Ценить семью и дорожить порученной работой - кредо молодого руководителя ОАО "Бродец" Александра Крука

«Заўсёды ў чаканні новага працоўнага дня»

Дырэктар бярэзінскага ААТ «Брадзец» Аляксандр Крук: «Заўсёды ў чаканні новага працоўнага дня»

З сямі выпускнікоў Мачэскай сярэдняй школы Аляксандр Крук адзіны выбраў сельскую прафесію. З малых гадоў цікавіла яго тэхніка. Калі вучыўся ў восьмым класе, ад дзядулі Аляксандра (да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў ветурачом) дастаўся старэнькі матацыкл. Старанна разабраў яго, агледзеў і змазаў кожную дэталь, але пасля зборкі чамусьці рухавік не заводзіўся. Дапамог старэйшы брат Ягор, які прыехаў з Мінска на канікулы. Вучыўся ён на аграмеханічным факультэце Белдзяржагратэхуніверсітэта. Студэнтам гэтага факультэта пасля здачы ўступных экзаменаў стаў і Аляксандр (бацькі аплачвалі вучобу малодшага сына). Вытворчую практыку праходзіў на Бярэзінскім ільнозаводзе пад наглядам бацькі Мікалая Міхайлавіча, які працаваў галоўным інжынерам. За гады вучобы сталіца не спакусіла будучага інжынера, бо душу вясковага юнака трывожылі думкі аб вяртанні да пясчаных плёсаў Бярэзіны, да мілых сэрцу мясцін, дзе кожная сцяжынка знаёмая. Чакала там яго нявеста Кацярына. Іх сяброўства пачалося ў юнацтве, вучыліся ў адной школе. Кацярына пасля заканчэння лесаінжынернага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта атрымала накіраванне на працу ў Бярэзінскі лясгас. Вяселле маладыя ладзілі на радзіме.


– Запала ў сэрца пажаданне бабулі Вольгі Мікалаеўны: шанаваць сям’ю і даражыць даручанай справай, — узгадвае Аляксандр Крук. — Дзясяты год нашаму сямейнаму саюзу, падрастаюць два сыны. Старэйшы Ілья ў другім класе, малодшаму Цімоху і годзіка няма. Любіць, калі гушкаю яго. Але не часта гэта выпадае: на досвітку выходжу з дому, калі хлопчыкі спяць.

 Гаспадарка, якую шосты год узначальваю, вялікая, клопатаў шмат: чатыры малочна-таварныя комплексы і адна малочна-таварная ферма. Да ранішняга нарада абавязкова аб’язджаю ўсе фермы, каб сваімі вачамі ўбачыць, як ідуць справы на дойцы кароў. Галоўны ветурач Ірына Крывель у дэкрэце, а галоўны заатэхнік год таму звольніўся. Самому даводзіцца займацца жывёлагадоўляй, добра што дапамагае загадчыца МТК-1 «Брадзец» Ніна Віршыч (скончыла Смілавіцкі дзяржагракаледж). Вакантная ў гаспадарцы і пасада галоўнага агранома. Абавязкі яго сумяшчае з асноўнай работай галоўны інжынер Мікалай Крук, мой бацька.

— Атрымаўся сапраўдны сямейны пад­рад?

— Праз паўгода, як я ўзначаліў калектыў, запрасіў бацьку кіраваць інжынернай службай, вось так разам плячо ў плячо і працуем. Дапамагаюць нам галоўныя спецыялісты раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, за тэхналагічнымі кансультацыямі звяртаемся да вучоных, трывалыя кантакты наладзілі з навукоўцамі-жывёлаводамі. Пераймаем вопыт перадавых калектываў рэспублікі. Так, неаднаразова бываў у агракамбінаце «Сноў», смалявіцкай гаспадарцы «Азярыцкі-Агра», бялыніцкім СВК «Калгас «Радзіма». Новае імкнёмся прымяняць у сябе, выручае і бацькаў працоўны вопыт.

— Прызвычаіліся ім кіраваць?

— Мы адзін аднаго дапаўняем, а перад тым як прыняць важнае рашэнне, абавязкова раімся. Бацькавы парады слушныя: ён шмат гадоў пасля заканчэння сталічнага політэхнічнага інстытута працаваў галоўным спецыялістам на прамысловых прадпрыемствах, справу добра ведае. Бухгалтарам да выхаду на заслужаны адпачынак была маці. Цікавіцца, ці ўсё ў нас у парадку.

— Які ўклад гаспадаркі ў валавую вытворчасць сельгаспрадукцыі раёна?

— Амаль пятая частка агульнага аб’ёму прадукцыі палёў і ферм раёна вырабляецца ў нас. У калектыве звыш 110 працуючых. Штодзённа на бярэзінскі ўчастак ААТ «Здравушка-мілк» рэалізуем 11 тон малака, з якіх звыш 80 працэнтаў класа экстра. Значны прыбытак ад жывёлагадоўлі.

— Праблемным гаспадаркам дзяржава аказвае падтрымку. Ці атрымлівалі вы яе? Калі так, на што дакладна накіроўваеце гэтыя сродкі?

— Пасля далучэння да нас эканамічна слабага ААТ «Месціна» дзяржава выдзеліла паўмільёна рублёў на набыццё мінеральных удабрэнняў. Унеслі іх пад азімую сяўбу і спадзяёмся на аддачу. Значная дапамога дзяржавай аказана на абнаўленнне машынна-трактарнага парка. За апошнія два гады па лізінгу набылі два трактары «Беларус-3522», пагрузчык «Амкадор-342», два збожжаўборачныя і адзін корманарыхтоўчы камбайны гомельскай вытворчасці, культыватар КШМ-10 і розны прычапны інвентар. Гэта дазволіла справіцца з комплексам палявых работ.

— Які сезон выдаўся самым складаным?

— Першы, калі прыняў кіраўніцтва. Не хапала вопыту працы з людзьмі, ведаў па тэхналогіі вытворчасці. Нягледзячы на тое што ва ўніверсітэце атрымаў тэхнічную адукацыю, былі лекцыі па жывёлагадоўлі і раслінаводстве, але, як сутыкнуўся з практычнай дзейнасцю, адчуў, што атрыманых ведаў мала. Двойчы павышаў кваліфікацыю ў Белдзяржагратэхуніверсітэце, не перастаю займацца самаадукацыяй. Кіраўнік павінен адчуваць эканамічныя паказчыкі, умець аналізаваць дзейнасць кожнага структурнага падраздзялення, вышукваць і ўмела выкарыстоўваць рэзервы вытворчасці. 

Складаная сітуацыя ўзнікла летам: месцінскія механізатары пасля далучэння іх гаспадаркі да нас не выйшлі на працу, а пачыналася жніво. З чатырох месцінскіх збожжаўборачных камбайнаў два старыя адразу спісалі, у поле змог выйсці толькі адзін. Сем экіпажаў убіралі збожжавыя, працавалі без памочнікаў, нагрузка на тэхніку амаль падвоілася. Складана было, але справіліся. Наша хлебная ніва самая вялікая ў раёне. 

Асабліва вызначыліся на жніве камбайнеры Аляксандр Кніга, Віктар Аўсянскі, Валерый Стасевіч і Уладзімір Корык: кожны з іх намалаціў звыш тысячы тон зерня. Сярод вадзіцеляў на адвозцы ўраджаю з поля на збожжаток лепшымі прызнаны Сяргей Каханоўскі і Вячаслаў Казюка. Перадавікі прадстаўлялі гаспадарку на раённых «Дажынках», што ладзіліся ў аграгарадку Лешніца.

На нашых нізкаўраджайных землях кожны гектар даў па 30 цэнтнераў аўса, звыш 27 цэнтнераў ячменю і зернебабовых. Крыху менш атрымалі азімых пшаніцы, трыцікале і жыта. Парадавала кукуруза: на круг выйшла па 77 цэнтнераў зерня і па 300 цэнтнераў зялёнай масы.

У полі і зараз працуе тэхніка: механізатары Генадзь Цялюк, Аляксандр Собаль і Валерый Стасевіч уздымаюць зябліва.

— Аляксандр Мікалаевіч, якімі якасцямі павінен валодаць кіраўнік, каб адпавядаць пасадзе?

— Быць абсалютна справядлівым, патрабавальным у першую чаргу да сябе. Трымаць дадзенае слова і ніколі на паўдарозе не спыняцца, крочыць толькі ўперад. Да падначаленых адносіцца ўважліва, імкнуцца пачуць чалавека. Тады і аўтарытэт не міне.

— Якія перспектывы ў гаспадаркі?

— Па дзяржаўнай праграме на 2023 год запланавана будаўніцтва малочна-таварнага комплексу, выбрана пляцоўка для яго непадалёку ад аграгарадка Брадзец. У наступным годзе закажам тэхнічную дакументацыю. Увядзенне ў эксплуатацыю комплексу дасць магчымасць вырашыць праблему кадраў жывёлаводаў. На вакантныя пасады галоўных спецыялістаў чакаем выпускнікоў вышэйшых аграрных навучальных устаноў. Не хапае механізатараў. Некаторыя з тых, што летам адмовіліся працаваць на тэхніцы, вяртаюцца. У нас няма праблем з жыллём, незаселеныя дамы чакаюць гаспадароў. Калектыў папоўнілі механік Дзмітрый Навашынскі, выпускнік Клічаўскага дзярж­агракаледжа Анатоль Лапіцкі. 

— Якая рыса характару ў мужчыны, на вашу думку, павінна быць галоўнай?

— Стрыманасць і мужнасць. Адным гэтыя рысы даюцца ў спадчыну, а іншым іх трэба выпрацоўваць. Імкнуся сам такім быць, сыноў так хачу выхаваць. Важна яшчэ цаніць сяброўства. Са школьных гадоў сябрую з Максімам Верамейчыкам і Арцёмам Шліхтэрмаерам. Мы разам раслі, сталелі. Яны з працавітых, паважаных у нашай вёсцы сем’яў. Атрымалі вышэйшую адукацыю, знайшлі сябе ў жыцці. Сустракаемся, падтрымліваем адносіны. Вучуся ў іх стрыманасці, чалавечнасці. 

— Год завяршаецца. Ці ўсё, што планавалі, зроблена?

— Не ўсё атрымалася. Разлічвалі да зімы правесці рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў на малочна-таварнай ферме «Крапіўня» (там прывязнае ўтрыманне жывёлы), але шмат часу адняло далучэнне да нас месцінскай гаспадаркі. У цэлым год выдаўся плённым.

— Што сніцца маладому кіраўніку?

— Так натомішся за дзень, што ног не адчуваеш. Толькі заплюшчыш вочы, а ўжо трэба ўставаць. Новы працоўны дзень чакае. Праз месяц Новы год, пачнецца новы віток сялянскіх спраў. Жаданне здзяйсняць нешта новае толькі мацнее. Тым, хто не так даўно стаў дырэктарам, зычу ўпэўненасці ў сабе. Калі што не атрымліваецца, не дрэйфіць, а спакойна працаваць, кіраваць калектывам пачэсна і адказна. 

— У вядомага класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча неяк прачытаў, што ў былыя часы перад зімою пан аб’язджаў свае ўладанні і цікавіўся, каму з сялян чаго не стае. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Не ведаю пра пана, а да мяне, як да кіраўніка гаспадаркі, пастаянна сяляне звяртаюцца з рознымі просьбамі. Па меры магчымасці імкнуся дапамагаць. На тэрыторыі гаспадаркі шмат людзей сталага ўзросту, дзеці іх раз’ехаліся. Аднаму трэба агарод пераараць, другому дроў прывезці — нікога без увагі не пакідаем.

— Кіраўніку, каб усё атрымлівалася, неабходна добрае здароўе. Яго вам, Аляксандр Мікалаевіч, і зычу!

ДАВЕДКА «СГ»

З дыпломам інжынера па сельгасмашынах Аляксандр Крук два гады. Дальнабойшчыкам калясіў па беларускіх дарогах. Вярнуўся ў родны Бярэзінскі раён і ўзначаліў інжынерную службу ў філіяле сельгас­прадпрыемства «Арэшкавічы» ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў». Потым без ваганняў прыняў прапанову кіраўніцтва раёна ўзначаліць ААТ «Брадзец». Мінулым летам далучылі занядбанае ААТ «Месціна». Цяпер гаспадарка самая буйная ў раёне: з амаль 9000 гектараў зямель большая палова — ворыва, прыкладна 2000 гектараў заліўных лугоў і сенажацяў у пойме Бярэзіны. З амаль 2500 гектараў хлебнай нівы намалацілі 5551 тону збожжа, засыпалі ў засекі больш як 1000 тон зерня кукурузы. На кожную з 3199 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх амаль палова — дойны статак, назапасілі па 38,2 цэнтнера кармавых адзінак. У сенажныя траншэі заклалі звыш 18 000 тон сіласу і 12 200 тон сенажу.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter