22 і 23 чэрвеня Палац Рэспублікі быў цэнтрам грамадска-палітычнага жыцця краіны

Заўтрашні дзень бачыцца канкрэтна

22 і 23 чэрвеня Палац Рэспублікі быў цэнтрам грамадска-палітычнага жыцця краіны. І яе эканамічным штабам. Тут звяралі гадзіннікі, абмяркоўваючы праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады, 2,5 тысячы дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу.  


На форуме сабраліся прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства. Дэлегатамі сталі не толькі кіраўнікі, дэпутаты, прадстаўнікі аб’яднанняў і партый. Права прадстаўляць народ на высокім сходзе атрымалі таксама шматлікія рабочыя і ваеннаслужачыя, працаўнікі сяла. Акрамя таго, прадпрымальнікі, студэнты, пенсіянеры. Прысутнічалі дыпламаты і замежныя госці. Большую частку выступленняў дэлегатаў складалі дакладныя прапановы па вырашэнні канкрэтных праблем. Прапанова старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры:

— Нацбанку і Ураду варта выпрацаваць такую грашова-крэдытную палітыку, якая садзейнічала б прыцягненню капіталу не на дэпазіты банкаў, а ў народнагаспадарчы комплекс. Неабходна спыніць перапампоўванне рэсурсаў з эканомікі прадпрыемстваў праз банкі да пэўнага кола асоб, якое ўкладвае сёння грошы ў дэпазіты.

Гендырэктар Мінскага трактарнага завода Фёдар Дамаценка нагадаў, што ў бягучым годзе МТЗ споўнілася 70 гадоў. За гэты перыяд выраблена каля 4 мільёнаў адзінак тэхнікі, за мяжу — больш як у 120 краін — пастаўлена каля 3 мільёнаў адзінак. Кожны дзясяты акучвальны ўніверсальны трактар на планеце нясе марку “Беларус”.

Гродзенскі прадпрымальнік, кіраўнік кампаніі “Контэ Спа” Валянцін Байко асабістым паспяховым прыкладам аспрэчыў заявы скептыкаў, якія разносяцца часам пра тое, што бізнес у нашай краіне — занятак няўдзячны. Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда гаварыў пра абарону інтарэсаў чалавека працы ў няпросты эканамічны перыяд, а галоўны рэдактар выдавецкага холдынга “Звязда” Аляксандр Карлюкевіч — пра ролю СМІ ў жыцці грамадства.

Прэзідэнт, які прысутнічаў усе дні работы Усебеларускага народнага сходу, уважліва выслухаў кожнага дэлегата. Нярэдка даючы тут жа тлумачэнні або агучваючы ўласную пазіцыю па выкладзеным. Аляксандр Лукашэнка паведаміў: цэлы шэраг найбольш праблемных рэчаў ім ужо занатаваны. Прэзідэнт падтрымаў прапановы дэлегатаў палепшыць сістэму прафадукцыі, разгледзець пытанні крэдытавання эканомікі і ўкаранення ў грамадскую свядомасць здаровага ладу жыцця. Шмат пытанняў узнімалася ў сферы падрыхтоўкі кадраў. Прэзідэнт выказаў выразна свой пункт погляду: “Тут можна і пакутаваць, і стагнаць, але вучыць кадры трэба на месцы. Ні адна ВНУ, прафтэхвучылішча, каледж, ліцэй не падрыхтуюць кадры так, як хацелася б. Усё роўна, і гэта ёсць ва ўсіх краінах, іх давучваюць, даводзяць да адпаведнага ўзроўню”.

Аляксандр Лукашэнка даручыў усе пытанні, якія паступілі на гарачую лінію Усебеларускага народнага сходу, уважліва прааналізаваць і даць на іх адказы. А ў заключным слове падагульніў:

— Форум з усёй відавочнасцю паказаў, што народаўладдзе з’яўляецца важнейшым інструментам прыняцця лёсавызначальных рашэнняў у Беларусі. Мне вельмі спадабаліся вашы дзелавы настрой на работу і адначасова нязмушаная дружалюбная атмасфера сходу. Намі зацверджана доўгатэрміновая стратэгія развіцця краіны, прыняты праграмныя дакументы на наступныя пяць гадоў, выпрацаваны асноўныя напрамкі інавацыйнага абнаўлення краіны, мадэрнізацыі эканомікі з улікам новых сусветных тэндэнцый.

Прэзідэнт падзякаваў усім адказным за арганізацыю і правядзенне форуму. У завяршэнне форуму капітан 1 ранга былы падводнік Мікалай Ягораў у кулуарах Палаца Рэспублікі сказаў:

— Ведаеце, я прайшоў 4 акіяны, 25 мораў. Словам, пабачыў і зведаў многае. Але ад Усебеларускага народнага сходу, ад пачутага на ім проста ў захапленні. Бачу, што цяперашнія цяжкасці мы абавязкова перажывём. Толькі падціснем рамяні, як гаворыцца, на час. Марская практыка паказвае: любая стыхія рана ці позна заканчваецца. Адыдуць і ўсе праблемы.

Тая ж думка гучыць і ў звароце ўдзельнікаў пятага Усебеларускага народнага сходу: “Мы моцны духам народ і справімся з любымі цяжкасцямі на шляху да мэт дынамічнага развіцця нашай любімай Беларусі”.

У рэзалюцыі пятага Усебеларускага народнага сходу ключавой задачай на бліжэйшае пяцігоддзе абазначана аднаўленне і забеспячэнне далейшага ўстойлівага эканамічнага росту як асновы для паспяховага жыцця будучых пакаленняў. Рэзалюцыя будзе перададзена Прэзідэнту для разгляду і прыняцця неабходных рашэнняў.

 Меркаванні экспертаў 

Георгій Грыц, намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі:

— Выступленне Кіраўніка дзяржавы было традыцыйна стратэгічным і даволі ёмістым. У той жа час мне здалося, што яно мела істотныя адрозненні ад папярэдніх выступленняў. Гэта своеасаблівая дарожная карта для ўсёй краіны. Калі разбіць выступленне на цытаты, то іх можна разглядаць як дапаможнік да дзеяння. Вядома, пры рэалізацыі такіх амбіцыйных задач, якія стаяць перад краінай, неабходная кансалідацыя і грамадства, і бізнесу, і ўлады. І без адзіных мэт і крытэрыяў да кіраўнікоў, якія будуць іх дасягаць, дамагчыся гэтай кансалідацыі немагчыма.

Канстанцін Шабека, доктар эканамічных навук:

— Сёння чалавецтва, і Беларусь у тым ліку, знаходзіцца перад тварам вельмі сур’ёзнага выкліку — глабальнага тэхналагічнага пераходу. Не ўсе гэта яшчэ разумеюць, але, увогуле, мы ўжо жывём у новай рэальнасці. У гэтай сітуацыі ў нас, уласна, ёсць два варыянты: або мы як краіна знаходзім годны адказ на гэты выклік і тады будзем у ліку тых, хто пераходзіць на наступны этап, або страчваем свой шанц. Гэта і ёсць цана пытання, і тое, што мы абмяркоўвалі ў тым ліку на гэтым форуме, прыярытэты, якія былі выказаны (і ў адукацыі, і ў цэлым па эканоміцы), — гэта наш адказ на выклік.

Цяпер самае важнае — рэалізацыя парадку. А гэта залежыць ад таго, наколькі мы ўсе будзем актыўна і эфектыўна ўдзельнічаць у працэсе. 

Анатоль Башмакоў, доктар эканамічных навук:

— Сёння Беларусь, Казахстан і Расія складаюць ядро такога маштабнага эканамічнага ўтварэння, як ЕАЭС. Разам у нас ёсць каласальныя магчымасці. Але ў цяперашні час вельмі важна, каб эканамічнае супрацоўніцтва напаўнялася яшчэ і гуманітарным зместам. Мы ўсё-такі вельмі блізкія ў гістарычным, ментальным, маральным планах.

Таццяна Садоўская, кандыдат эканамічных навук:

— Важна не ператвараць аплату працы ў простую сацыяльную выплату, якая не залежыць ад унёску работніка. Неабходныя няўхільная рэалізацыя абавязацельстваў дзяржавы ў сферы сацыяльных мэт, дасягненне большай сацыяльнай роўнасці, справядлівасці і дабрабыту. Сістэмы аховы здароўя, адукацыі, культуры і сацыяльнай падтрымкі павінны выбудоўвацца вакол сям’і і асобных грамадзян. Адначасова неабходна культываваць у грамадстве палажэнне аб тым, што дзяржава — не донар, а партнёр, які стварае ўмовы для дабрабыту грамадзян. Стратэгія дзяржавы павінна будавацца ў напрамку ад сацыяльнай абароны да сацыяльнага прагрэсу.

Аляксандр Муха, аналітык:

— Неабходна падкрэсліць важнасць фінансавай стабільнасці. Мы прадпрымаем захады па зніжэнні інфляцыі, і на будучую пяцігодку гэта стратэгічны напрамак: да 2020 года плануецца выйсці на ўзровень не большы за 5 працэнтаў у год. Аб’ём грошай у эканоміцы павінен адпавядаць аб’ёму рынку тавараў і паслуг. Пры гэтым нізкая і прадказальная інфляцыя адпавядае інтарэсам усіх суб’ектаў нацыянальнай эканомікі — і прадпрыемстваў, і насельніцтва, і дзяржавы. А таксама інтарэсам замежных інвестараў, якія будуць актыўней укладваць грошы ў нашу краіну.

Уладзімір Хромаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter