За тэстам тэст

На ЦТ па рускай мове з аўдыторый былі выдалены дзесяць чалавек

Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Субота, каля 9.30. Усхваляваныя абітурыенты ўважліва вывучаюць універсітэцкія стэнды з раскладам і разыходзяцца па аўдыторыях. Кароткі інструктаж па правільным запаўненні бланкаў, і прыблізна каля 10.30 адказны арганізатар тэсціравання ў аўдыторыі дацэнт кафедры паталагічнай фізіялогіі БДМУ Дзмітрый Папутнікаў адкрывае канверт з заданнямі. Тэст па беларускай мове пачаўся...

Сітуацыі, падобныя гэтай, у мінулыя выхадныя складваліся ў дзясятках пунктаў тэсціравання па краіне. Дарэчы, усяго ў гэтым годзе іх — 58, і 25 знаходзяцца ў Мінску. У кожнай з аўдыторый у абавязковым парадку — прадстаўнік Дзяржкамісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў. У гэты дзень экзамен здавала больш за 25 тысяч чалавек.

Але калі першы экзамен ЦТ прайшоў без заўваг, ужо на наступны дзень з-за выкарыстання мабільных прылад аўдыторыі пакінулі дзесяць чалавек. Астатнім, а гэта больш за 76 тысяч абітурыентаў, за 120 хвілін патрабавалася знайсці адказы на 40 пытанняў тэста па рускай мове.

Наперадзе — яшчэ дзевяць экзаменаў ЦТ. Але абітурыентам у залежнасці ад таго, ідуць яны ў ССНУ або ВНУ, трэба справіцца яшчэ з адным ці двума выпрабаваннямі. І, каб прэтэндаваць на паступленне, набраць неабходную колькасць балаў. Дарэчы, вынікі экзаменаў, па традыцыі, становяцца вядомыя праз 15—16 дзён з моманту правядзення тэсціравання.

Сёння ў 11.00 аўдыторыі чакаюць абітурыентаў зноў, экзамен па грамадазнаўству здадуць больш за 10 тысяч чалавек. Далей згодна са спіскам 19 чэрвеня — біялогія і 20 чэрвеня — другі па масавасці ў гэтым годзе экзамен — па матэматыцы. У пятніцу яго плануюць здаваць 65 тысяч абітурыентаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter