За буквары!

Пашчасціла мне наведаць у Мінску ўнікальную выставу “Беларускі буквар: 400 гадоў гісторыі”, якую адкрылі ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі і прымеркавалі да юбілею першага ў свеце выдання пад назвай “Буквар”. Ён быў надрукаваны з падачы беларусаў. Так што мы можам ганарыцца — у буквара беларускія карані.

Я быццам зноў апынуўся ў маленстве. Проста вочы разбягаліся ад безлічы прадстаўленых на выставе экзэмпляраў: знакамітых буквароў і азбук XVI—ХХІ стагоддзяў — розных па складзе, графіцы, мастацкім аздабленні, педагагічных прыёмах навучання чытанню і пісьму.

Буквар, канешне, не быў самай першай кнігай для навучання пісьму і чытанню. Такія падручнікі існавалі і раней — нашы далёкія продкі вучыліся па кнігах Францыска Скарыны, Івана Фёдарава, Лаўрэнція Зізанія і іншых. Але менавіта выданняў пад назвай “Буквар” дагэтуль сапраўды не было. Гэтая кніга здолела сістэматызаваць увесь назапашаны вопыт у навучанні грамаце і на той час была самай дасканалай. “Буквар” быў разлічаны не толькі на дзіцячую, юнацкую, але і на дарослую аўдыторыю.

Дарэчы, калі б не падтрымка беларускага магната Багдана Агінскага, кнігі магло б і не быць. Ён падтрымаў тагачасны цэнтр праваслаўнай культуры — Віленскі Свята-Духавы манастыр, выдавецкая дзейнасць якога была забаронена з-за публікацыі “Трэнаса” Мялеція Сматрыцкага. Радзімай першага “Буквара” стала не Вільня, а мястэчка Еўе Троцкага ваяводства прыблізна за 40 кіламетраў ад сучаснай літоўскай сталіцы. Там знаходзіўся маёнтак Агінскага. І герб спонсара можна ўбачыць на першай старонцы кнігі.

Па наш час захаваліся два асобнікі падручніка, па якім вучыліся нашы далёкія продкі. Няпоўны — у Каралеўскай бібліятэцы Даніі, поўны — у Вялікабрытаніі, у бібліятэцы “Мідл Тэмпл”.

Як цудоўна, што ў Нацыянальнай бібліятэцы з’явілася лічбавая копія першага “Буквара” з Каралеўскай бібліятэкі Даніі. Цяпер дакрануцца да выдатнага гістарычнага помніка ў анлайн-рэжыме зможа любы ахвотны на сайце нашай галоўнай бібліятэкі. Хочацца, каб хутчэй стала даступным шырокай грамадскасці і факсімільнае перавыданне першага “Буквара”.

Мяне як педагога не можа не радаваць, што ў гонар шаноўнага юбілею ў гарадах, пасёлках і вёсках Беларусі адбудзецца шмат цікавых мерапрыемстваў. І ўвесь сёлетні год пройдзе пад знакам 400-годдзя буквара. Гэта своеасаблівы працяг святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. І як тут не згадаць красамоўныя словы Уладзіміра Караткевіча: “Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта — чалавек ці народ”.

Канстанцін Карнялюк, Віцебск
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter