Отличник образования директор Шашковской средней школы: за годы учебы воспитанники становятся родными

Выдатнік адукацыі дырэктар Шашкоўскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна Ірына Колясень: «За гады вучобы выхаванцы становяцца роднымі»

Дваццаць першы год кіруе педагагічным калектывам выдатнік адукацыі Ірына Казіміраўна КОЛЯСЕНЬ. Родны Стаўбцоўскі раён пакідала толькі на гады вучобы ў сталічным педінстытуце імя Максіма Горкага, які стаў БДПУ імя Максіма Танка.

Напярэдадні Дня настаўніка сустрэліся з Ірынай Казіміраўнай у Шашкоўскай сярэдняй школе. Прайшлі па стылізаваных светлых класах-кабінетах, зазірнулі ў спартыўную і трэнажорную залы, агледзелі ўтульную сталоўку: усюды ідэальны парадак і чысціня. Узводзіўся навучальны корпус з размахам на 640 месцаў, а сёння тут вучыцца ў восем разоў менш школьнікаў. Сем выпускнікоў атрымалі сёлета атэстаты сталасці, тры з якіх медалісты. Абсалютна ўсе сталі студэнтамі ВНУ.


На пытанне, ці застаюцца працаваць на зямлі выхаванцы сельскай школы, дырэктар Ірына Колясень адразу пачала пералічваць прозвішчы і пасады былых вучняў:

— У стаўбцоўскім ААТ «Шашкі» інжынерную службу ўзначальвае Сяргей Сляпінін, а Іван Раўкоўскі — галоўны энергетык гэтай гаспадаркі. Аляксандр Дударэвіч пайшоў па слядах бацькі, кіруе суседнім ААТ «Вялікі Двор». Пасля заканчэння сталічнага медуніверсітэта вярнулася ў свой раён і працуе доктарам у Коласаве Крысціна Кутас. Трактарыстамі і жывёлаводамі сталі школьныя выпускнікі розных гадоў. Гаспадарка забяспечвае маладыя сем'і жыллём.

Нябачным магнітам прыцягвае наша Стаўбцоўшчына. У свой час і я пераканала мужа пераехаць сюды. Пасля заканчэння сталічнага педінстытута атрымала накіраванне ў барысаўскую вёску Маісееўшчына. Там і пазнаёмілася з выпускніком Віцебскага ветінстытута Сяргеем Коляснем. Мы пажаніліся. У Стаўбцоўскім раёне нас прыняў старшыня калгаса «Чырвоны Кастрычнік» Антон Уладзіміравіч Юнцэвіч. А потым мужа перавялі галоўным заатэхнікам калгаса «За мір», а я стала выкладаць рускую мову і літаратуру ў Старынскай базавай школе. Дваццаць гадоў таму прыняла эстафету кіраўніцтва педкалектывам ад Ніны Уладзіміраўны Дубовік.

— Адкуль пачатак вашага шляху ў настаўніцтва?

— З далёкага дзяцінства. Мае мары нібыта падслухоўваў хуткацечны Нёман. Бацька Казімір Аляксандравіч працаваў на мясакамбінаце, маці Марыя Аляксандраўна ўзначальвала раённае таварыства Чырвонага Крыжа і кіравала прафсаюзам медпрацаўнікоў. Мяне аддалі ў школу № 2 Стоўбцаў. У першым класе было 42 вучні. Як толькі засвоіла грамату, у асобны сшытак запісала прозвішчы аднакласнікаў і дома выклікала іх да дошкі, ставіла адзнакі. Любіла чытаць, наведвала літгурток. З малодшых класаў узнікла жаданне складаць вершы. На дзень нараджэння мне падаравалі ляльку, і я адразу прысвяціла ёй вершык. З бацькам ехала ў піянерскі лагер і ўсю дарогу рыфмавала радкі. Захапленне літаратурай у старэйшых класах вызначыла мой выбар. У час вучобы ў педінстытуце выязджалі ў аддаленыя слуцкія вёскі збіраць фальклор, а на занятках зачароўваў змястоўнымі лекцыямі беларускі лінгвіст Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі.

Прафесія настаўніка асаблівая: навучальны год пачынаецца з Дня ведаў, затым наша свята, зімою — сустрэчы з выпускнікамі, вясною — апошні званок, а хутка і школьны баль.

— Ірына Казіміраўна, выхаванцы з вамі падтрымліваюць сувязь?

— З тымі, што засталіся ў родных мясцінах, бачуся пастаянна. У Стаўбцоўскай раённай дзяржаўтаінспекцыі працуе Сяргей Болсун, пры сустрэчы першым вітаецца. Як і Віктар Няміра. У школьныя гады ён не любіў чытаць, і трэба было ўгаворваць, каб хаця паслухаў вершы Блока, Маякоўскага. Але як здзівіў мяне сваёй ацэнкай паэзіі! Віктар — будаўнік, узорны сем'янін. Таццяна Якаўлева атрымала вышэйшую адукацыю і, калі прыязджае з Мінска да родных, абавязкова зазірне ў школу. Аляксандр Кутас — інжынер. Педагогамі, спецыялістамі розных галін народнай гаспадаркі сталі выхаванцы. Алена Кахоўская паступіла на журфак БДУ.

— Звычайна зімою выпускнікі збіраюцца на традыцыйную сустрэчу. Як у вас яна праходзіць?

— Заўжды з хваляваннем чакаю гэтай падзеі, кожнай сустрэчай даражу. Усёй школай рыхтуемся. На жаль, сёлета не давялося пабачыцца: ляжала ў рэанімацыйнай палаце райбальніцы. Букеты кветак былыя вучні прынеслі дамоў і папрасілі мужа перадаць мне. У святочныя дні тэлефон не змаўкае: прымаю віншаванні з усіх куткоў Беларусі і з-за мяжы. За гады вучобы выхаванцы становяцца роднымі. У вёсцы большая магчымасць надаць увагі кожнаму вучню, а таму па ўзроўні атрыманых ведаў нашы школьнікі не саступаюць гарадскім. Павел Сахар на Міншчыне стаў прызёрам у намінацыі «Вучэбная дзейнасць» і атрымліваў стыпендыю Прэзідэнта. Цяпер ён студэнт універсітэта радыёэлектронікі. Нашы каманды пастаянна перамагаюць на абласных алімпіядах, гульнях КВЗ.

— Для педагога важна не толькі даць веды падапечным, але і сфарміраваць іх светапогляд. Як у вас вядзецца гэта работа?

— Пачынаецца яна з верасня. Першакласнікаў рыхтуем да ўступлення ў акцябраты. Ніколі не змаўкаў піянерскі горн. Старшакласнікі аб'яднаны ў пярвічную арганізацыю БРСМ. Пастаянна ладзім масавыя дзіцячыя мерапрыемствы, запрашаем гасцей. Часта выступае перад вучнямі былы дырэктар школы Ніна Уладзіміраўна Дубовік. Яна ўзначальвае парт-арганізацыі камуністаў раёна. Дзеці заўжды з цікавасцю слухаюць яе расповеды пра гісторыю школы, слынных людзей. Мудра вяла ўрокі Алена Антонаўна Шыманец і Ганна Уладзіміраўна Куніцкая.

У Год гістарычнай памяці ўзмацнілі патрыятычнае выхаванне. Вучні шэфствуюць над помнікам землякам, паўшым пры вызваленні Шашкоў ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Пастаянна падтрымліваюць парадак і ля стэлы, усталяванай у суседняй вёсцы Зуберава ў гонар загінулых партызан. Там праводзім мітынгі, урачыста прымаем школьнікаў у піянеры.

Збіраем матэрыялы па гісторыі роднага краю. Ад людзей запісалі два паданні, адкуль паходзіць назва аграгарадка Шашкі. Першае сведчыць, што вакол былі балоты, дзе здабывалі торф. Дзялілі яго на невялікія кавалкі — шашкі. Другое паданне сцвярджае, што ў навакольных балотах вадзіўся звярок шашок. Новымі падзеямі поўніцца сучасная гісторыя.

— Якую ўвагу ў выхаваўчым працэсе надаяце духоўнасці?

— На ёй грунтуецца выхаваўчая работа. У Шашках пераважна жывуць вучні з праваслаўных сем'яў, а суседнія вёскі Ругаец, Старына, Найдзёнавічы, Гуменаўшчына заселены каталікамі. Настаяцель нашай царквы айцец Сергій на ўрачыстай лінейцы блаславіў усіх на новы навучальны год. Цішыня пануе на яго ўроках славянскага пісьменства. Прыязджаў на сустрэчу з навучэнцамі і педагогамі ксёндз са сталічнага Чырвонага касцёла.

У мінулым жніўні ўсёй школай прымалі паломнікаў Усебеларускага крыжовага ходу, што накіроўваліся са Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра ў Мінск. Іх шлях пралёг праз Шашкі. Усім калектывам гатавалі посны абед на 120 асоб (былі апошнія дні Успенскага посту). Пілігрымы заначавалі ў нас і назаўтра шчыра дзякавалі за цёплы прыём. Для вучняў гэта быў яскравы прыклад шчырасці чалавечых адносін.

— Стаўбцоўшчына — радзіма Якуба Коласа. На пачатку лістапада спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння вашага слыннага земляка. Як плануеце адзначыць юбілей?

— Для нас вялікі гонар звацца яго землякамі. Па прынёманскіх сцежцах хадзіў Пясняр, роднаму краю прысвяціў геніяльныя творы. Часта пісьменнік наведваўся на Стаўбцоўшчыну. У дзень яго юбілею правядзём урачыстую вечарыну, дзе будуць гучаць вершы і спевы на словы Якуба Коласа. Штогадова ладзім вандроўку на яго малую радзіму ў Альбуць, Акінчыцы, Смольню. Асабіста сябрую з дырэктарам коласаўскага мемарыяльнага музея на Стаўбцоўшчыне Яўгенам Іванавічам Шавялём. У нашу школу ён прывозіць перасоўную экспазіцыю, прысвечаную жыццю і творчасці народнага паэта. Выстаўляем яе ў актавай зале. У святочны дзень у Стоўбцах плануецца адкрыццё помніка Якубу Коласу, рыхтуемся прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве.

Пастаянна знаёмім вучняў з жыццём і дзейнасцю іншых вядомых землякоў. Не заціхае ў нас і шэфская работа. Вучні складаюць дровы адзінокім пенсіянерам, упраўляюцца на агародах, прыбіраюць у дамах і на падворках.

Навучальную праграму ўзмацняем выхаваннем пачуцця гордасці за родную Беларусь. На ўроках рускай літаратуры даю магчымасць школьнікам выказаць думкі пра герояў мастацкіх твораў, паразважаць пра сучаснае жыццё. Ніколі не павышаю голас, бо гэта не ў маіх правілах. Сяброўка прыемна здзівілася, калі ўбачыла, як дзеці на школьным падворку збягаліся ў абдымкі да мяне. Калі каго паўшчуваю, доўга сабе месца не знаходжу. Назаўтра падыду і супакою чалавека. Не шкадую цёплых слоў. На педсаветах аналіз работы калектыву пачынаю са станоўчага, толькі потым звяртаю ўвагу на тое, што не атрымалася.

— Навучэнцы вашай школы ў асноўным з сямей хлебаробаў, жывёлаводаў, вясковых інтэлігентаў. Як усталёўваеце кантакт з бацькамі?

— Стала правілам: настаўніца першакласнікаў знаёміцца з іх сем'ямі — так наладжваецца сувязь на доўгія гады. Дзеці, у каго бацькі працуюць на фермах, трактарах, ведаюць: пакуль старэйшыя на працы, трэба накарміць жывёлу, прыбрацца ў хаце, вячэру згатаваць. У восень — работ восем: неабходна паспець ўсюды ўправіцца. Вясковым дзецям клопатаў хапае, але гэта не ўплывае на вучобу. Наадварот, тыя, што больш занятыя па гаспадарцы, як правіла, лепш і вучацца.

— Як ставіцеся да таго, што некаторыя вучні, асабліва восенню, прапускаюць заняткі: дапамагаюць бацькам на палявых работах, а ў каго ёсць карова, адбываць радоўку?

— На жаль, ужо няма радовак. На пачатку дырэктарства было чатыры статкі кароў у вяскоўцаў, а зараз засталося крыху болей дзясятка на ўвесь аграгарадок. Адпадае неабходнасць трымаць іх, бо ў магазіне багаты выбар малочных прадуктаў. Дазваляем вучням дзень-другі дапамагчы бацькам на полі, агародзе ці садзе. Для тых навучэнцаў, каму неабходна падтрымка, ладзяцца стымулюючыя заняткі. Настаўнікі праводзяць іх на грамадскіх пачатках.

— Як вядзецца выхаваўчая работа, каб у юнакоў абуджалася жаданне працягваць справу бацькоў?

— Калектыў педагогаў у нас у асноўным жаночы. Ёсць і некалькі мужчын. Настаўнікі Міхаіл Міхайлавіч Сурко, Васіль Рыгоравіч Кутас і Юрый Аляксандравіч Бабіч любую неабходную рэч змайструюць, яны сапраўдныя прафесіяналы. Ладна абсталявалі трэнажорную залу, а гаспадарка часткова дапамагла сродкамі. Два трэнажоры мы атрымалі ў падарунак ад выпускнікоў і фізкультурна-аздараўленчага комплексу, два — ад райвыканкама. Не толькі па буднях, але і ў выхадныя ажыўлена ў трэнажорнай зале.

Перад парадным уваходам у школьны будынак трэба было перакласці тратуарную плітку. Настаўнік гісторыі Міхаіл Міхайлавіч Сурко са старшакласнікамі справіліся з гэтым хутка і акуратна. Не толькі даём нашым выхаванцам веды, але і рыхтуем іх да самастойнага жыцця, каб адчувалі сябе гаспадарамі.

У нас склаліся дзелавыя адносіны з дырэктарам ААТ «Шашкі» Паўлам Уладзіслававічам Кучынскім. Вучні і педагогі перабіралі бульбу і зарабілі запасаў для сталоўкі. Ад гаспадаркі атрымліваем фінансавую падтрымку для набыцця навучальнага абсталявання, а таксама мінеральныя ўдабрэнні для школьнага агарода.

Дзейнічае праект «Школа актыўнага грамадзяніна». Кожны чацвер галоўныя спецыялісты сельгаспрадпрыемства расказваюць вучням пра прафесіі агранома, заатэхніка, інжынера, ветурача, эканаміста. Для старшакласнікаў ладзіліся практычныя заняткі ў прыватным садзе індывідуальнага прадпрымальніка ў вёсцы Ругаец. Там яны прышчэплівалі галінкі, даглядалі сад. Сёлета вучні 10—11-х

класаў атрымліваюць прафесію трактарыста. Чатыры разы на тыдзень ездзяць на заняткі ў Старасвержаньскую сярэднюю школу. Сельскія прафесіі набывалі ў асноўным дзеці са шматдзетных сем'яў. Для іх будуюць жыллё ў горадзе. Нямногія з іх вернуцца ў вёску.

— Якім бачыце будучае сельскіх школ і іх настаўнікаў?

— Хацелася, каб вёскі амалоджваліся, звінелі там дзіцячыя галасы. Тады будзе праца і настаўнікам. Наша гаспадарка выдзяляе значныя сродкі на развіццё інфраструктуры. У аграгарадку Шашкі створаны спрыяльныя ўмовы для жыцця людзей: ёсць клуб, храм, тыпавая школа, амбулаторыя, сельсавет, магазіны. Прыгожымі сучаснымі дамамі забудаваны вуліцы. Сюды сталі вяртацца. Так, школу папоўнілі вучні са сталіцы, бацькі-праграмісты якіх абралі наш аграгарадок для жыцця. Другая сям'я мінчан тут добраўпарадкавала аграсядзібу. Спадзяваюся, што з іх возьмуць прыклад іншыя гараджа-не. Мясціны ў нас непаўторнай прыгажосці, чыстае паветра.

— Ірына Казіміраўна, якім павінен быць сучасны вясковы настаўнік?

— Настаўнік, дзе б ён ні працаваў, павінен адпавядаць часу, трымаць прафесійны ўзровень, упэўнена стаяць на актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Такой імкнуся сама быць.

Нікому не зайздрошчу, жыву як выпадае. Мне пашчасціла стаць настаўнікам, удзячна лёсу і за цудоўнага мужа. З Сяргеем Уладзіміравічам выхавалі сына і дачку. Заўжды былі загружаны працай. Сын Дзяніс прасіў праверыць сачыненне, а я адмахвалася, каб пачакаў. Мала надавала яму ўвагі. Ён атрымаў дыплом інжынера па сельгасмашынах у сталічным аграрна-тэхнічным універсітэце, вярнуўся ў свой раён. Ад галоўнага інжынера гаспадаркі вырас да старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама. Дачка Наталля з першага класа вучылася на выдатна. На тэсціраванні атрымала 100 балаў па грамадазнаўстве, паспяхова скончыла юрыдычны факультэт Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, працуе юрыстам філіяла Гарадзейскага цукровага камбіната ў Стоўбцах. У дзяцей свае сем'і. Падрастаюць унукі Ксенія, Іван, Міхаіл. Дапамагаем іх выхоўваць.

— Для адпачынку з дзецьмі, унукамі час знаходзіце?

— За ўсё жыццё толькі два разы была ў беларускіх санаторыях. Для мяне найлепшы адпачынак, калі мы ўсе разам. Побач векавая Налібоцкая пушча, унікальныя сядзібы «Сула», «Кругліца». Чаго ехаць кудысьці, калі навокал царства прыроднага багацця?

— Ці ёсць у вашым жыцці ўчынак, за які сорамна?

— На жаль, ёсць. І сорамна, і балюча за яго. Калі не стала бацькі, убітая горам маці захварэла. Паклалі яе ў райбальніцу. Па службовых справах я прыехала ў Стоўбцы і зайшла да яе ў палату. Доўга не затрымалася, бо трэба было паспець на педагагічную нараду. Паабяцала, што вярнуся. Нарада зацягнулася, і пасля яе ў нашу вёску адпраўляўся апошні аўтобус. Нічога не заставалася, як ехаць дамоў. Было гэта ў пераднавагоднія дні. Усю ноч сон не браў: сціскала сэрца, што не стрымала слова. Як потым высветлілася, матуля ўвесь вечар чакала мяне. Хутка яе не стала. Не магу дараваць сабе, што так і на заехала тады. З-за мітусні не хапіла часу. Думаем, што бацькі вечныя, а час няўмольны. Маці была глыбока веруючай. Ідзе ў касцёл, а суседкі запрашаюць пасядзець з імі на лавачцы. Каб не пакрыўдзіць, яна адказвала, што яшчэ насядзіцца з імі, а пакуль душа да Бога прагне.

— А ваша душа пра што марыць?

— Каб нашы дзеці і ўнукі не зведалі аніякай бяды. Раніцай падымаюся і прашу ва Усявышняга ладу паміж людзьмі і кожнаму здароўя.

— Вялікі дзякуй, паважаная Ірына Казіміраўна, за вельмі цікавую і карысную размову. З надыходзячым святам — Днём настаўніка — вас і ўсіх вашых калег у нашай роднай Беларусі!

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter