае карэктывы. Зацікавіла Уладзіміра Уладзіміравіча фермерства. А за душой — ні сродкаў, ні зямлі.

 — Валодзя ўпарты. Калі што задумаў — не адступіць, — пачуў я ад маці Уладзіміра Радзевіча на падворку ў стаўбцоўскай вёсцы Ячонка. — Я была на пачатку, ды і цяпер, супраць яго фермерства. Раней апоўначы не кладзецца спаць, а ў пяць раніцы яго ўжо няма дома.

— Затое закісаць не дае, — далучаецца да размовы бацька Уладзімір Піліпавіч. — Зараз крыху менш наша дапамога патрэбна. А на пачатку хапала ўсім.

— Добра, што мне пры выхадзе на пенсію падарылі друкаваную машынку «Эрыка» і калькулятар, то я ўсе плацёжкі афармляла, падлічвала ўсё. Была за бухгалтара ў яго фермерскай гаспадарцы, — узгадвае Зінаіда Паўлаўна.

А бацька дадае:

— А як цяжка было вырваць першыя гектары зямлі. У раёне быццам выдзяляюць, а на месцы сустракаюць у штыкі. Тры разы афармлялі дакументы і ледзьве атрымалі першыя 27 гектараў. Цяжка было пераканаць тады мясцовае кіраўніцтва, што ва ўсім свеце дамінуе прыватная ўласнасць, пры якой найбольшая эфектыўнасць вытворчасці. Ужо будучы першым сакратаром Мінскага райкама партыі, я адчуваў, што без перамен немагчымы шлях наперад. Таму і падтрымаў ідэю сына стаць фермерам.

— Без бацькавай падтрымкі наўрад ці змог бы ён замацавацца ў гэтай нялёгкай справе?

— Лепшая мая падтрымка — не перашкаджаць працаваць, — мудрагеліста ўсміхаецца Уладзімір Піліпавіч і пераводзіць позірк на жонку, чакаючы ад яе падтрымкі.

— Так. Цяпер у яго вопытны бухгалтар ёсць. Восем механізатараў, якія паспяхова спраўляюцца з 324 гектарамі зямлі, — распавядае Зінаіда Паўлаўна, прысеўшы на прысадзістай лавачцы сярод квітнеючых ірысаў, піёнаў, што акружаюць акуратны домік, які застаўся ім у спадчыну ад бацькоў. Была ў іх з мужам і мінская кватэра. Але пасля выхаду на пенсію развіталіся са сталічным жыццём, вярнуліся ў родныя мясціны. Побач сын займеў сядзібу. І, як лічаць Радзевічы, вялікае шчасце — быць побач з роднымі.

— Прозвішча Радзевічы, як я даведаўся, — распавядае Уладзімір Піліпавіч, — звязана з руплівасцю. Гэта славянскае слова. Па-беларуску — клапаціцца, дбаць, спрыяць, садзейнічаць, рупіцца. Гэта ў мяне атрымлівалася, калі я кіраваў калгасам «Нёман». Тады мы стварылі камбінат камунальнага абслугоўвання з 28 відамі паслуг для вяскоўцаў. На бюро ЦК Кампартыі Беларусі наш вопыт абагульнялі і разглядалі для перадачы іншым. Я ніколі не мог жыць без працы. Гэта ад бацькоў-дзядоў перадалося. А цяпер вось і сын рупіцца, стараецца, не шануе сябе ў працы. Здавалася б, можна ўжо і спыніцца. Зямлі для севазвароту ўдосталь. Тэхнікі для выканання ўсяго комплексу работ на гэтай плошчы дастаткова. А ён як зачараваны працай.

— Так ніхто і не спыніць яго. Паўвека пражыў, а па-сапраўднаму ніколі яшчэ і не адпачываў, — наперабой дапаўняюць адзін аднаго бацькі фермера Уладзіміра Радзевіча, якога мы чакалі на бацькоўскім падворку. Побач, у невялікім агародчыку, лапушылася бульба.

— Мы тут некалькі розных гатункаў саджалі ў адзін дзень, а бачыце, як па-рознаму расце, — кіўнула ў бок агародчыка Зінаіда Паўлаўна, — так і на фермерскіх палях сына штогод высаджваюць розныя гатункі бульбы. І заўжды з добрым ўраджаем. Менш чатырохсот цэнтнераў з гектара не бывае.

— Пра гэтыя поспехі стала вядома не толькі ў раёне, — працягвае размову Уладзімір Піліпавіч. — А тут нямецкай аграрнай кампаніі, што займаецца селекцыяй бульбы, спатрэбіўся прадстаўнік у Беларусі. Мы раней у іх насенне куплялі. І кіраўніцтва кампаніі прапанавала супрацоўніцтва.

Па вытворчых паказчыках сялянская (фермерская) гаспадарка «Сула» Уладзіміра Радзевіча неаднойчы прызнавалася лепшай у Стаўбцоўскім раёне, тройчы выходзіла ў лаўрэаты абласнога конкурсу «Лепшы прадпрымальнік года». А за плённае супрацоўніцтва з нямецкімі бульбаводамі адзначана пасольствам ФРГ у Беларусі. Стала ўжо традыцыяй, што спецыялісты Мінсельгасхарча Беларусі штогадова праводзяць на базе гэтай фермерскай гаспадаркі Дзень поля.

Высокі, статны, шыракаплечы, з белазубай усмешкай і абветраным загарэлым тварам, спрытна прычыніўшы веснічкі, у двор увайшоў Уладзімір. Праз падворак разам з ім мы накіраваліся да фермерскай сядзібы. Прайшлі каля роўна выстраеных трактароў, агрэгатаў, глебаапрацоўчага інвентару. Высока ўзвышаліся новыя акуратна састаўленыя дашчаныя скрыні для захоўвання бульбы. Шмат іншых гаспадарчых рэчаў месцілася на заасфальтаванай пляцоўцы, і ўсё гэта захоўвалася без ніякай агароджы навокал. Адчуўшы маё здзіўленне, Уладзімір Уладзіміравіч падкрэсліў, што за трынаццаць гадоў фермерства быў толькі адзіны выпадак крадзяжу. Злілі з бака дызельнае паліва, але раніцай вёска ведала, хто гэта зрабіў.

— Людзі тут толькі на мяне могуць абаперціся. Хто ім агароды апрацуе, хто дапаможа па гаспадарцы, працаю забяспечыць?

— Гэта ўсё вы?

— Так. Вось на кожным агародзе бульба. Насеннем я забяспечыў, — пералічваў Уладзімір Уладзіміравіч. — Я ім дапамагаю, а яны мне. Так і жывем ладна. Зараз збіваем вось такія вялікія скрыні для зімовага захоўвання бульбы ў новым сховішчы. Амаль на палову танней атрымліваецца выраб кантэйнераў сваімі сіламі. Ды і мясцовым занятак ёсць. Праўда, у гэта сховішча ўжо не ўмяшчаецца наш ураджай. Тут толькі насенны матэрыял захоўваем. А плануем пабудаваць значна большае сучасна абсталяванае бульбасховішча. Патрэбны сродкі. У банках непад’ёмны крэдыт, таму вышукваем варыянты.

— Гэта сённяшнія клопаты. А стратэгічная лінія? — пытаюся ў фермера.

— Выйсці з бульбай і гароднінай і замацавацца на расійскім рынку. Для гэтага нам неабходна давесці да самага высокага ўзроўню якасць прадукцыі. Асноўны накірунак гаспадаркі — рэпрадукцыя насення перспектыўных гатункаў бульбы. Сёння многія нашы буйныя спецыялізаваныя бульбаводчыя гаспадаркі працуюць на імпарце, таму што толькі 3—4 гатункі нашай селекцыі могуць канкурыраваць з лепшымі еўрапейскімі.

— А як вызначаеце, якому гатунку аддаць перавагу?

— Я раздаю сваім калегам-фермерам ў розныя рэгіёны Беларусі па 200—300 кілаграмаў насення новых гатункаў замежнай селекцыі і восенню атрымліваю інфармацыю, па якой і вызначаю рынак збыту насеннай бульбы.

— А ці бывалі рэкламацыі?

— Пакупнік бачыць тавар. Мы працуем без пасрэднікаў. Таму і няма рэкламацый.

— З кім можна параўнаць заўзятага фермера?

— З     мацёрым       карцёжнікам. Чым больш апантаны сваёй справай, тым мацней азарт. Я лічу, што маю дзве мечаныя карты: ведаю, якія сродкі аховы раслін прымяніць і выкарыстаць пры неабходнасці паліў палеткаў. Калі да нас у першы раз прыехалі французскія бульбаводы, яны здзівіліся: чаму не паліваем бульбяныя палеткі. Казалі, што гэта, як гульня ў карты без надзеі на выйгрыш. Мы знайшлі сродкі, набылі сучасную палівальную тэхніку, і праблему знялі. Не толькі ў нас, але і ў іншых беларускіх бульбаводаў на паліўных палях ураджайнасць бульбы даходзіць да 800 цэнтнераў з гектара.

— Зараз на палях самы сезон росту. Як спраўляецеся?

— Працуем ў цесным кантакце з кансультантамі. На доследным полі выпрабоўваюцца самыя розныя прэпараты па барацьбе са шкоднікамі і хваробамі раслін. Прапаную там пабываць.

Праз некалькі хвілін мы былі на доследным полі, агароджаным тоненькім дротам.

— Ноччу падключаем яго да генератара, каб зберагчы пасевы ад набегаў дзікоў, — тлумачыць фермер.

Побач з полем зліваецца з даляглядам акуратна апрацаваная плантацыя. Чысціня і парадак навокал.

Зямлю фермера Радзевіча асабліва шчодрай не назавеш. У сярэднім у трыццаць балаў ацэнена ўрадлівасць палёў. Затое камянёў усюды, як расы.

— Як змагаецеся? — пытаюся ў фермера.

— Некалькі гадоў таму набылі спецыяльную тэхніку, якая збірае камяні і закопвае іх глыбока ў зямлю, — чую ў адказ.

Усё гэта патрабуе затрат і немалых, што ўплывае на сабекошт прадукцыі. А калі ўлічыць, што перспектыўны рынак збыту прадукцыі — Расія — ужо жыве па законах Сусветнай гандлёвай арганізацыі, то, безумоўна, складана ўціснуцца ў жорсткія параметры расійскага рынку.

— Канкурэнцыя — сапраўдны рухавік прагрэсу, — канстатуе Уладзімір Уладзіміравіч. — Менавіта дзеля гэтага паралельна з фермерскай гаспадаркай створаны «Аграцэнтр «Сула» — чыста экспартнае прадпрыемства для ўзаемадзеяння з сістэмай рознічных прадпрыемстваў Расіі. Ужо распрацаваны праект і плануецца ў бліжэйшы час пачаць будаўніцтва абсталяванага па  сучаснаму бульбасховішча. Там, дарэчы, будзе цэх па перапрацоўцы і фасоўцы бульбы, які пашырыцца да аб’ёмаў рэалізацыі за сезон 15 тысяч тон бульбы.

Працаваць з намі маюць намер 25 французскіх фермераў. У перспектыве праз гэты цэнтр мы будзем пастаўляць прадукцыю на расійскі рынак. Тут усё будзе фасавацца і адсюль адпраўляцца. Для нашых людзей створым дадатковыя рабочыя месцы. Нашу прадукцыю ўжо чакаюць у Маскве. Ёсць дамоўленасць на адкрыццё гандлёвага прадстаўніцтва «Аграцэнтра «Сула» з мэтай узаемадзеяння яго з расійскай рэалізацыйнай сеткай. У Расіі чакаюць фермера не з 200 тонамі бульбы, а пастаўку на працягу года да 20 тысяч тон.

Ствараемая структура стане стабільным пакупніком у дробных беларускіх бульбаводаў. Знікаюць пасрэднікі, што станоўча адаб’ецца на цэнах. Дзяржаўная казна атрымае валютныя паступленні ад дзейнасці аграцэнтра.

— А што замінае ўжо зараз распачаць гэтую справу?

— Фінансаванне. Для гарантавання задуманай справы ёсць зацверджаны праект і праз тэндар вызначаны падрадчык. Неабходна толькі фінансавая падтрымка гэтага перспектыўнага праекта.

— Вы адчуваеце сябе гаспадаром?

— Поўным — не. Не толькі я, але і іншыя беларускія фермеры, пэўна, не ведаюць, што чакае іх заўтра.

— Няма структуры кіравання фермерамі ў рэспубліцы?

— Так, раней больш-менш дзейнічаў саюз фермераў, але апошні раз мы збіраліся некалькі гадоў таму на 20-годдзе фермерства на Беларусі.

— Калі раптам у вас праблема якая ўзнікае, хто можа дапамагчы вырашыць яе?

— Мы самі ўсё вырашаем па інстанцыях.

— А ў раёне вашымі справамі цікавяцца?

— З кіраўніцтвам раёна поўнае ўзаемапаразуменне. А вось дзяржзаказ бяру сам, што дазваляе хутчэй спраўляцца з рэалізацыяй прадукцыі, асабліва збажыны без дапрацоўкі яе да адпаведных кандыцый. Рынкі збыту знайшоў сам. Нам вельмі неабходна падтрымка дзяржаўных структур на атрыманне крэдытаў для далейшага развіцця.

І ў першую чаргу падтрымка на месцах. Фермерскімі справамі ў Беларусі зараз займаецца спецыяльны савет фермераў, які дзейнічае пры міністры сельскай гаспадаркі і харчавання. Уваходзяць ў састаў яго кіраўнікі абласных асацыяцый фермераў, а каардынуе работу ў міністэрстве намеснік начальніка ўпраўлення рэфармавання, распараджэння дзяржмаёмасцю і развіццём малых форм гаспадарання Аляксандр Казакевіч. Хочацца спадзявацца, што савет зацікавяць перспектыўныя задумы стаўбцоўскага фермера Уладзіміра Радзевіча, які ўжо другі дзясятак гадоў плённа гаспадарыць на зямлі продкаў.

Яго поспехі — радасць і шчасце бацькоў

— Валодзя ў вас гаспадар? — пытаюся ў Зінаіды Паўлаўны.

— Руплівы гаспадар, адукаваны, усё па-навуковаму вядзе. Сёння інакш і нельга. Так патрабуе час. І галоўнае, што не здрадзіў вёсцы. Тут яго стыхія. Я памятаю, калі ён яшчэ маленькім ездзіў з бацькам — старшынёю калгаса — па палях, і калі вернуцца дамоў, Валодзька мне расказвае, што бачыў на полі золата. Бярэш яго ў жменьку, а яно пераліваецца. А я думала тады, а маё ж ты дзіцятка, не зачароўвайся гэтым так моцна, хопіць мне ўжо аднаго старшыні. Але ўсё ж пайшоў па бацькавых слядах.

Уладзімір СУБАТ, «БН»

в. Ячонка

Стаўбцоўскага раёна

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter