Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

На свяце “Беларуская кухня” ў беларусаў Даўгаўпілса пабывалі госці з Бацькаўшчыны

За сталом ніхто не лішні

Наша Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” запрасіла сяброў на чарговае свята “Беларускaя кухня”. Яно вельмі ўсім падабаецца — вось і вырашылі зноў накрыць стол. Я б яшчэ назваў нашу традыцыю: Свята беларускіх смакаў. Вядучымі свята былі Вольга Паўловіч і Галіна Сантоцкая: абедзьве гаспадыні знатныя. Кожнаму, хто ішоў на свята, прапанавалі яны нечым падзяліцца-пахваліцца, прынесці нейкую сваю фірмовую беларускую страву. Ну і ўсе як панеслі! Стол аж ламаўся, і не хапала месца для ўсіх прысмакаў, прыгатаваных гаспадынямі. Прыкладам, самая вядомая страва — аладкі — былі на розныя густы, больш чым у дзясятку варыянтаў. Аўтааматары казалі: розныя опцыі... А яшчэ мачанкі, салянкі, закаткі... Было на што паглядзець і што пасмакаваць. І вельмі да месца прыйшліся на свяце самаробныя напоі: сокі ды віны. Была таксама зладжана прыгожая, хоць і невялікая, рознаколерная выстава ягад і гародніны — з дачных гаспадарак.

Свята “Беларуская кухня” — цёплае і душэўнае
Мікола Паўловіч

(Гэтае цікавае свята прайшло летась у верасні, а тэксту ўсё не было месца на старонках газеты: у нас, як кажуць млынары, вялікі завоз. Ды й цікавых іншых спраў у беларусаў Даўгаўпілса шмат. Мы вырашылі тэкст шаноўнага Міколы Паўловіча надрукаваць пад Масленіцу: гэта ж у тэму. Крэатыўна працуюць (і адпачываюць!) беларусы Даўгаўпілса! Мяркуем, каштоўны досвед спатрэбіцца і ў іншых суполках замежжа. — Рэд.)

На свяце нашым былі госці з Віцебшчыны, з горада Глыбокае: намесніца старшыні аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Зеваліч, інструктар-метадыст па турызме раённага Фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Ала Галай, намеснік дырэктара Глыбоцкіх энергасетак Валеры Казак. Мы паказалі гасцям наш горад і крэпасць, беларускія мясціны Даўгаўпілса. Яны пабывалі ў Цэнтры беларускай культуры, пра дзейнасць якога цікава і грунтоўна расказала метадыст ЦБК Марыя Памецька.

Беларусы Даўгаўпілса заклю­чы­лі пагадненне з Глыбоцкім рай­выканкамам аб дальнейшым супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі і турызму. Госці падаравалі нам цудоўную ляльку, шмат інфаматэрыялаў пра Глыбоччыну. І “Уздым” падараваў сувеніры, газеты суполкі, друкаваныя выданні пра нашу дзейнасць. Сярод гасцей быў і новы творчы гурт “Лада” (кіраўніца Вера Грынберт), які пажадаў далучыцца да нашага таварыства. Першае супрацоўніцтва было апрабавана ў мястэчку Опса, на Браслаўшчыне, калі святкаваўся Дзень беларускага пісьменства. На гэты раз гучалі песні на словы Станіслава Валодзькі і музыку Альберта Белуся, Андрэя Канавалава.

Вядучыя хораша вялі сустрэчу. На “Беларускай кухні” можна было пакаштаваць прысмакі, а таксама паслухаць прыказкі ды прымаўкі, разгадаць загадкі, пачуць цікавыя гісторыі пра беларускія стравы. Удзельніцы гурта “Купалінка” спявалі вясёлыя песні пра бульбу, зацірку і беларускую чарку. Госці ж нават прытанцоўвалі, пляскалі ў далоні, падпявалі ды частаваліся. Гаспадыні да таго ж абменьваліся рэцэптамі страў.

Паэт Станіслаў Валодзька таксама вялікі аматар беларускіх прысмакаў. Яны, падаецца мне, нават натхняюць яго часам на творчасць. На гэты ж раз ён парадаваў нас новым вершам “Ода бульбе”. А Зінаіда Сіліня падзялілася ўспамінамі з ранняй гісторыі дзейнасці таварыства, спявала цудоўныя беларускія песні. Натхнёна, з душою чытала ўрывак з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” Тэрэза Паўлава, а Жанна Бяляўская хораша прачытала верш пра беларускую шынку. Так што была, як бачым, спажыва і для душы. Таму й свята прайшло ў надзвычай цёплай, душэўнай атмасферы.

Мікола Паўловіч, сябра суполкі “Уздым”

Голас Радзімы № 8 (3512), чацвер, 23 лютага , 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter