За гарамі — Навагрудак!

Гатычныя храмы, легендарныя каралі, просты люд, які жыве ў палацах, а яшчэ найсмачнейшыя сыры, найдужэйшыя спартсмены і найурадлівейшыя палі. Усё гэта — толькі тут, у гістарычным цэнтры Вялікага княства Літоўскага, дзе сёння жыццё віруе, як у часы Міндоўга і МіцкевічаГоры, горы... Машына мчыцца, як на атракцыёне “Супер-8”: рэзка ўздымаючыся і са свістам спускаючыся з чарговага ўзвышша, што атачылі з усіх бакоў старажытны Навагрудак. Пад’язджаючы да цэнтра, яшчэ больш уражваешся: над ваколіцамі ўздымаюцца руіны крэпасці. Па масіўных мурах відаць, што некалі гэта была моцная цытадэль. Паводле легенд тут у далёкія часы была першая сталіца Літвы, тут княжыў кароль Міндоўг. Аўто тым часам робіць яшчэ адзін пад’ём і спыняецца на галоўнай плошчы. Адсюль добра відаць жоўты дамок з чарапічным дахам. Указальнік сведчыць, што сядзіба — родны дом класіка сусветнай літаратуры Адама Міцкевіча.

10—11 ліпеня Навагрудак адзначыць 965-ы дзень нараджэння. У горадзе дагэтуль захавалася гара Міндоўга. Паданне сцвярджае, што тут славуты валадар быў пахаваны. Дзень каранацыі караля, 6 ліпеня, у Літве адзначаюць як Дзень дзяржавы. Сёлета святкаванне супала з 1000-годдзем згадкі назвы суседняй краіны ў летапісах. Навагрудчане, між тым, лічаць, што таксама маюць дачыненне да гэтага свята, бо Вялікае княства Літоўскае нараджалася ў тым ліку на іх землях.
Цікава, што навагрудскі народны строй вельмі падобны да літоўскага. У гэтым я пераканаўся, калі Людміла Аніскіна, дырэктар гарадской дзіцячай школы мастацтваў, пазнаёміла з музыкамі народнага самадзейнага калектыву “Гумарэска” (перад вамі — іх здымак, зроблены фотакарэспандэнтам “НГ” Максімам Прупасам на Замкавай гары). Гэтымі днямі “Гумарэска” акурат гастралявала ў Літве. Ансамбль штогод запрашае да сябе ў госці мэрыя мястэчка Прэнай, пабраціма Навагрудка, што стаіць на беразе бацькі Нёмана. Тут каторы год праходзіць фестываль “Ціха-ціха цячэ Нёман”. Каля ракі сёлета зноў гучалі літоўская і беларуская музыка, мова. Гэтым разам навагрудчане скарысталіся нагодай і ўнеслі беларускі ўклад у святкаванне 1000-годдзя Літвы.
А 10—11 ліпеня ўжо ў Навагрудку чакаюць гасцей і з Літвы, і з Беларусі, і з усяго свету. Святкаванне Дня горада пройдзе як у навуковым асяроддзі (запланавана канферэнцыя гісторыкаў), так і фэстам на цэнтральнай плошчы (выступяць “Гумарэскі”, Аляксандр Саладуха, іншыя народныя зоркі).
Спецвыпуск “НЭГ”, які выйдзе напярэдадні свята, дапаможа вам вызначыць уласны маршрут падарожжа па горадзе-легендзе. А тут ёсць чаму здзіўляцца. Спецыфічная мясцовая архітэктура: прыватныя дамы многіх местачкоўцаў маюць не простыя ганкі, а абавязкова з круглымі грэчаскімі калонамі. Такія сядзібы “галерэяй” абкружаюць аўтавакзал, сустракаюцца каля замка. А будынак райвыканкама не “кананічны” прамавугольны шэры гмах, а амаль палац з фасадам у стылі барока — спадчына часоў “панскай Польшчы”.
Не толькі ваколіцы, але і сам горад — гэта “амерыканскія горкі”: дарогі пакручастыя, з многімі паваротамі. Аўтамабілісту мо такая планіроўка не надта даспадобы, а вось пешаму вандроўніку — самае то. Як прыемна, ідучы па вузенькай вулачцы, раптам нечакана “спаткацца” з белым-белым, а ад таго святым-святым касцёлам святога Міхала. Дзівосы — на кожным кроку: “нырнуўшы” ў завулак побач з Домам культуры (помнік архітэктуры XIX стагоддзя), прайшоўшы рады камянічак, што колісь належалі мясцовым яўрэям, апынешся перад царквой святых Барыса і Глеба ў стылі готыкі. Сцены гэтага праваслаўнага храма звонку аздоблены спічастымі аркамі, а столь, упрыгожаная нервюрамі скляпенняў, нагадвае марскую зорку!
На наступным тыдні, шаноўныя чытачы, я і мае калегі падзелімся з вамі і іншымі ўражаннямі з ваяжу — на старонках спецыяльнага выпуску “Народнай эканамічнай газеты”. Пагаворым, вядома, не толькі пра культуру, але і пра гаспадарку, і нават спорт. Плануйце з дапамогай “НГ” падарожжа па Навагрудку ў гэтыя цудоўныя ліпеньскія дні!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter