Хакейны турнір стаў кульмінацыяй раённага спартыўна-мастацкага свята «Зіма-2016»

За «Колас» у Верхнядзвінску гуляў старшыня

ПЯЦЬ лепшых хакейных каманд раёна змагаліся за права называцца мацнейшай. У фінал выйшлі «Маланка» і «Колас». Падагравала цікавасць  тое, што за апошнюю гуляў старшыня райвыканкама Ігар Марковіч. Паядынак трымаў у напружанні гледачоў да апошніх хвілін. Ва ўпартай барацьбе з лікам 3:2 перамагла «Маланка».


Хакейны турнір стаў кульмінацыяй раённага спартыўна-мастацкага свята «Зіма-2016». А напачатку прайшлі захапляльныя конкурсы па выкананні булітаў, спаборніцтвы па шорт-трэку. Звыш шасці дзясяткаў чалавек прадэманстравалі сваё майстэрства бегу на каньках. У выніку самымі хуткімі сталі Таццяна Паленная, Максім Макрыцкі і Аляксандр Сіманаў.

Трэба зазначыць, што ў Верхнядзвінскім раёне актыўнаму вобразу жыцця надаюць вялікую ўвагу. Асабісты прыклад падае  Ігар Марковіч. Толькі летась адбудавана занава паркава-пляжная зона ў Верхнядзвінску, дзе зманціравана спартыўнае абсталяванне і зроблены дзіцячыя пляцоўкі. Каля гарадскога стадыёна адкрыта  комплексная спартыўная пляцоўка са штучным пакрыццём. У аграгарадку «Бігосава» праведзена рэканструкцыя спартыўнай залы. Па міжнародным праекце «Рух — жыццё» закуплены лыжы, зроблена асвятленне на лыжнай трасе і больш сучаснае — на хакейнай каробцы ў райцэнтры.

Фото Валерыя САЛАЎЁВА

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter