За рулём да канца дзён

Жыццё Бранiслава Антонавiча Хадзько заслугоўвае асобнай кнiгi...

Калi 97-гадовы бабруйчанiн Бранiслаў Хадзько праязджаў па горадзе на сваiх «жыгулях», iнспектары ДАI бралi яму пад казырок, а гараджане прыветна махалi!

Жыццё Бранiслава Антонавiча заслугоўвае асобнай кнiгi, а можа, i не адной… Нарадзiўся ён у 1914 годзе. Сталеў у Рагачове. Вучыўся ў Ленiнградзе на рабфаку. Пасля яго заканчэння працаваў на вiцебскiх, а затым на прадпрыемствах Бабруйска.

У 1939 годзе скончыў бабруйскую аўташколу, сеў за баранку аўтамабiля. На якiх толькi машынах не ездзiў – ЗIСе, АМО, «Крупачы», «Перамозе»… Цяпер яны – сапраўднае рэтра, а тады – модныя аўтанавiнкi, якiя не кожнаму даставалiся. Бранiслаў быў задаволены сваёй працай, машыны зберагаў, пры ваджэннi не дазваляў нiякiх вольнасцей. Цiкава, што да вайны ў горадзе быў толькi адзiн iнспектар дарожнага руху.

Усё б добра, калi б не войны… У трох з iх прымаў удзел Хадзько: першая – вызваленне Заходняй Беларусi, другая – савецка-фiнская, i трэцяя — Вялiкая Айчынная. Ён — бывалы салдат. А такога i ў разведку пасылалi, i ў снайперы запiсвалi, i, вядома, шафёрам накiроўвалi. Падвозiў боепрыпасы на перадавую, адтуль вёз параненых, розную амунiцыю. Быў неаднойчы пад прыцэлам у працiўнiка, у такiя «заварушкi» трапляў, што сам не ведаў, як з iх выбiраўся. У скарбонцы яго ўзнагарод — ордэн Чырвонай Зоркi, ордэн Айчыннай вайны 1-й ступенi, шэраг баявых медалёў.

А ў пасляваенны час Бранiслаў Антонавiч зноў працаваў вадзiцелем на прадпрыемствах горада, у прыватнасцi, на вагавым заводзе. I калi наш герой пайшоў на заслужаны адпачынак, не пакiдаў свайго любiмага занятку. Тым больш яго хацелi бачыць за рулём аўтамашыны. Ды ён нiколi новай тэхнiкi не прасiў, на старэнькай ездзiў. Заўсёды спраўнай, адладжанай, якая нiколi не падводзiла свайго гаспадара. Ён быў лепшым вадзiцелем прадпрыемста адзiн год, другi, трэцi…

А потым i пайшоў на пенсiю, але без машыны не застаўся — меў уласны «жыгулёнак», якi набыў трыццаць год таму. У двары дома Бранiслаў Антонавiч узвёў гараж, каб не трэба было хадзiць далёка. Куды ездзiў? На кiрмаш, да родзiчаў, у лес па грыбы ды ягады. Калi не стала жонкi, ездзiў да яе на могiлкi.

Уявiце, сем дзясяткаў гадоў – за рулём. Аднак жа не адной машынай захапляўся Бранiслаў Антонавiч, ён быў на ўсе рукi майстар: мог адрамантаваць кран, электрычныя прыборы. Чытаў шмат, пiсаў вершы. Не так даўно Бранiслава Антонавiча не стала. Але многiя яго запомнiлi сапраўды жыццярадасным чалавекам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter