Працягваецца конкурс “СГ” і Саюза пісьменнікаў Беларусі на лепшы верш пра жніво і хлебаробства “Хлебныя словы”

“За вашы рукі залатыя, за вашу ласку да зямлі”

У КАРАГОДЗЕ “Дажынак” мы нагадваем, что наш конкурс “Твае хлебныя словы” працягваецца. Вынікі падвядзём у сярэдзіне лістапада. Шанцаў на перамогу, а значыць, і на атрыманне памятных падарункаў лепшым, застаецца з кожным днём усё менш. Таму прапануем нашым аўтарам актывізавацца.

МЫ ўжо неаднаразова падкрэслівалі, што ў нашым спаборніцтве маюць права браць удзел прадстаўнікі розных прафесій, таму публікуем верш паэта Вячаслава Корбута. Яго напісаў аўтар летам бягучага года, калі наведваў бацькоў на Капыльшчыне. “Прыгожае поле з пшанічным калоссем дужа хватка наталіла мае пачуцці, грымеў гром і здавалася, што  зямля адчувае подых навальніцы, якая насыціць крыху сасмяглую глебу дажджавой вадой, — піша Вячаслаў Корбут. — Сёння важна ўзнімаць тэму роднага хлеба, працы хлебаробаў, моцы роднай зямлі, бо на гэтым і грунтуецца сапраўдны патрыятызм. А сэрцы людзей наталяюцца прагай да стваральнага жыцця, да лепшых яго момантаў”.

Цікавы твор прапанаваў Міхаіл Сініца з аграгарадка Ярэмічы Карэліцкага раёна. Міхаіл Мікалаевіч былы механік у мясцовым калгасе імя В. З. Царука, цяпер працуе ахоўнікам ва ўстанове адукацыі “Ярэмі- цкая школа-сад”. Ад “а" да “я" ведае вясковец складанасці хлебаробскай працы. “Мой “Каравай” — гэта прысвячэнне маладым калегам ад душы, усім, хто мае дачыненне да нашай нялёгкай справы, — прэзентуе свой верш былы калгаснік. — Не так проста абывацелю зразумець усю каштоўнасць хлеба, таму мы павінны ўсхваляць унёсак працаўнікоў вёскі ў наш дабрабыт”.

Вячаслаў КОРБУТ

Хлеб

Каласіцца хлеб наш, каласіцца,
Спее хораша наўсцяж пшаніца,
Бярэ сілу колас з небакраю,
Хлеб, як партызан, сябе трымае.
Хмарны вятруган яго калыша,
Ды гарцуе гром начною цішай,
І на ўвесь сусвет наш раззлуецца,
Мора хлебу хваляй адзавецца.
Больш няма ў свеце далягляду,
Як пшаніца б’ецца да ўпаду,
З навальніцай ноччу грамакрылай,
Блісне неба, у каго больш сілы?
Ты скажы, каб хлеб той залацісты,
За ўсіх трымаўся непахісна,
Чыстым водарам дыхнула наваколле,
І суцішша паланіла тое поле.
Cам пайшоў ні ціха, ні бадзера,
Пераможна хлеб гудзеў з фаворай,
Долю зычыў на багаты ураджай,
З хлебам  маеш моцы,  родны край!

Міхаіл СІНІЦА

Каравай

Адпрацаваўшы шчыра ў полі,
Цяпер прыемна адпачыць,
Ды каравай, ды дробку солі
Да вуснаў з ласкай прытуліць.
Ляжыць прыгожы ён, духмяны
Перад усімі на стале.
Ён надта сёння паважаны
У гэтай зале, як нідзе.
Бо шчырай працаю здабыты
Людзей, якія тут жывуць,
Працоўным потам ён паліты,
Яму ўсе сілы аддаюць.
Таму ад сэрца ў ваша свята
Дазвольце ўсіх павіншаваць,
І вам, і роднаму калгасу
Вялікі дзякуй перадаць.
За вашы рукі залатыя,
За вашу ласку да зямлі,
Ды пажадаць, каб дзеці-ўнукі
Заўсёды ў радасці жылі.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter