Некалі без яе ўдзелу не праходзіў ні адзін урадавы канцэрт, білеты ў оперны на Ніжнікаву разбіралі за лічаныя дні

Заўтра вы прачнецеся народнай артысткай

Некалі без яе ўдзелу не праходзіў ні адзін урадавы канцэрт, білеты ў оперны на Ніжнікаву разбіралі за лічаныя дні. А ў пяцьдзясят яна цалкам пераключылася на выкладчыцкую дзейнасць. Сёння Тамары Мікалаеўне ўжо дзевяноста, але народная артыстка СССР па-ранейшаму працуе ў кансерваторыі. Яна любіць займацца з маладымі артыстамі, з радасцю сустракае іх на парозе сваёй кватэры. Кажа, што і перад ёй некалі вядомыя спявачкі таксама адчынялі не толькі дзверы сваіх кватэр, але і сэрцы. «Жыццё маё было цяжкім, але вельмі шчаслівым. Лёс паслаў мне столькі добрых, таленавітых людзей», — гаворыць яна і захоплена расказвае пра самыя важныя сустрэчы ў яе жыцці.



— У час вайны маскоўскі Вялікі тэатр быў у эвакуацыі ў Самары, дзе я нара-дзілася. Спявала з маленства, скончыла школу па класе фартэпіяна, вучылася на «выдатна», была актывісткай. Любіла ўкраінскія народныя песні, мой тата адтуль родам. Салісты Вялікага жылі ў гасцініцы «Інтэрнацыянал», аднойчы там з’явілася аб’ява, што пры тэатры будзе адкрывацца эстрадная студыя. Што я тады ўмела? Нічога, бо мне было толькі 17 гадоў, але я вельмі хацела спяваць. У камісіі, якая нас праслухоўвала, былі рэжысёр Небальсін, тады вельмі вядомая спявачка Максакава, рэжысёр Абдулаў. Я выканала розныя класічныя творы, сама падыграла на фартэпіяна, прачытала ліст Анегіна да Таццяны. Мяне спыталі: «Танцуеце?» А я любіла гэтую справу. Кажуць: «Уявіце: маленькі сабачка шпіц, у вас у руках кавалачак цукру, і вы з ім вальсуеце». Усім спадабалася. 

На наступны дзень вывесілі спісы залічаных у студыю. Я прыходжу, мне хлопцы кажуць: цябе тут няма. Разварочваюся і адыходжу. Чую, мне крычаць, каб спынілася. Аказалася, у самым нізе было напісана: Тамары Ніжнікавай з’явіцца ў дырэкцыю тэатра. Прыходжу, Максакава кажа: «У цябе добры голас, але з ім трэба папрацаваць. Я жыву ў гасцініцы, прыходзь да мяне». Прыйшла, памятаю, а маленькая Людачка, у будучыні вядомая савецкая актрыса, гуляла з цацкамі ў ложку. Мы паспявалі разам з Марыяй Пятроўнай. Прыходзіць дырыжор Небальсін, і яна яму, паказваючы на мяне, кажа: «Ведаеш, вось гэтая лялька будзе спяваць! Паглядзіш!» Я потым яшчэ некалькі разоў да яе прыходзіла. Калі Вялікі вяртаўся ў Маскву, яна паабяцала, што на мяне дашлюць запыт.

Мама адразу сказала: «Якая Масква? Дзе ты будзеш жыць?» І бабуля туды ж: «Вайна ж! Заб’юць цябе!» Словам, пасля выпускнога стала вырашаць, куды паступаць. У час вайны мы, дзяўчаты, вучыліся на курсах медсясцёр, дзяжурылі ў шпіталях. Памятаю, мяне не было дома дзесяць дзён, мама вельмі перажывала, а я музыкай лячыла салдат: праспяваю – ім становіцца лягчэй. Але мне трэба было вызначацца з вучобай. У Самары была ваенна-медыцынская акадэмія, я і пайшла туды. А ў снежні маму выклікаюць у аддзел культуры і просяць адпусціць мяне ў Маскву ў кансерваторыю.

Там мяне паслухалі, прафесар Уладзімірава ўзяла да сябе ў клас.  Вучыцца было цікава, але жыццё было галодным. Мне і сёння дастаткова кіпеню і хлеба. А тады чым толькі не зарабяла, каб хоць крыху пад’есці. Бывала, сядзела з чужым дзіцем, бывала, займалася з малымі на фартэпіяна. Мяне абедам пакормяць — дзякуй, а я яшчэ і падлогу ім хуценька памыю. Нічым не грэбавала: мне дапамагалі — і я дапамагала. Мо таму і была паўсюль жаданай.



У кансерваторыі вучылася добра, атрымлівала Сталінскую стыпендыю. Там жа займаўся мой зямляк з Самары віяланчэліст Барыс Скабло. Узнікла каханне, і мы ў інтэрнаце з ім і ажаніліся.

У нас тады было размеркаванне. У канцы навучальнага года з розных рэспублік прыязджалі камісіі і выбіралі сабе музыкаў і артыстаў. Але на той момант я ўжо працавала ў тэатры Станіслаўскага. Дарэчы, ніхто мяне тады не называў таленавітай. Я і зараз не люблю гэтага слова. Трэба працаваць, развівацца, тады і будзе пашана — так мы выхаваны. А ў 1949-м з Беларусі прыехала цэлая дэлегацыя, з усіх я ведала толькі народную артыстку СССР Ларысу Александроўскую. Яна запрасіла мяне ў Мінск, але сказала праўду: «У нас цяпер цяжка, тэатр паўразбураны, будзем яго аднаўляць». Была прапанова і з маёй роднай Самары, з Саратава і Пермі. Мы абралі Мінск і ні разу ў жыцці аб гэтым не пашкадавалі. Барысу прапанавалі месца ў сімфанічным аркестры, тады ж ствараўся і квартэт. Пра лепшае немагчыма было і марыць.

Сёння я гляджу ў акно і кажу: «Які прыгожы стаў Мінск!» Я аб’ездзіла мноства краін, але заўсёды з радасцю вярталася ў Беларусь. Гэтая краіна стала мне роднай. Але першае ўражанне пра Мінск было жахлівым. У Маскве ж на вакзал з вялізнымі чамаданамі мы ехалі на таксі. Тут жа нас сустрэла цемра, ніводнага таксі. Выпадковы рамізнік давёз рэчы, мы ж пешшу ішлі да Нямігі, дзе жылі далёкія сваякі мужа. У тэатры мяне сустрэлі цёпла, неўзабаве далі пакой на шостым паверсе, там кватаравалі практычна ўсе артысты. Праўда, Александроўская жыла ў драўляным доме недалёка ад цяперашняга Дома ўрада. Я часта бывала ў яе, яна прасіла мяне пасядзець з яе старой маці, пакуль сама давала спектакль.

У тыя часы разам з Александроўскай на сцэне ззялі зоркі старэйшага пакалення: Млодэк, Друкер, Балоцін, Лазараў. У мяне ж практычна не было ніякага опернага рэпертуару. Выступала толькі ў канцэртах. Але вельмі хацела іграць у спектаклях. Памятаю, прыходжу да дырэктара: «Давайце вам праспяваю «Севільскага цырульніка» (Разіну рыхтавала да выпускнога ў кансерваторыі)». Усім спадабалася, мяне абяцаюць узяць у спектакль. А на раніцу тэлеграма з Масквы: «Адклікаць Ніжнікаву і Скабло для паездкі за мяжу». Нас адправілі ў Албанію, я выкладала, у мяне было дваццаць вучняў. Мы там пражылі два гады, нас хацелі пакінуць яшчэ на два. Мяне там любілі і называлі Сняжок за мае пунсовыя шчочкі. Але я вельмі хацела спяваць у тэатры, разумела, што гады ідуць, таму папрасілася назад у Мінск.

Я вельмі хутка вучыла ролі, шмат спявала. У мяне часам пытаюцца, ці былі інтрыгі. Адкуль? Мы ледзь паспявалі выспацца — і зноў на сцэну. Я закахалася ў беларускую песню, народны аркестр, шмат з ім выступала. Праз такія канцэрты пасябравала з беларускімі пісьменнікамі Янкам Брылём, Максімам Танкам. Колькі было сумесных паездак! Памятаю, танулі з імі на Дняпры. А ўвогуле цікавыя часы былі, шчаслівыя сустрэчы.

Пастаянна сядзела на чамаданах. Ездзілі не толькі па буйных гарадах, але і па калгасах, задыхалася ад пылу, але спявала. У тыя гады іншай радасці ў людзей не было, таму мы і працавалі. За гэта ў 29 гадоў атрымала званне заслужанай артысткі Беларусі. Вядома, Ларыса Пампееўна мне вельмі дапамагала. Нас, маладых артыстаў, было ў яе пяць ці шэсць чалавек. Старэйшыя музыкі называлі нас дзецьмі Александроўскай. Яна насамрэч была нашай другой мамай. Мы заўсёды віншавалі яе з днём нараджэння,  да гэтага часу памятаю дату — 15 лютага.

У 1955-м у Маскве праходзіла Дэкада беларускага мастацтва. Мы закрывалі яе операй «Дзяўчына з Палесся» Яўгена Цікоцкага, пазней яна стала вядомай як «Алеся». Мы з Ларысай Пампееўнай, нягледзячы на тое, што былі вельмі рознымі — яна высокая, станістая, а я маленькая, вельмі выдатна прадставілі Беларусь. На прыёме-закрыцці да мяне падышоў сакратар ЦК КПБ Цімафей Гарбуноў: «Хачу вас павіншаваць. Заўтра вы прачнецеся народнай артысткай Беларусі і будзеце ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга». Я была здзіўлена, што так высока ацанілі маю сціплую працу. Уклад Ларысы Александроўскай тут бясспрэчны.

Мне вельмі прыемна чытаць яе радкі пра мяне: «Здольна знайсці адрозныя рысы ў кожным вобразе, які яна стварае, і не паўтарыцца. Гранічная музычнасць, бездакорная інтанацыя, дасканалая тэхніка плюс акцёрскае майстэрства, уменне пераўвасабляцца пры велізарнай усепераможнай абаяльнасці, Тамара Мікалаеўна стала найлепшай айчыннай выканальніцай партый каларатурнага сапрана».

Пасля дэкады наш тэатр карыстаўся велізарным поспехам. Многія вядомыя артысты лічылі гонарам выступаць у Мінску. Запрасілі сюды і Івана Казлоўскага. Я спявала з ім у «Севільскім цырульніку». Але прыпомню нашу першую сустрэчу. Мне сказалі, што Казлоўскі не можа трываць маленькіх жанчын. Памочнік рэжысёра папярэдзіла, каб ніякіх манікюраў і парфумы. А я ўжо нафарбавала пазногці, надушылася «Чырвонай Масквой». А што рабіць з маленькім ростам? Надзела туфлі на абцасах і пайшла. Усе чакаюць рэакцыю Казлоўскага на мой знешні выгляд. А ён ні слова не сказаў. Парэпеціравалі, адпачываем. Ён бярэ маю руку (а рукі ж яшчэ не цалаваныя, я ж яшчэ маладая артыстка), у мяне душа ў пятках апынулася, думаю, зараз будзе мне за манікюр, а ён: «Люблю маленькіх жанчын!» Гэта быў як выбух бомбы.

Ён вельмі далікатны чалавек, выдатны спявак. У мяне захавалася фатаграфія, на абароце якой ён напісаў: «Дарагой Тамарачцы! Жадаю радасці ў мастацтве. Народны артыст І. Козлоўскі». Гэта было такім шчасцем. У нас кружыліся галовы ўжо ад таго, што мы разам рэпеціравалі, на сцэне наогул трэсліся ногі.

Вось такія людзі сустракаліся на маім шляху. Я двойчы была замужам. Яўген Саўчанка – выдатны музыкант, мы з ім пражылі дванаццаць гадоў. У мяне трое дзяцей: Алачка, Андруша і Аркаша. Старэйшы нядаўна трагічна загінуў. Гэта боль на ўсё жыццё. Прытупіць яго дапамагае праца. Некаторыя маі выхаванцы ўжо сталі выдатнымі артыстамі і педагогамі. Жыццё працягваецца…

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter