За працу ўзяцца

На БМЗ створаць больш за тысячу новых рабочых месцаў

Больш за тысячу новых рабочых месцаў створаць на Беларускім металургічным заводзе.

Гэта стане магчымым дзякуючы маштабнай мадэрнізацыі прадпрыемства, якая ўключае стварэнне новай вытворчасці і рэканструкцыю той, што ўжо дзейнічае. Пры гэтым самую вялікую колькасць працаўнікоў чакаюць у новым сортапракатным цэху.

— Набіраць сюды людзей пачнуць у першым паўгоддзі 2014 года, — расказвае Аляксандр Алесік, прэс-сакратар БМЗ. — Пакуль жа на аб’екце актыўна ідуць будаўнічыя і мантажныя работы.

Акрамя таго, у снежні гэтага года 52 чалавекі набяруць у капаравы цэх, дзе будзе ўведзена ў эксплуатацыю новая вапна-абпальная ўстаноўка. Сярод іх — машыністы кранаў, электраманцёры, слесары. Пасля рэканструкцыі рабочыя рукі спатрэбяцца і ў электрасталеплавільнай вытворчасці, куды дадаткова змогуць уладкавацца 38 чалавек.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter