Заўсёды гатовыя вастрыць пёры. Супраць «нехацімцаў»…

«Наперад да буйнай калектыўнай гаспадаркі!» — пад такім дэвізам пачала працаваць газета «Беларуская вёска» пачынаючы са жніўня 1929 года.

Вось як адгукнуўся на гэту падзею супрацоўнік рэдакцыі, вядомы паэт Паўлюк Трус:

Руйнуюцца межы паасобнай гаспадаркі

140 гаспадарак Клімавіцкага раёна арганізавалі адзін буйны калгас

(ад нашага спецыяльнага карэспандэнта)

«Першымі запісаліся ў калгас партыйная і камсамольская ячэйкі, а потым і актыў вёскі Дубровіца. Неўзабаве быў скліканы агульны сялянскі сход. На ім 60 гаспадароў запісаліся ў калгас. 13 адправілі на пасяленне ў Сібір, а заможнікі, дык тыя нікуды, так іх цяпер і дражняць «нехацімцамі»…

Да Дубровіцы вырашылі далучыць яшчэ вёску Папехінку. Сяляне там жывуць куды багацей.

На сходзе можна было пачуць такія выразы:

— Вы хочаце сагнаць нас у камуну…

— У Салаўкі нас не сашлеш, калі будзем выступаць на сходзе…

— Будуць стаяць над каркам прыганятыя…

Назвалі калгас «Ленінскі шлях». У ім — 900 гектараў зямлі, 719 душ, 400 — працаздольныя. Пакуль што гэта — самы буйны калгас у Беларусі.

…З лугу вяртаюцца касцы… Наперадзе ідзе старэнькі дзядок і запявае:

— Таварышу Рыкаву, прэдсаўнаркому, мы, калгаснікі, шлем свой прывет!..»

Паўлюк ТРУС

(«Беларуская вёска», 23 жніўня 1929 г.)

Сатырычны верш Паўлюка Труса

«Як чытаюць «Беларускую вёску» бядняк… кулак… сельсавецкі лайдак».

У «Беларускай вёсцы» былі ўпершыню надрукаваныя многія вершы Паўлюка Труса. Некаторыя напісаныя як бы на зададзеныя сельскагаспадарчыя тэмы: да прыкладу, «Калі хочаш, каб быў ураджай, дык жывёлу на рунь не пускай»...

А паэт Пятро Глебка прысвяціў дню калектывізацыі верш «Час да шчасця ісці», які газета змясціла на першай старонцы.

Леніна ШУМАН,  журналіст-ветэран «Белорусской нивы»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter