Будслаўскі фэст прэтэндуе на ўключэнне ў Спіс аб’ектаў сусветнай нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА

За «Царамі» крочыць чарговы абрад

Будслаўскі фэст прэтэндуе на ўключэнне ў Спіс аб’ектаў сусветнай нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Якія ён мае шансы трапіць туды і што гэта дасць нашай краіне?

Белавежская пушча, замкавы комплекс «Мір», рэзідэнцыя Радзівілаў у Нясвіжы — помнікі прыроды і архітэктуры, якія даўно сталі візітнай карткай Беларусі, у тым ліку і дзякуючы таму, што знаходзяцца пад аховай ЮНЕСКА. Праўда, гэта матэрыяльныя аб’екты, якія можна не толькі сузіраць, але да якіх можна і датыкнуцца. І нават дуга Струвэ са сваімі 19 тапографа-геадэзічнымі пунктамі — абсалютна рэальная прыродная спадчына. А чым для сусветнай супольнасці цікавыя нематэрыяльныя элементы?



Наша краіна не ўпершыню «стукаецца» ў Спіс ЮНЕСКА са сваёй нематэрыяльнай спадчынай. У 2009-м туды ўжо трапіў абрад «Калядныя цары». Ён выдатна падыходзіў пад катэгорыю, дзе сабраныя элементы, якім патрабавалася тэрміновая ахова, бо была пагроза яго знішчэння. Супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук разам з выкладчыкамі і студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў некалькі гадоў збіралі дасье, рабілі фота і відэафіксацыю. Міжурадавую камісію ўразіў гэты калядны карнавал, і ён трапіў пад ахову ўплывовай арганізацыі.

Будслаўскаму фэсту знішчэнне не пагражае. Наадварот, з кожным годам ён набірае сілу, вітае ўсё больш гасцей не толькі з розных куткоў нашай краіны, але і з-за мяжы. Для такіх элементаў таксама ёсць месца ў Спісе нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Яны адносяцца да рэпрэзентатыўнай катэгорыі, дзе прадстаўлены найбольш яркія практыкі, якім не пагражае знішчэнне. Але тут галоўным фактарам да ўключэння з’яўляецца наяўнасць дыялога, прычым у шырокім сэнсе гэтага слова: вітаюцца этнічныя, культурныя, моўныя, рэлігійныя, міжканфесійныя і іншыя зносіны. 

Шансы Будслаўскага фэсту трапіць у Спіс нематэрыяльнай спадчыны вельмі вялікія. Перш за ўсё па прычыне выдатна падрыхтаванага дасье, у складзе якога захапляльны дакументальны фільм. Ды і некалькі абрадаў такога ж кшталту ад іншых краін ужо праходзілі ў ЮНЕСКА. Беларускія дакументы ўжо афіцыйна прыняты да разгляду, зараз іх вывучаюць эксперты. Канчатковае рашэнне будзе абвешчана восенню ў час наступнага пасяджэння міжурадавага камітэта.

Што гэта дае краіне? У Міністэрстве культуры запэўніваюць, што ўключэнне ў спіс — гэта найперш прэстыж і папулярызацыя краіны, а таксама магчымасць атрымаць фінансаванне на развіццё таго ці іншага элемента. Да таго ж спіс з падрабязнай інфармацыяй размяшчаецца на сайце, да яго вельмі часта звяртаюцца турысты, якія збіраюцца наведаць незнаёмую дзяржаву. 

У поле зроку ЮНЕСКА маюць шансы трапіць яшчэ некалькі элементаў беларускай нематэрыяльнай спадчыны. Перш за ўсё размова ідзе пра традыцыі дударства і саломапляцення, якія захаваліся ў розных рэгіёнах краіны. Яшчэ адзін прэтэндэнт — свята Юр’я, на якое адбываецца гуканне вясны.

Але ў спісе Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры ёсць і трэці накірунак — лепшыя практыкі па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Туды ў перспектыве ад нашай краіны можа быть заяўлены фестываль «Берагіня», які аб’ядноўвае не толькі народнае харэаграфічнае мастацтва, але і рамёствы, літаратурнае мастацтва і іншае. Зберагчы народныя традыцыі, паказаць іх унікальнасць не толькі для нашай, але і сусветнай культуры — гэта і ёсць прызначэнне і місія праекта.

Наталля СЦЯПУРА

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter