Заўтра турыста

Прынята лічыць, што ў работнікаў лясной гаспадаркі вельмі вузкая сфера інтарэсаў — саджаць дрэвы, гадаваць іх, адначасова засцерагаючы ад пажараў, насякомых-шкоднікаў, хвароб і браканьераў. Затым, праз 60—100 гадоў, гэтыя дрэвы ссекчы і на іх месцы пасадзіць новыя. На самой справе гэта не зусім так. Дакладней, такая задача асноўная для лесаводаў, але разам з ёй хапае ў іх і іншых кірункаў дзейнасці.




У апошнія гады ў сістэме Мінлясгаса шырокае развіццё атрымала сфера экалагічнага турызму і актыўнага адпачынку. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Бо людзі, як толькі выпадаюць свабодныя выхадныя, так ці інакш накіроўваюцца пад полаг лясоў. Менавіта тут лепш за ўсё атрымліваецца адпачыць і душой і целам, расслабіцца ці, наадварот, набрацца энергіі. А лясгасы краіны па меры сіл і магчымасцей наведвальнікам у гэтым дапамагаюць. Магчымасцей жа гэтых шмат.

Паляванне даўно перастала быць спосабам выжывання. Аднак гэты сапраўдны мужчынскі занятак не адмёр, а ператварыўся, хутчэй, у від актыўнага адпачынку.

Фота Уладзіміра Шлапака



З улікам такіх карэкціровак у свой час будаваліся і мадэрнізаваліся паляўнічыя дамкі. Хаця “хаткамі” іх назваць ужо не атрымаецца. Паляўнічыя комплексы сістэмы Мінлясгаса — месцы прыцягнення не толькі для аматараў пастраляць. Тут створаны ўсе ўмовы для сямейнага адпачынку, ёсць пляцоўкі для дзіцячых гульняў, дэндрапаркі, вальеры з дзікімі жывёламі, пабудаваны экалагічныя сцежкі, сіламі работнікаў лясгасаў праводзяцца экскурсіі па самых запаведных прыродных і гістарычных мясцінах, аказваюцца паслугі па фотапаляванні, рыбалцы, арганізуюцца веласіпедныя і пешыя ваяжы. Усяго і не пералічыш.




— Сёння нашы лясгасы могуць прапанаваць адпачываючым далёка не толькі паляўнічыя туры. У кожнай з гаспадарак створаны экалагічныя маршруты і сцежкі. Унікальныя, неверагодна цікавыя і займальныя пешыя, водныя, аўтамабільныя і нават конныя, — расказаў міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч. — Мы гатовыя праводзіць не толькі экскурсіі, але і сапраўдныя туры выхаднога дня. У гэтым кірунку цесна супрацоўнічаем з Міністэрствам спорту і турызму, якое з’яўляецца сувязным звяном паміж нашымі гаспадаркамі і тураператарамі.

muravsky@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter