Аб чым пісала «Сельская газета»70 гадоў таму

За год у Раёўцы вырасла 28 хат

КАСТРЫЧНІЦКІЯ нумары нашай газеты 1945-га прысвечаны фінішу сельскагаспадарчых работ. Заходнія вобласці скончылі ўборку зернавых і зернабабовых. Калгасы і аднаасобныя сялянскія гаспадаркі рэгіёна ўбралі на 230 тысяч гектараў больш, чым у 1944-м. Увесь убраны хлеб заскірдаваны і 56,3 працэнта каравая абмалочана. У Гродзенскім раёне (першым у Беларусі) пачалася ўборка цукровых буракоў. Першымі прыступілі да копкі ў калгасе імя Калініна і сяляне Пігулінскага і Навасёлкаўскага сельсаветаў. Ураджайнасць салодкіх клубняў — 350 цэнтнераў з гектара.


Поўным ходам ідзе ўборка гародніны на калектыўных і індывідуальных агародах працоўнымі прадпрыемствамі краіны. Сотням тысяч рабочых трэба сабраць ураджай з плошчы болей як у 30 тысяч гектараў. Асабліва паспяхова спраўляюцца з заданнем на падсобных гаспадарках прамысловых прадпрыемстваў. Напрыклад, калектыў завода імя Молатава (Мінскі прыборабудаўнічы завод — Аўт.) з кожнага гектара сабралі 500 пудоў бульбы, 400 пудоў капусты і 300 пудоў памідораў. Настолькі ж паспяхова ладзіцца праца на агародах Мінскага медыцынскага інстытута. 

Пашыраецца сетка ўрачэбных пунктаў на Смаргоншчыне. Якраз пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У самім райцэнтры аднавілі амбулаторыю і бальніцу на 70 ложкаў, на сяле — 3 амбулаторыі, 2 бальніцы, 3 ФАПы. З будаўніцтвам дапамагаюць самі вяскоўцы. Напрыклад, для рамонту Залескай амбулаторыі людзі прывезлі дошкі, цэглу, фарбу. Заканчваецца будаўніцтва ў Жодзінскім сельсавеце. Напярэдадні Кастрычніцкіх святаў будзе адчынена бальніца на 30 ложкаў на Войстаўскім урачэбна-амбулаторным участку. А камсамольцы Зэльвенскага раёна закладваюць алеі Перамогі ў райцэнтры. Яны засадзілі дэкаратыўнымі дрэвамі і раслінамі парк культуры і адпачынку.

Цікавы аповед пра родную вёску Раёўка Маладзечанскага раёна даслалі ў «Савецкі селянін» вяскоўцы Мікалай і Васіль Поласы, Мікалай і Іван Цыганюкі, Пятро Шклейнік і Іван Галюк. Жыццё Раёўкі пры панскай Польшчы было цяжкім. Зямлі нямнога, хлеба не хапала, ды і нават купляць яго няма за што. Потым вайна… Немцы поўнасцю спалілі паселішча, толькі чатыры дамы ацалелі. І вось доўгачаканая перамога. На добраўпарадкаванне мірнага жыцця паўплывала, як зазначаюць аўтары нататкі, выдача грашовых крэдытаў. Сельскі Савет кожнаму гаспадару размеркаваў цэглу і па 30 кубаметраў лесаматэрыялу. Кожны дзень у вёску прывозілі па 15—20 кубаметраў лесу. Першыя бярвенні выкарысталі для пабудовы дамоў сем’яў чырвонаармейцаў і партызан. Так фактычна меней чым за год у Раёўцы пабудавалі 28 хат, яшчэ некалькі здадуць у эксплуатацыю праз месяц. Да зімы рыхтуюцца пераехаць у новыя кватэры Адам і Аляксандр Ярашэвічы, Іван Галюк.

У заходніх абласцях БССР адкрыты тысячы беларускіх школ, у якіх дзеці рабочых і сялян навучаюцца на сваёй роднай мове. Да прыкладу, у Івацэвіцкай сярэдняй школе вучням расказваюць пра 28-ю гадавіну Кастрычніка (на здымку). А васьмігодка Будслава Мядзельскага раёна таксама перайшла на навучанне на роднай мове замест польскай (яе выкладалі да 1939 года). Многія ўрокі вядуць настаўнікі — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Гісторыю, напрыклад, выкладае загадчык вучэбнай часткі Міхаіл Савельеў. Ён сам быў у партызанскім атрадзе, потым — на фронце. За баявыя заслугі ўрад узнагародзіў яго ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «Партызану Айчыннай вайны I ступені». Вайсковую справу выкладае Іван Харчанка. Ён стары салдат, прайшоў франты Вялікай Айчыннай, мае ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

uskova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter