За пяць крокаў

Праз колькі дзён пачнецца запіс на цэнтралізаванае тэсціраванне

Тым, хто плануе прыняць удзел ва ўступнай кампаніі гэтага года, трэба быць напагатове. Ужо праз пяць дзён пасля чарады свят будзе дадзены старт уступнай кампаніі гэтага года. З 2 мая пачнецца запіс на цэнтралізаванае тэсціраванне. Прадоўжыцца ён да 1 чэрвеня ўключна. З 27 чэрвеня па 1 ліпеня — рэгістрацыя для ўдзелу ў рэзервовы дзень. У кожнай вобласці і ў Мінску вызначаны ўстановы адукацыі, на базе якіх будзе праходзіць гэтая працэдура.

Нагадаем, што пастановай Міністэрства адукацыі ад 9 красавіка 2014 г. № 32 «Аб правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання па вучэбных прадметах у 2014 годзе» зацверджаны графік правядзення ЦТ. Першае выпрабаванне — па беларускай мове — пройдзе 14 чэрвеня, 15 чэрвеня абітурыенты здадуць рускую мову, 17 чэрвеня — грамадазнаўства, 19 чэрвеня — біялогію, 20 чэрвеня — матэматыку, 22 чэрвеня — гісторыю Беларусі, 23 чэрвеня — хімію, 24 чэрвеня — фізіку, 25 чэрвеня — сусветную гісторыю найноўшага часу, 27 чэрвеня — замежныя мовы, 28 чэрвеня — геаграфію. Усе выпрабаванні традыцыйна будуць пачынацца ў 11.00.

Рэзервовым днём для правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання, якое пройдзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, стане 5 ліпеня (субота).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter