Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларусы Нальчыка ўдзельнічалі ва ўрачыстасцях з нагоды 460-годдзя яднання народаў Кабардзіна-Балкарыі ды Расіі

За сталом ніхто не лішні

Да юбілею ў Нальчыку, сталіцы Кабардзіна-Балкарыі, быў прымеркаваны фестываль нацыянальна-культурных цэнтраў “Национальная палитра”. На плошчы Марыі ладзіліся этнападворкі, для гасцей і наведнікаў свята быў накрыты і стол нацыянальнай беларускай кухні — пастараліся актывісты з тамтэйшай суполкі “Сябры”. Яе кіраўнік Павел Сідарук даслаў у рэдакцыю здымкі са свята, патлумачыў: плошча названа ў Нальчыку ў гонар Марыі Цямрукаўны, жонкі Івана Грознага — была ж яна дачкою кабардзінскага князя Цемрука Ідарава, да хрышчэння насіла імя Гашаней (Кучаней). Цяпер, удакладняе Павел, у Кабардзіна-Балкарыі жывуць прадстаўнікі розных народаў, у тым ліку й каля тысячы этнічных беларусаў. А пры згаданым святочным стале асаблівым попытам карысталіся дранікі, калдуны, паляндвіца ды іншыя беларускія стравы. Многія ўдзельнікі свята, падыходзячы да “Сяброў”, прызнаваліся ў павазе да беларускага народа, некаторыя з іх бывалі ў Беларусі. Прыемна было тое чуць і бачыць беларусам, якія з задавальненнем выконвалі ролі народных дыпламатаў.

Удзельніцы ансамбля “Каларыт”

Мы ж пацікаваліся: хто гатаваў багаты стол? Хто на здымках разам з кіраўніком суполкі? “Са мною на здымку — сябры суполкі, — патлумачыў Павел Сідарук. — А нацыянальныя стравы да свята гатавалі дзве гаспадарлівыя жанчыны. Адна — гэта ўдзельніца нашага руху, этнічная беларуска Ларыса Міхайлаўна Шышла. Яна працуе намесніцай дырэктара па медыцынскай статыстыцы ў Медыцынскім інфармацыйна-аналітычным цэнтры Міністэрства аховы здароўя Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі. Другая — таксама з нашай суполкі: Ганна Васілеўна Бугаёва. Гэта мужная жанчына: у вайну яна была вязнем аднаго з дзіцячых фашысцкіх канцлагераў, створаных на тэрыторыі Беларусі”.

Беларускі стол пад час урачыстасцяў наведалі Кіраўнік Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі Юрый Кокаў, спікер Савета Федэрацыі Расіі Валянціна Мацвіенка, сенатар ад КБР Мухарбі Ульбашаў ды іншыя вядомыя ў рэспубліцы людзі.

Павел Сідарук з сябрамі па суполцы

На адным са здымкаў, дасланых у рэдакцыю, бачым жанчыну са скрыпкай. “Гэта Алена Генадзеўна Антонава, — удакладніў Павел Сідарук. — Яна руская па нацыянальнасці, але ўсёй душой любіць беларускую культуру. Працуе ў Дзяржфілармоніі КБР. На здымку і ўдзельнікі нашага вакальна-інструментальнага ансамбля “Каларыт” — яму ўжо сёлета 10 гадоў. Рэпертуар — шырокі, гэта ў асноўным беларускія песні. Гучаць у розных аўдыторыях і вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, якія на беларускай мове дэкламуе Альбіна Карава, этнічная кабардзінка. Кіруе ансамблем Таццяна Вячаславаўна Чумакова. Яна ж, дарэчы, аўтар слоў і музыкі песні “Беларусь і Расія”, і калі ансамбль “Песняры” быў на гастролях у КБР, то яна перадала песню артыстам. ВІА “Каларыт” удзельнічаў у Фестывалі самадзейных калектываў бела­рускіх зямляцтваў у Маскве (2008), адзначаны дыпломамі Пасольства Беларусі ў Расіі, Камітэта міжрэгіянальных сувязяў і нацыянальнай палітыкі Масквы. Ёсць у гурта і шмат іншых узнагарод, а дыплом за актыўны ўдзел у сёлетнім гарадскім Фестывалі нацыянальных культур “В семье единой” — адзін з апошніх”.

Калі тэкст рыхтаваўся да друку, Павел Сідарук паведаміў у рэдакцыю, што напрыканцы верасня Кабардзіна-Балкарыю наведаў Уладзімір Неронскі — ён кіруе аддзяленнем Пасольства Беларусі ў Расіі ў Растове-на-Доне. Дыпламат сустракаўся таксама і з актывістамі беларускай суполкі “Сябры”.

Голас Радзімы № 39 (3543), чацвер, 12 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter