За доўгім рублём

Тэма занятасці — сярод топавых не толькі ў нашай краіне. Ад яе збалансаванасці залежыць сацыяльна-эканамічнае развіццё рэспублікі, сітуацыя на рынку працы, будучыня і дабрабыт кожнага, мір і спакой у грамадстве. Менавіта таму на нядаўнім пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі пад старшынствам Міхаіла Мясніковіча адзначалася: паскарэнне росту колькасці занятых у эканоміцы павінна стаць для ўсёй вертыкалі ўлады мэтавай задачай на наступны год, а паказчык занятых у эканоміцы неабходна ўнесці ў лік найважнейшых у прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.

Каб зразумець, чаму адбываецца так, а не інакш, не трэба быць эспертам па эканамічных пытаннях. Тут усё проста — гэта магчымасці дзяржавы. Будзе больш працуючых у народнай гаспадарцы — больш падаткаў атрымае казна.   

Пасля фактычнага стварэння агульнага рынку працы, спачатку ў Саюзнай дзяржаве, а цяпер у Еўразійскім эканамічным саюзе, хутка расце ўнутраная працоўная міграцыя сярод насельніцтва краін пяцёркі, што ўваходзяць у ЕАЭС. Вядома, на згаданыя сацыяльныя працэсы паасобку ўплываць складана: чалавек шукае дзе лепей. Можна сказаць,  вырашае ўласныя жыццёвыя праблемы. Някепска, калі сям’я беларуса (працоўнага мігранта) рэгулярна атрымлівае “на жыццё” валютныя пераводы, але падаткі ён плаціць усё ж чужой дзяржаве. Значыць, неабходныя сродкі не ідуць на айчынныя абарону, ахову здароўя, адукацыю і культуру... Як тут не ўзгадаць рэзанансны Дэкрэт № 3.

Да ведама: толькі летась сума падобных пераводаў ад фізічных асоб — працоўных мігрантаў — склала 263 мільёны долараў (у сярэднім 294 долары за адну банкаўскую транзакцыю). І гэта толькі малы кавалак айсберга — большая частка беларусаў асабіста альбо праз сяброў перадае заробленыя грошы дадому.  

Згодна даклада Цэнтра вывучэння перспектыў інтэграцыі, толькі ў Расіі зараз працуе каля аднаго мільёна нашых грамадзян. Гэта дзве трэці ўсіх беларусаў, якія знайшлі працу за мяжой. Таксама каля паўмільёна нашых суайчыннікаў маюць рабочыя месцы ў Польшчы, Літве, Казахстане, ЗША, Нарвегіі і Фінляндыі. Вось такая атрымліваецца  “карціна маслам”.

Аднак атрымаць выгоды ад агульнага рынку працы нашай краіне ўсё ж патрэбна: мы валодаем вялікімі вытворчымі, іфраструктурнымі і інтэлектуальнымі магчымасцямі, а значыць, можам спадзявацца на рэалізацыю на сваёй тэрыторыі буйных інтэграцыйных праектаў (у межах ЕАЭС). Безумоўна, тады спатрэбіцца больш кваліфікаваных працоўных рэсурсаў, у тым ліку з замежжа.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter