Вядомы дзіцячы пісьменнік Валерый Квілорыя ведае, як захапіць кнігай новае пакаленне

За вушы ад кнігі не адцягнеш

«Не трэба чакаць, калі дзеці прыйдуць у бібліятэку ці кнігарню, спяшайцеся самі на сустрэчу са сваімі чытачамі», — Валерый Квілорыя нікога не вучыць жыццю, а проста тлумачыць, чаму на яго геаграфічнай карце амаль не засталося свабодных месцаў. Карэспандэнты «Р» зазірнулі на творчы вечар да вядомага дзіцячага пісьменніка і даведаліся, як новае пакаленне захапіць кнігай.

На сустрэчу з Валерыем КВІЛОРЫЯ прыходзяць цэлымі сем'ямі.

Захварэў — Шмыг, зваліўся — Шмяк

— Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, я лічу, што сённяшнія дзеці любяць чытаць, — разважае Валерый Тамазавіч. — Галоўнае іх зацікавіць. Цяпер такі велізарны струмень інфармацыі, і з гэтай прычыны рабятам цяжка вызначыць, што з гэтага цікава, а што не. Таму да іх трэба прыходзіць і расказваць, захапляць. А потым і за вушы іх не адцягнеш ад кнігі!

Квілорыя не заўсёды быў пісьменнікам. Але марыў пра гэта даўно. Прафесія ўвогуле была ў яго творчая — журналіст, але ў апошнія гады, будучы галоўным рэдактарам часопіса «Служба выратавання 101», больш займаўся адміністрацыйнай працай. Хоць ужо тады ў яго партфелі ляжала некалькі казак. А пачалося ўсё з яго маленькіх дачок. Калі дзяўчынкі стаміліся слухаць пра добра вядомых персанажаў, папрасілі тату прыдумаць новых герояў. Спярша складаў на хаду, а калі зразумеў, што атрымліваецца нешта складнае, узяўся за ручку. Так у яго з'явіліся «Два лятаючыя парасяты». Галоўныя героі Шмыг і Шмяк якраз і спісаныя з яго малодшай дачкі. Яна вельмі часта зімой зрывала з сябе шапку, шалік і рукавіцы, пасля чаго, вядома, пачынала хварэць — шморгаць носам. Яшчэ яна часта падала ноччу з ложка — чмякалася аб падлогу. Адсюль і мянушкі ў парасятаў.

Дзесяць гадоў таму некалькі сваіх твораў Валерый Квілорыя паслаў на літаратурны конкурс «Руская прэмія» і нечакана стаў яго лаўрэатам. Потым быў поспех на Міжнародным конкурсе дзіцячай і юнацкай літаратуры імя А.М. Талстога. Тады ён і развітаўся з журналістыкай і стаў выключна пісьменнікам.

Казка, як падручнік

«Адкуль вы бераце тэмы, як прыдумляеце герояў?» — гэта самае папулярнае пытанне ад тых, хто прыходзіць на творчыя сустрэчы.

Адказвае, сюжэты казак і іх галоўныя героі нараджаюцца вельмі нечакана. Бывае нават на сустрэчах з чытачамі прыкмячае нейкія вясёлыя сітуацыі, якія потым кладуцца ў аснову кніжак. «Тыгр без хваста» менавіта так і нарадзіўся: на адным вечары мама з гумарам расказвала, як яны пайшлі купляць хамяка, а вярнуліся дадому з сабакам. Пісьменнік дафантазіраваў — атрымалася выдатнае апавяданне.

Яшчэ яму вельмі дапамага­юць школьныя падручнікі. На­тыкнуўшыся выпадкова на адзін з раздзелаў па АБЖ, ён напісаў апавяданне «Выратаванне пацярпелага Воўкі», дзе з гумарам распавядае, як трэба аказваць першую дапамогу. «Кавуновы мужычок» — эксперыментальная казка, дзе ў займальнай і даступнай форме дадзены веды з навучальнага курса 9—11 класаў: што такое крэкінг-працэс нафты, атрыманне драўнянага вугалю, абпал цэглы і г.д. Бо не факт, што школьнікі захочуць унікаць з галавой у гэты складаны прадмет на ўроках, а калі гэта напісана займальна і даступна, то і разабрацца ў складаных працэсах значна прасцей.

Прывітанне з будучыні

Яшчэ адна прывабная дэталь казак і апавяданняў пісьменніка — практычна ўсе падзеі ў іх адбываюцца не ў якім-небудзь далёкім Рыа-дэ-Жанейра, не ў завоблачных сусветах, а ў нас, на суседняй вуліцы, за бліжэйшым рагом.

Але ёсць і іншая хітрасць — паклікаць за сабой у будучыню ці, наадварот, зазірнуць у мінулае. Дзеці гэта вельмі любяць.

— Я спрабую ўявіць, што будзе праз тры тысячы гадоў, і адпраўляю хлопчыкаў і дзяўчынак у гэты свет. А там, аказваецца, усе жывёлы ўмеюць размаўляць. У іх нават ёсць свае гарады. Асобны ў катоў і асобны ў сабак. Кракадзілаў я наогул зрабіў філосафамі. Атрымалася дэтэктыўная энцыклапедыя пра цяперашніх жывёл.

Яшчэ адзін прывабны ход для дзяцей — расказаць ім пра сябе. Ёсць у Валерыя Тамазавіча аповесць «Таямнічыя пісь­мёны». Яна, можна сказаць, аўтабіяграфічная, там усе дзіцячыя перажыванні пісьменніка. Наогул самыя вядомыя героі Квілорыя — Шурка і Лерка — таксама з'явіліся невыпадкова. У дзяцінстве пісьменніка звалі Лерам. У яго быў шчыры сябар, з якім яны перажылі шмат прыгод. Некаторыя з іх і ляглі ў аснову апавяданняў.

Цікава, што на сустрэчы з Валерыем Квілорыям часта прыходзяць і тыя, хто ўжо добра знаёмы з яго творчасцю. І не бацькі цягнуць дзяцей за сабой, а наадварот. «Чытаў разам з дачкой кніжкі: і плакаў, і смяяўся. Вельмі цікавы аўтар. Прыйшлі паглядзець што-небудзь новае», — не адрываючыся ад выбару кніг, распавёў нам адзін наведвальнік.

Наогул не кожны пісьменнік можа пахваліцца такой колькасцю выпушчаных кніжак. Да таго ж Квілорыя яшчэ і выдавец. І ў гэтай справе ён дапамагае шматлікім аўтарам. Наогул ён слыве адкрывальнікам новых імёнаў у сучаснай беларускай літаратуры. Ён выдаў некалькі твораў Юрыя Палякова, Рустама Карапецяна, Сяргея Квіткевіча і іншых. Але яго асаблівая гордасць — шасцікласнік з Салігорска Захар Серы і яго «Таямніца вялікага маўчуна». Ёсць у Валерыя Тамазавіча і яшчэ некалькі твораў аўтараў-школьнікаў, якія рыхтуюцца да выдання. І хто сказаў, што нашы дзеці не чытаюць? Яны яшчэ і пішуць.

Фота Аляксандра СТАДУБА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter