За што купіў...

Вядома, што прагнозы — справа няўдзячная. Але кожнаму цікава хоць на хвіліначку, адчыніўшы “дзверы” часу, усё ж зазірнуць у будучыню
Вядома, што прагнозы — справа няўдзячная. Але кожнаму цікава хоць на хвіліначку, адчыніўшы “дзверы” часу, усё ж зазірнуць у будучыню.

Напярэдадні новага года шэраг вядомых аналітычных структур зрабіў свае высновы (аналіз і прагнозы), вызначыўшы галоўныя выклікі на міжнароднай арэне ў 2017-м наконт таго, як будзе развівацца палітычная і эканамічная сітуацыя ў свеце.

Паводле ацэнак Савета па міжнародных зносінах ЗША, які рыхтуе  адпаведныя даклады з 2008-га, галоўнай пагрозай наступнага года можа стаць дэградацыя стасункаў паміж Расіяй і НАТА. Размова ідзе пра “наўмысную альбо ненаўмысную ваенную канфрантацыю” Расіі на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Другое месца аддадзена “сур’ёзнаму  крызісу ў КНДР”. На трэцім — магчымая буйная хакерская атака “на крытычна важную амерыканскую іфраструктуру”. У спісе першачарговых пагроз для ЗША і саюзнікаў у 2017 годзе знайшлі сваё месца імаверныя тэракты на іх тэрыторыях. Аналітыкі папярэджваюць пра абвастрэнне становішча ў Афганістане, эскалацыі канфлікту паміж афіцыйнай Анкарой і курдамі, новы віток грамадзянскай вайны ў Сірыі і “ваенную інтэрвенцыю іншых дзяржаў” у рэгіёне.

Іх калегі з аналітычнай кампаніі Stratfor (другое ЦРУ) упэўнены: у 2017-м павысіцца палітычны аўтарытэт Расіі. На гэта паўплывае сітуацыя ў Еўропе (брэксіт) і Злучаных Штатах (перамога Дональда Трампа). Падобныя падзеі могуць выклікаць пацяпленне ў расійска-амерыканскіх адносінах альбо нават прывесці да адмены антырасійскіх санкцый. Гэта дазволіць Маскве вярнуць страчаныя пазіцыі і ў былых савецкіх рэспубліках, якія пачнуць пераасэнсоўваць свае знешнепалітычныя прыярытэты.

У іх ліку будуць Грузія і Малдова.

Насамрэч “зменлівыя палітычныя абставіны ў Еўропе і ЗША, — згадвае Stratfor, — могуць прымусіць украінскі ўрад змякчыць стаўленне да Мінскіх пагадненняў і прадэманстраваць больш зацікаўлены падыход да перамоў з Расіяй па пытанні Усходняй Украіны”.

Не застаўся ўбаку са сваімі “шокавымі прагнозамі” на будучы год і адзін з найбуйнейшых міжнародных форэкс-брокераў Saxo Bank.

На гэты раз яго эксперты лічаць: Вялікабрытанія не пакіне Еўрасаюз, ФРС ЗША давядзецца пайсці на новую праграму колькаснага змякчэння грашова-крэдытнай палітыкі (QE4), італьянскія банкі атрымаюць нечаканую дапамогу ЕС, эканоміка Кітая вырасце за год да 8 працэнтаў, Bitcoin (новая лічбавая крыптавалюта) скокне ў цане ў тры разы, а медзь патаннее ўдвая...

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter