На телеканале ОНТ расскажут о жизни основателя группы «Лесоповал» Михаила Танича и покажут документальный фильм ко дню рождения Владимира Меньшова

За ўсіх мацнейшае каханне

На наступным тыдні ў цэнтры ўвагі тэлеканала АНТ — юбілеі двух розных, але разам з тым любімых для публікі артыстаў. 15 верасня магло б споўніцца 98 гадоў вядомаму савецкаму паэту-песенніку Міхаілу Тані­чу. Дакументальны фільм пра аўтара знакамітых радкоў «На тебе сошелся клином белый свет…» пакажуць у эфіры тэлеканала 18 верасня. А днём пазней у 10:05 будзе нагода ўспомніць акцёра і кінарэ­жысёра Уладзіміра Мяньшова, які нядаўна сышоў ад нас. Да свайго 82-годдзя народны артыст Расіі не дажыў усяго два месяцы…

Карціна Уладзіміра Мяньшова «Масква слязам не верыць» стала адной з самых любімых і самых касавых за ўсю гісторыю савецкага кіно.

Па хвалях памяці

Яго называлі народным паэтам. Таму што ў сваіх вершах Міхаіл Таніч нібы агучыў думкі і надзеі мільёнаў савецкіх людзей. За права выконваць песні на яго вершы змагаліся самыя папулярныя артысты: Валерый Лявонцьеў, Ларыса Доліна, Ігар Нікалаеў, Валерый Сюткін, Алёна Апіна і Любоў Успенская.

А першай у яго талент і шчаслівую зорку паверыла васямнаццаціга­довая Ліда Казлова, якая была яго музай і адзінай жонкай доўгія 50 гадоў. Іх сумеснае жыццё — той рэдкі выпадак, калі менавіта каханне стала рухаючай сілай вялікага творчага поспеху Таніча. Бо калі б не Ліда, неаднойчы прызнаваўся артыст у інтэрв’ю, то і поспеху ніякага б не было.

Рэжысёры фільма прапанавалі ўдаве Міхала Ісаевіча скласці ім кампанію ў круізе па Маскве-рацэ на белым цеплаходзе, названым у яго гонар. «Міхаіл Таніч» адправіўся ў рэйс па маршруце Масква — Яраслаўль. Разам з ім па хвалях памяці яго вялікага, цяжкога, шмат у чым вельмі трагічнага і ў той жа час такога шчаслівага жыцця плыве яго каханая жанчына Ліда.

Асобны эпізод карціны пры­свечаны няпростым стасункам Міхаіла Таніча з сынам. Юрый адмовіўся ад бацькі па настаўленні маці, першай жонкі паэта Ірыны, калі той быў асуджаны. Хлопчык напісаў рэзкі і крыўдны ліст бацьку ў калонію. Вялікай працы каштавала Міхаілу Ісаевічу зноў упусціць сына ў сваё жыццё. Але дапамагла Лідзія: яна зрабіла ўсё магчымае, каб бацька і сын пасябравалі.

У 1990-х у жыцці Таніча адбылася важная падзея. Ён прыняў рашэнне заснаваць групу «Лесапавал» — у памяць аб днях, праведзеных на зоне. Сёння Лідзія Мікалаеўна працягвае справу мужа — працуе мастацкім кіраўніком калектыву.

Кіно пра жыццё

Фільм пра Уладзіміра Мяньшова — гэта карціна пра чалавека, які шмат чаго дамогся ў жыцці насуперак нявер’ю людзей у яго сілы. Аднак менавіта ён, Уладзімір Мяньшоў, стаў рэжысё­рам, які ўзяў «Оскар», і аўтарам карцін, якія да гэтага часу не сходзяць з тэлевізійных экранаў. Ён зняў усяго шэсць ігравых фільмаў, адзін з якіх дыпломны і кароткаметражны, а другі незавершаны. Атрымліваецца чатыры. Усяго чатыры поўныя метры! І 109 роляў у кіно. Але чаму ж тады Мяньшоў, які аднойчы атрымаў сусветнае прызнанне, так катастрафічна мала здымаў кіно сам? Пра гэта ў дакументальнай карціне «Хто сказаў: «У мяне няма недахопаў?» паразважаюць удава артыста Вера Алентава, іх дачка Юлія Мяньшова, унукі Андрэй і Таісія, а таксама калегі Карэн Шахназараў, Раіса Разанава, Валерый Гаркалін і Дзмітрый Харацьян.

...У 1979-м гледачы бралі касы кінатэатраў ледзь не штурмам. Усе хацелі ўбачыць кіно, за якое краіне далі «Оскара». За першыя тры месяцы паказаў у СССР карціна сабрала 90 мільёнаў гледачоў. Але ж перад здымкамі Мяньшову ўсе навокал казалі: «Не здымай ты гэтую лухту. Гэта не модна, гэта не трэба, гэта было ўжо сто разоў». Ды яшчэ і жонка, Вера Алентава, якая прачытала сцэнарый і якой Мяньшоў прапанаваў галоўную ролю, была не ў захапленні ад гэтай ідэі. Але Мяньшоў ведаў, аб чым гаварыў у сваім фільме. Аб каханні ў духу і атмасферы часу, які добра разумеў: камуналкі, забароны, сацыялістычныя спаборніцтвы і гэты выдатны і любімы горад, які ажыў праз 20 гадоў пасля вайны. Сваімі назіраннямі Мяньшоў і насыціў гэтую гісторыю — ад побыту да таго, як людзі тады размаўлялі…

leonovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter