За пяць хвiлiн з падпалкоўнiка у палкоўнiкi

Здарылася гэта ў тыя часы, калі не было сучасных...

Здарылася гэта ў тыя часы, калі не было сучасных тэхнічных сродкаў падрыхтоўкі і вядзення радыёперадач. Аднойчы рэдактар раённага радыёвяшчання захварэў, а ў горадзе і раёне з’явілася вострая неабходнасць перадаць некалькі тэрміновых паведамленняў. Даручылі мне зрабіць гэта ў прамым эфіры, без запісу. Перадача вялася прама з радыёлінейнага цэха раённага вузла электрычнай сувязі.

Я павінен быў зачытаць загадзя падрыхтаваны тэкст. Для мяне гэта не ўяўляла цяжкасці. Аднак тут прыбавіўся яшчэ адзін клопат: справа адбывалася напярэдадні Дня Перамогі, і таму слова ў эфіры трэба было прадаставіць раённаму ваеннаму камісару. Яго я добра ведаў, ён доўгі час служыў у званні падпалкоўніка. Я так і аб’явіў: «Слова для выступлення прадастаўляецца падпалкоўніку Пятрову».

Ваенны камісар, беручы ў мяне з рук мікрафон, паказаў жэстам на свае пагоны. О бацюхна! Там ужо было па тры зоркі. Значыць, палкоўнік! Я ж яшчэ не ведаў, а пачынаючы перадачу, хвалюючыся, не звярнуў увагі.

І вось цяпер, пакуль ваенкам віншаваў жыхароў горада і раёна з надыходзячым святам, я стаў думаць, як выйсці з гэтага пікантнага становішча. І прыдумаў.

Як толькі ваенкам закончыў сваю прамову, я забраў у яго мікрафон і аб’явіў: «Вы слухалі выступленне раённага ваеннага камісара палкоўніка Пятрова».

…На працягу некалькіх дзён знаёмыя гараджане, сустракаючы мяне, жартавалі: «Гэта ж трэба: за пяць хвілін з падпалкоўніка зрабіў палкоўніка!»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter