За што Ігару Сігаву дзякавалі ў Галівудзе?

Заслужаны артыст Беларусі і даўні сябар “НГ” Ігар СІГАЎ за дваццаць гадоў творчай дзейнасці зрабіў сваё імя вядомым у краіне, блізкім замежжы, а з нядаўняй пары і ў Галівудзе.

Заслужаны артыст Беларусі і даўні сябар “НГ” Ігар СІГАЎ за дваццаць гадоў творчай дзейнасці зрабіў сваё імя вядомым у краіне, блізкім замежжы, а з нядаўняй пары і ў Галівудзе. Ён — першы беларускі акцёр, які ступіў на чырвоную дывановую дарожку на прэміі “Оскар” у Лос-Анджэлесе. Кінастужка “Дверь” Хуаніты Уілсан, дзе ён сыграў адну з галоўных роляў, спаборнічала за статуэтку ў намінацыі “Лепшы кароткаметражны фільм”. Скарыць Галівуд на першы раз не атрымалася, але ў Сігава яшчэ ўсё наперадзе. Нядаўна ён быў зацверджаны на пасаду дырэктара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Нягледзячы на перанесены інфаркт, працягвае самааддана служыць у тэатры і шмат здымаецца ў кіно. Аб першых кроках у яго новай іпастасі, поглядзе на айчынны тэатр і кінематограф, уражаннях і марах карэспандэнт “НГ” распытала яго самога.

Сакрэты поспеху

Нарадзіўся Ігар Сігаў у Полацку. Трэці, малодшы ў сям’і, якая ніяк не была звязана з мастацтвам. Мама працавала на заводзе, бацька — у кацельні. У школе быў “сярэднячком”: дакладныя навукі любіў больш, чым гуманітарныя. І зусім не мог падумаць пра тое, што калі-небудзь яго любімай справай у жыцці, а можа, нават і яго сэнсам стане тэатр. Захапляўся спортам. Яго фізічныя здольнасці заўважылі, калі Ігар абагнаў на кароткай дыстанцыі старшакласнікаў. Пачаў займацца бегам больш сур’ёзна і хутка стаў чэмпіёнам Полацка ў бегу на дыстанцыі 800 метраў. У юнацтве спрабаваў яшчэ скачкі ў даўжыню, акадэмічную грэблю... Дзякуючы сваім выдатным фізічным даным пры росце 187 сантыметраў і вынослівасці, мэтанакіраванасці, такіх патрэбных у кар’еры спартсмена, мог выбіраць любую спартыўную дысцыпліну. Аднак ён абраў тэатр. Таму што закахаўся ў дзяўчыну.

— Яе звалі Алена, — расказвае Ігар. — Нам тады было па чатырнаццаць гадоў. Абое займаліся ў тэатральнай студыі. Зайшоў туды выпадкова разам з сябрам. Каб заваяваць сімпатыю дзяўчыны, мне прыйшлося стаць лепшым акцёрам. Першае каханне — гэта казка. Калі любіш увесь свет і лётаеш на крылах. Яна потым працавала актрысай, а цяпер, наколькі мне вядома, працуе ў Полацкім Сафійскім саборы экскурсаводам.

— Аказваецца, сакрэт вашага поспеху ў каханні, а не толькі ў моцным характары?

— Напэўна. Калі прыйшоў у тэатральную студыю са сваім сябрам за кампанію, не марыў пра тое, каб стаць акцёрам. Я проста не разумеў гэтай прафесіі. Валянціна Пятроўна Нагорная, рэжысёр полацкага тэатра-студыі, прывіла мне любоў да тэатра. Гэты від мастацтва захапіў мяне рознабаковасцю. Дзякуючы сцэне можна пабываць чалавекам розных прафесій і поглядаў у розных эпохах.

Галівуд, здароўе і сям’я

— На кінапрэміі “Оскар” у вас была магчымасць пагутарыць з галівудскімі зоркамі?

— Блізка бачыў Кіану Рыўза. Журналісты, дарэчы, адзначылі, што мой смокінг, які я шыў на заказ у мінскім атэлье, быў не горшы, чым у яго. Стаяў паблізу з Анжалінай Джалі, сядзеў за адным сталом з Квенцінам Таранціна. Але не ў гэтым гонар! Яны ж такія людзі, як і ўсе мы. Пазнаўшы ў ва мне акцёра, што сыграў Мікалая ў стужцы “Дверь”, у якой раскрываюцца лёсы людзей пасля чарнобыльскай трагедыі, падыходзілі да мяне са слязамі на вачах і дзякавалі.

— Што для вас зараз самае галоўнае?

— Утрымаць той поспех, да якога ішоў усе гэтыя гады.

— Думала, што пасля перанесенага інфаркту вы абавязкова скажаце, што галоўнае — здароўе.

— І здароўе, канечне. У прафесіі акцёра галоўнае — не надарвацца. Летась у мяне было шмат цікавых прапаноў на здымкі ў расійскім кіно. Хацеў усюды паспець. Шэсць апошніх гадоў без адпачынку. Як вынік — інфаркт, 28 працэнтаў паражэння левага жалудачка. Зараз небяспека мінула. Урачы сказалі, што мне пашчасціла выжыць, бо нарадзіўся ў кашулі.

— Як ваша сям’я адносіцца да таго, што вы ўсё роўна не збаўляеце тэмп?

— Хвалююцца за мяне, канечне. Але ведаюць, што ўсё роўна менш мне працаваць альбо больш, вырашаю я. Дзякаваць Богу, мая дачка гэта разумее.

— Калі пераступаеце парог свайго дома, працу адразу забываеце?

— Складана сказаць. Дадому прыязджаю ў адзінаццаць вечара, з’язджаю ў дзесяць гадзін раніцы. У мяне ненармаваны працоўны дзень. Часам замкнёны ў сабе, і істэрыкі бываюць. Сям’і патрэбна гэта прыняць. Для гэтага трэба любіць мяне альбо не.

 Райскі куточак

— Апошнім часам вас настойліва запрашалі ў вядучыя тэатры краіны. Але вы адмаўляліся...

— Не магу здрадзіць майму роднаму тэатру. Прыйшоў сюды дваццаць гадоў таму маладым акцёрам, калі ён толькі нараджаўся. Будынак, дзе зараз размешчаны РТБД, рос на маіх вачах. Студэнтамі мы перабудоўвалі тут сцэну, лазілі і пад сцэнай, і пад дахам. Ведаю ў гэтым памяшканні кожны куток. У ім асаблівая аўра, якой больш няма нідзе. Падабаюцца людзі, якія працуюць тут. І потым я — Казярог. Складана адрываюся са звыклага месца. Але калі адчаплюся, то назаўсёды.

— Цяпер, калі вы сталі дырэктарам РТБД, што зробіце ў ім у першую чаргу?

— Змяню сцэну. Ёсць праблемы са святлом, з гукам. Зараз мы больш сталі ставіць музычна-пластычных спектакляў. Міністр культуры Беларусі, назначаючы мяне на пасаду, адзначыў, што трэба больш увагі ўдзяляць маладой беларускай драматургіі. І мы пойдзем у гэтым кірунку.

Свая хаціна на беразе возера

— У тэатры вы сыгралі больш пяцідзесяці роляў. Што новага адкрылі для сябе ў ролі ў прэм’ерным спектаклі Галіны Чарнабаевай “Ліфт”?

— У ім раскрываецца вобраз сталага мужчыны, які, захапіўшыся маладой дзяўчынай, сыходзіць да яе жыць, а потым вяртаецца да жонкі. У ёй працягвае адчуваць патрэбу як у чалавеку. Але ўсё не так проста. У спектаклі ёсць над чым задумацца. Пазнаць, магчыма, сябе ў нейкі момант. Я іграю мужа галоўнай гераіні і з’яўляюся на сцэне два ці тры разы.

— У новай стужцы “Беларусьфільма” “Адзінокі востраў” вы сыгралі хірурга-трансплантолага. Адзінота праходзіць “чырвонай ніткай” праз вобраз кожнага з герояў фільма. І паказана ў трагічным свеце. Ці даводзілася вам адчуваць сябе адзінокім?

— Адзінота — гэта мой звычайны стан. Многія з нас баяцца застацца адзінокімі, імкнуцца да стасункаў. І ў той жа час, не пабыўшы сам-насам, не суцішыўшыся, гледзячы на заход ці ўзыход сонца, не зрабіўшы пэўных высноў, зноў робяць памылкі. Яшчэ стараемся рэчамі агарадзіць сваю адзіноту. Апошнім часам мне часта прыходзяць думкі аб тым, каб з’ехаць жыць у вёску. Каб мець магчымасць пасядзець на беразе возера, паглядзець на ваду і падумаць пра нешта сваё.

— Гэта ваша мара?

— Так. Хацеў бы мець дом удалечыні ад горада. Але абавязкова побач з лесам і вадаёмам. А так звычайна адпачываю ў сваім родным Полацку ў мамы. Тыдзень — гэта самае вялікае, наколькі мяне хапае. Для мяне гастролі — таксама адпачынак. Змена абстаноўкі дае сілы, новыя эмоцыі.

— Калі так, то вы проста працаголік!

— Напэўна. Здымкі ў кіно — таксама для мяне адпачынак. Выходжу ў іншае асяроддзе, знаёмлюся з новымі людзьмі. Гэта натхняе. Амаль учора скончыў здымацца ў фільме Івана Паўлава “Мама-чкі” на кінастудыі “Беларусьфільм”. Там таксама іграю мужа. Так склалася, што апошнім часам у кіно я — альбо муж, альбо жаніх, альбо палюбоўнік.

— Як вы самі ставіцеся да гэтага замацаванага за вамі амплуа?

— Пакуль нармальна. Але, відаць, паціху трэба спрабаваць сябе ў новых іпастасях.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter