Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі на цырымоніі прынясення прысягі

За будучыню незалежнай Беларусі

Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі на цырымоніі прынясення прысягі








Дарагія суайчыннікі!

Паважаныя прадстаўнікі дыпламатычных місій, высокія госці!


Сёння я звяртаюся да вас з асаблівым хваляваннем. Мяне перапаўняе пачуццё гонару за наша з’яднанае грамадства, за мільёны землякоў — грамадзян свабоднай Беларусі.

Падчас праведзенай кампаніі па выбарах Кіраўніка дзяржавы наш народ у чарговы раз прадэманстраваў усяму свету высокую палітычную культуру, адзінства перад тварам знешніх выклікаў і незалежнасць меркаванняў. Нас не раз’ядналі ў мінулым, не ўдалося гэта зрабіць і цяпер і, я абсалютна ўпэўнены, ніколі не ўдасца зрабіць гэта ў будучыні.

Шматлікія назіральнікі, і нашы, і замежныя, маглі пераканацца ў тым, што ўся выбарная кампанія прайшла спакойна, адкрыта, у строгай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам. Усім кандыдатам былі прадстаўлены шырокія магчымасці для агітацыі.

Я ад усяго сэрца дзякую вам, дарагія суайчыннікі, усім тым, хто мяне падтрымаў. Хачу падкрэсліць, што гэта абсалютна не мой, не асабісты поспех, гэта — наша агульнанацыянальная перамога! Гэта перамога беларускага народа!

Падкрэсліваю без усялякай ліслівасці: упершыню за ўсе перадвыбарныя кампаніі гэта была кампанія, назіраючы за якой, і я, і ўсе вы ганарыліся самімі сабою і ганарыліся на­шым народам. Вы бачылі, што рабілася вакол, а народ спакойна, ціха, адкрыта прыйшоў і паказаў, хто гаспадар у гэтым доме. У гэтым велізарная заслуга беларускага народа. І я ганаруся тым, что служу гэтаму народу.

Сапраўды, у няпросты гістарычны момант народ прадэманстраваў з’яднанасць, масава прыняўшы ўдзел у выбарах. Сваімі галасамі людзі выказалі прыхільнасць да той унутранай і знешняй палітыкі, якую мы праводзім больш за два дзясяткі гадоў. І заўважце, гэтая палітыка не дасталася нам у спадчыну. Тады былі зусім іншыя выклікі. Тады мы жылі ў вялікай краіне, якая была здольная дыктаваць усяму свету ўмовы існавання і ўраўнаважваць гэты свет. Сёння іншыя выклікі, і нам у адзіночку часам даводзілася фарміраваць унутраную і знешнюю палітыку, дзесьці спатыкаючыся, дзесьці натыкаючыся на перашкоды, але мы ніколі не хлусілі, мы нікога ніколі не падманвалі, мы ішлі сваім шляхам, і гэты шлях паказаў правільнасць на­шых дзеянняў.

Значыць, нашы намаганні не дарэмныя. Нам сапраўды ёсць што адстойваць сёння і ёсць чым ганарыцца.

Усе разам мы стварылі жыцця­здольную дзяржаву, якая стабільна развіваецца.

Пабудавалі нямала жылля, школ, бальніц, цудоўных палацаў культуры, спартыўных арэн, сучасных дарог і іншых аб’ектаў інфраструктуры. Мадэрнізавалі тысячы прадпрыемстваў прамысловасці, якія, я ўпэўнены, ужо ў гэтай пяцігодцы дадуць свой эфект.

У сціслыя тэрміны вырашылі праблему харчовай бяспекі. Мы апранулі людзей. Больш за тое, прадукцыя беларускага АПК ператварылася ў сур’ёзную крыніцу экспарту.

Створаны патэнцыял дасць магчымасць нам нават у перыяд глабальных эканамічных узрушэнняў забяспечваць развіццё Беларусі.

Можа быць, у сувязі з высокім пратакольным абавязкам сённяшняга мерапрыемства скажу некалькі слоў, як гавораць у народзе, “не ў радок”, але будзе няправільна, калі я гэтага не скажу. Так, сапраўды, у народзе накапіўся вельмі вялікі пласт спадзяванняў. Сёння мы жывём у свабодным грамадстве, народу ўкідаюць розныя ідэі, народ прымушаюць думаць. Але народ мае патрэбу ў тым, каб была генеральная лінія, каб народ гэты нехта вёў. Зразумела, мы на гэтым шляху кагосьці набываем, кагосьці страчваем, хтосьці становіцца нашым прыхільнікам, хтосьці — не, я гэта хілю да таго, што і вы, напэўна, чуеце: ужо занадта шмат сёння гавораць і пішуць пра рэформы, пра структурныя рэформы, і ніхто не сказаў, а што гэта за рэформы. Што жа гэта за структурныя рэформы? Але калі нехта за рэформы, то вы ж будзьце сумленныя і скажыце, што трэба зламаць палітычны лад, дзяржаўнае ўладкаванне Беларусі, трэба раздзяліць-разрэзаць дзяржаўную народную ўласнасць і раздаць. Трэба гаварыць адкрыта: да гэтых рэформаў нас штурхаюць і за гэтыя рэформы сёй-той у свеце гатовы шмат заплаціць.

Задайце сабе пытанне: нам патрэбныя такія рэформы? Ужо ж вакол правялі падобныя рэформы — наша брацкая Расія, наша брацкая Украіна. Дзякуй, што тут сёння і расіяне, і ўкра­інцы. Яны паспрабавалі, паспыталі гэтых рэформаў. І што? Вось гэтым мы павінны адказваць на галасы аб тым, што дрэнна ў той сістэме, якую мы стварылі. Я ўсё часцей і часцей задумваюся над гэтымі прапановамі (а яны гучаць і з уладных кабінетаў як прапановы Прэзідэнту): што ж мы зрабілі не так? Ну давайце паглядзім: нарадзіўся малы, да трох гадоў любы з бацькоў мае магчы­масць сядзець з дзіцем, выхоўваць яго, атрымліваць бясплатныя лякарствы. Я ўжо не гавару пра тое, што калі ён забудзе прыйсці ў бальніцу або дзіцячую паліклініку, то ўрачы яму хутка нагадаюць, што трэба прыйсці абследаваць малога. Гэта значыць мы з першых дзён акружылі клопатам гэтага малога і яго бацькоў. Ды што там з першых дзён, вы паглядзіце, як мы важдаемся з парадзіхамі. Нідзе ў свеце гэтага няма. А колькі мы выхадзілі 500 — 700-грамовых дзетак. У нас летась, дзякуй богу, і пазалетась не памерла ніводнай парадзіхі. На няшчасце, мы не змаглі выратаваць адну ў мінулым годзе і ўрачы ведалі, што не змогуць выратаваць. Ніхто ў свеце не мае такі паказчык смяротнасці парадзіх. Мы на трэцім месцы ў свеце па дзіцячай смяротнасці, пасля Германіі і Швецыі. Нараўне з імі ідзём. Лідарамі з’яўляемся. Мы стварылі самую магутную ў свеце сістэму аховы здароўя. І гэта не я яе ацэньваю. У знак увагі да зробленага нядаўна паўсвету з’ехалася міністраў аховы здароўя, свяцілаў медыцыны ў Беларусь, каб вывучыць досвед. Мы распісалі знізу даверху, якія працэдуры ўрачы павінны выконваць у фельчарска-акушэрскіх пунктах, ва ўчастковых бальніцах, раённых, абласных і цэнтральных клініках. Дзе кожнаму чалавеку атрымаць тую ці іншую дапамогу. Мы аснасцілі самым сучасным абсталяваннем нашы клінічныя бальніцы і цэнтры. Але купіць можна любое медыцынскае абсталяванне. Галоўнае — гэта людзі, урачы. Мы падрыхтавалі самых сучасных урачоў. Сёння ў любой дзяржаве, куды б я ні прыехаў, мяне просяць: дапамажыце падрыхтаваць урачоў, дапамажыце падрыхтаваць інжынераў. Дапамажыце, просяць у нас у СНД, падрыхтаваць спецыялістаў рабочых спецыяльнасцяў, таму што нідзе больш не засталося прафтэхвучылішчаў. Мяне просяць дапамагчы, а мы ўжо прыняць не можам нават за вялікія грошы. Таму што ні ў інтэрнатах, ні ў вучэбных кабінетах, лабараторыях у нас месцаў не хапае для замежных грамадзян. І мы ствараем гэтыя інтэрнаты, ствараем гэтыя месцы, таму што атрымліваем за гэта добрыя грошы. І потым, людзі, якія з’ехалі ад нас, — гэта нашы людзі, яны з’яўляюцца носьбітамі нашых ідэй, нашай ідэалогіі, усяго нашага свету, у якім мы ўсе жывём.

Гавораць: рэформы! Дык што? Давайце сёння рэфармуем ахову здароўя, давайце яе зламаем! Калі вы да гэтага гатовыя і народ гэтага хоча. Я ўжо гэта гаварыў, не ўтрыруючы: я гатовы правесці любую рэформу, але не за кошт суседа. Я нездарма гэта гавару. Нядаўна правялі сацыялагічныя даследаванні сярод нашага народа. Людзі гавораць: рэформа — гэта ня­дрэнна, але калі пачынаеш тлума­чыць, што такое рэформа, што атрымліваецца? Так, я за рэформы, але не за мой кошт, за кошт суседа. Мы такія рэформы праводзіць не можам. Калі вы гатовыя на гэтыя рэформы, давайце сумленна скажам: гэта павышэнне пенсійнага ўзросту, гэта платная медыцына, гэтая платная адукацыя і гэтак далей. Калі вы гатовыя, то гэта можна зрабіць за паўгода. Нічога не ламаючы, зробім. Але давайце паглядзім: тут у зале экс-прэзідэнт Украіны. Ён вам раскажа, як рэфармавалі ў апошнія гады ва Украіне і што мае гэтая ахова здароўя ў брацкай нашай, роднай для мяне Украіне? Дык давайце вучыцца на чужых памылках.

...Дык вось, малы падрос, пайшоў у дзіцячы сад. У дзіцячым садку вы што, плаціце грошы? Драбяза, капейкі. У асноўным усё на бюджэце, на дзяржаве вісіць. Скончыў дзіцячы сад — падумайце, мы стварылі педагагічныя комплексы. Калі дзіця з садка адразу заходзіць у іншыя дзверы — у школу, каб не было стрэсаў, узрушэнняў, няньчым гэтае дзіця, яно там атрымлівае і бясплатнае харчаванне. Гэта было ўведзена ў тыя паслячарнобыльскія гады, калі нам есці не было чаго. Тады мной было сказана ў Гомельскай вобласці: у многіх сем’ях есці няма чаго, таму накормім дзіця ў дзіцячым садку добрым абедам — гэта будзе яго жыццё, гэта будзе яго здароўе. І з тых часоў мы кормім усіх у школе. Чалавек закончыў 9 класаў — мае права вызначыцца: або пойдзе ў ВНУ, або пойдзе ў тэхнікум-каледж, атрымае спецыяльнасць. Але самае галоўнае, скончыўшы ВНУ, тэхнікум, мы законам гарантавалі яму абавязковае першае працоўнае месца. Ён нідзе не туляецца, не шукае работу, яму адразу дзяржава, як бы ні было складана, прапаноўвае першае працоўнае месца. І так адбываецца станаўленне нашага чалавека. Дык што, гэтую сістэму зламаем? Што ў гэтай сістэме трэба рэфармаваць? Або гавораць у прамысловасці, у сельскай гаспадарцы: давайце на зямлю ўвядзём прыватную ўлас­насць. Напэўна, мы яшчэ адны ў свеце засталіся, хто не ўвёў гэтую прыватную ўласнасць. Разрэжам яе на кавалкі, раздадзім фермерам. Слухайце, у нас крыху больш за 3 тысячы фермераў і ні на аднаго больш, ці менш кожны год. Хтосьці сыходзіць, хтосьці прыходзіць. Сёння кіраўніка буйнога прадпрыемства складана знайсці таленавітага. А вы хочаце гэтым небаракам зямлю раздаць, якія будуць лапатай яе капаць? Да нас немцы прыязджаюць і зайздросцяць. Я ў іх пытаю: спадары, што ж вы нам зайздросціце, вы ж нас штурхаеце на тое, каб падзяліць зямлю. Мы не штурхаем, мы — фермеры, нам бы, гавораць, такія латыфундыі ў 10 — 20 тысяч гектараў. Мы, кажуць, калі б не падтрымка дзяржавы, прапалі б даўно. І вось сёння гэтай падтрымкі не хапае ў Францыі, Германіі. Паглядзіце, якія забастоўкі ў сялян. Нідзе на зямлі не было і не будзе лёгка працаваць. Усе мы гэта павінны разумець: на зямлі багатым не станеш. І ўсе павінны, прыйшоўшы да зямлі, гэта разумець. Скажыце, што зламаем у сельскай гаспадарцы? Якую сістэму створым на тым месцы, за якое мы змагаліся 20 гадоў? Нас білі, церабілі за тое, што мы захавалі калгасы, саўгасы. Мы “з перапуду” пры Сідорскім іх перайменавалі ў буйныя кааператывы. Хоць яны як працавалі калектыўна, так і працуюць.

Або ў прамысловасці. Вы ж зразумейце, нашы прамысловыя прадпрыемствы патрэбныя толькі тыя, якія сёння працуюць нядрэнна і заўтра змогуць добра працаваць. Іх за вялікую цану ніхто не возьме. Мы прапанавалі цану самага перспектыўнага нашага прадпрыемства “Беларуськалій” — 32 мільярды долараў яго кошт. І спецыялісты гэта прызнаюць. У нас хоць хто-небудзь купіў хоць адну акцыю за гэтую цану? Не. Я ўжо неяк публічна сказаў: нават хабар прапаноўвалі мільярды долараў, толькі каб цана гэтага прадпрыемства была 15-16 мільярдаў долараў. Што я мог прапанаваць і сказаць гэтым людзям? Вы хочаце гэтай прыватызацыі — не са мной. Я не буду дзяліць тое, што стагоддзямі нажывалася беларускім народам. Гэта заўсёды ў славянскіх народаў заканчваецца трагедыяй. Калі не рэвалюцыяй, то грамадзянскай вайной. А часцяком, як было ў гісторыі, і тым і іншым. Вось мой адказ тым гарачым галовам, рэфарматарам, якія сёння штурхаюць мяне на рэформы пад знакам таго, што, маўляў, глядзіце, які рэйтынг даверу. Амаль увесь народ за Прэзідэнта. Давай хуценька правядзём рэформы. Давай будзем рэзаць па жывым. Я ўжо даў адказ на гэта: давай рэзаць тых, хто гэта прапаноўвае. Вытрымаеце — будзем думаць, што рабіць далей. Дык таксама не хочуць: давайце за кошт суседа, давайце за кошт народа. Так таксама не пойдзе. Вось мой адказ на карэннае пытанне. Прынамсі, пакуль я Прэзідэнт у бліжэйшыя гэтыя 5 гадоў.

На Усебеларускім народным сходзе я пастараюся развіць гэтую ідэю і сказаць больш: які палітычны і дзяржаўны лад, у тым ліку і эканамічны, нам падкідалі 20-25 гадоў таму назад. Мы, ідучы гэтым шляхам, без выдаткаў, без проціваг створым кучку багатых, калі 5-7 працэнтаў насельніцтва будуць валодаць багаццем краіны, а астатнія будуць крошкі са стала збіраць жабракамі. Я не хачу, каб пры маім прэзідэнцтве — а, заўважце, я першы Прэзідэнт краіны — на мяне ўсе потым глядзець будуць: была створана такая дзяржава, а ён... Таму што я ведаю, што такое голад, што такое галеча, што такое людзі, якія толькі і могуць раскрыўшы рот глядзець на цябе са слязамі на вачах, каб ты іх не пакрыўдзіў. Памятаеце гэта. Я звяртаюся перш за ўсё да тых, хто мае ўладу ў гэтай краіне.

І тое, што ў краіне пануюць мір і сацыяльная справядлівасць, што чалавеку адкрытыя ўсе шляхі: спрыяльныя ўмовы для работы, адукацыі, раскрыцця талентаў, выхавання сапраўдных майстроў сваёй справы — гэта наша найвялікшая з вамі заслуга. Колькі мы патрацілі крыві, поту, здароўя, каб гэтую сістэму стварыць.

Усё гэта фарміруе ў людзей пачуццё абароненасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Няхай гэтая ўпэўненасць будзе і ў тых, хто не галасаваў за цяперашні курс. Іншы пункт погляду, калі ён прадыктаваны шчырым клопатам пра Радзіму, заўсёды будзе пачуты. А ўсе разумныя ідэі — выкарыстаны і ўвасоблены ў жыццё.

Кожны чалавек у нас знаходзіцца пад абаронай закона, а значыць, і Прэзідэнта. Гэты прынцып непахісны. Толькі такім чынам можна дабіцца кансалідацыі грамадства, абудзіць у ім стваральную энергію. Гэтых падыходаў мы будзем прытрымлівацца і ў будучыні.

Я зараз вам гаварыў пра дзяцей, а цяпер раскажу пра старых. Вы ведаеце нашы адносіны да старых. Вельмі добра ведаеце. Гэта наогул апора нашай краіны. Гэта непарушная апора нашай краіны, не было б іх — краіны б не было. Вы ведаеце, што адбывалася ў вёсках, асабліва пасля распаду Савецкага Саюза, калі старыя, а іх была не адна тысяча, былі папросту забытыя ў вёсках і нават у гарадах. Але ў горадзе мы неяк худа-бедна падтрымлівалі, сістэму стварылі. А ў вёсках? І тады незапатрабаваныя ўчастковыя бальніцы мы перарабілі ў бальніцы сястрынскага догляду. Мы сабралі ўсіх кінутых старых, ні адзін не застаўся без уліку. Ні адзін! І на зіму недалёка ад дома перавозім усіх жадаючых — каго дзеці кінулі, у каго наогул дзетак няма, каму пад 80 і больш гадоў, можа, нехта захварэў — у гэтыя бальніцы сястрынскага догляду. Яны, па-мойму, палову пенсіі плацяць за адзенне, за тое, што мы іх там лечым, кормім. Многія з іх спрабуюць усю пенсію аддаць. Я гэта катэгарычна забараніў рабіць. Нам паловы пенсіі — плюс дзяржава палову даплочвае — дастаткова. Старыя не павінны забыць, што дзяржава ёсць. Але на лета гэтыя старыя, знаходзя­чыся за 10 кіламетраў ад дома, могуць вярнуцца ў свае дамы. Яны могуць даўжэй такім чынам пражыць. Што такое старога з дома забраць і павезці яго кудысьці. Ён зачахне праз некалькі гадоў. Мы пайшлі вось гэтым чалавечым шляхам, падтрымаўшы старых. Вы гэтую сістэму хочаце зламаць? Які капіталіст і багаты буржуй, прабачце мне за гэтыя класічныя выразы, будзе сёння за свой кошт утрымліваць гэтых старых і дзяцей? Толькі дзяржава здольная на гэта! А дзяржава толькі тады можа быць дзяржавай і лічыцца дзяржавай і ганарыцца гэтым, калі яна нармальна адносіцца да дзяцей і да старых. Калі гэтага няма — няма дзяржавы. Нікому не трэба такая дзяржава. Гэты шлях непарушны. Звычайны чалавечы шлях — у гэтым шлях сацыяльнай дзяржавы. І мы не можам з яго звярнуць, таму што мы яго толькі-толькі стварылі. Сутыкнуўшыся з першымі цяжкасцямі, мы пачынаем нешта адразу ламаць аб калена, нешта крышыць. Разумныя людзі так не робяць. Разумная нацыя на такія рэформы не пойдзе.

У Беларусі па-ранейшаму ёсць жменька палітыкаў, якія жадаюць распаліць агонь унутранай смуты. Характэрна, што такіх радыкалаў не прымае не толькі пераважная большасць народа, але нават і тая зусім невялікая частка людзей, якая не падзяляе пэўныя стратэгіі ўлады. Гэта значыць, што іх ідэалогію нават іх прыхільнікі не прымаюць.

Праведзеныя выбары ў чарговы раз даказалі самым розным сілам, у тым ліку за межамі нашай краіны: стаўка на сілавы захоп улады ў Беларусі шляхам “каляровых рэвалюцый” і “плошчаў” правальная! Гэтаму ніколі не бываць.

У спакойнай і бяспечнай краіне нам давядзецца вырашыць маштабныя задачы ў эканоміцы. Трэба падняць яе на больш высокі ўзровень. Эканоміка наступнай пяцігодкі — якасна іншая эканоміка. Мы прадоўжым тэхналагічную, кіраўніцкую ды інавацыйную мадэрнізацыю.

Эканомія, якасць і эфектыўнае кіраванне павінны стаць галоўным прыярытэтам. Пры гэтым патрабаванне пра безумоўнае захаванне працоўных месцаў і выплаце дастойных зарплат застаецца ў сіле.

Перад намі мэта — не на словах, а на справе пабудаваць інавацыйную эканоміку, эканоміку ведаў. У перспектыве наша краіна павінна ўвайсці ў лік найбольш развітых дзяржаў.

Мы зробім усё ад нас залежнае, каб Беларусь стала адным з самых прывабных месцаў для інвестыцый.

Абапіраючыся на супрацоўніцтва з дзелавымі коламі вядучых краін, кааперацыйныя сувязі з нашымі традыцыйнымі партнёрамі, мы маем намер і далей нарошчваць свой экспарт. Пры гэтым актывізуем работу па пошуку новых рынкаў збыту. За апошнія гады тут намі набыты сур’ёзны досвед.

Высокаразвітая эканоміка стане гарантам незалежнасці Беларусі.

Мы будуем, яшчэ раз падкрэсліваю, дзяржаву для народа. Таму прыярытэтам застанецца павышэнне якасці жыцця людзей. Укараненне ўсяго самага лепшага ў сферы адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны насельніцтва.

Сістэмы аховы здароўя, адукацыі, пра якія я толькі што сказаў, будуць захаваныя, чаго б нам гэта ні каштавала. Бо тады не будзе ні ведаў, ні эканомікі ведаў, ні народа.

Асаблівая ўвага па-ранейшаму будзе нададзена ўмацаванню інстытута сям’і, падтрымцы шматдзетных бацькоў, сістэме крэдытавання ў жыллёвым будаўніцтве. Новы імпульс для развіцця атрымаюць культура, спорт, навука, маладзёжныя праграмы.

Сёння наша краіна — адзін з нямногіх найбольш стабільных куткоў у свеце. Хутка развіваючы транспартна-лагістычную інфраструктуру, Беларусь стала незаменным транзітным калідорам. Праз нашу тэрыторыю цячэ вялізны паток тавараў. І ён будзе павялічвацца.

Беларусь — міралюбівая і добразычлівая краіна без якіх-небудзь фантастычных амбіцый. Наша жаданне адно — простае і зразумелае — будаваць спакойнае і шчаслівае жыццё ў сваім доме, у супрацоўніцтве і садружнасці з усімі суседзямі.

Мы ніколі не дастаўлялі праблем нашым суседзям. Мы заўсёды былі дружныя з імі. Мы ішлі да іх з адкрытым сэрцам і з кавалкам хлеба — не з каменем у руках. І будзе так надалей. Мы прадоўжым стварэнне Саюзнай дзяржавы з брацкай Расіяй, калі яна гэтага пажадае. Будзем развіваць цеснае ўзаемадзеянне з партнёрамі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, пры гэтым непарушна адстойваючы ўласныя інтарэсы. Таму Беларусь будзе і ў далейшым актыўным іграком на постсавецкай прасторы. Гэта не толькі залог нашага дабрабыту, але і абарона ад рознага роду пагроз.

Мір і парадак на нашай зямлі — вышэйшая каштоўнасць. Вышэй нічога быць не можа. Калі непарадак, калі канфлікт, калі вайна, не патрэбны ні хлеб, не патрэбныя ні адзенне, ні зарплаты, ні прадпрыемствы, ні рэформы. Таму мір і парадак — гэта галоўнае. Леанід Данілавіч Кучма можа больш пра гэта расказаць. І мы, я яшчэ раз падкрэсліваю, нічога не пашкадуем дзеля захавання міру і бяспекі на нашай зямлі. Таму намі падтрымліваюцца захады, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Імкліва развіваюцца нашы адносіны з нашым стратэгічным партнёрам — вялікім Кітаем. І я павінен падзякаваць майму блізкаму сябру Сі Цзіньпіну і спецыяльнай дэлегацыі, якую ён накіраваў на гэтую інаўгурацыю. Мы з імі правялі тры дні ў рабоце, шмат спрачаліся, вялі перагаворы, і я прашу перадаць Сі Цзіньпіну самыя добрыя пажаданні за яго падтрымку беларускага народа ад імя беларускага народа.

Мы развіваем нашы сувязі з дзяржавамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

І ў гэтым ужо ёсць вынік.

Сёння Беларусь адкрыта для раўнапраўнага супрацоўніцтва і дружбы з краінамі Захаду, ЗША і Еўрасаюзам. Калі яны гэтага хочуць. Няма ніякіх перашкод для таго, каб перагарнуць старонкі мінулага і пачаць новую гісторыю адносінаў з чыстага ліста.

Мы гатовыя да гэтага і разлічваем на такую ж гатоўнасць нашых заходніх партнёраў. Балазе, што ў апошні час у гэтым напрамку намеціліся добрыя перспектывы. І пры гэтым хачу адзначыць: некаторыя, пачуўшы або ўбачыўшы, што мы вядзём перагаворы з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў Амерыкі або Еўрасаюза, пачынаюць галасіць аж да Уладзівастока: Лукашэнка кудысьці разварочваецца. Як толькі ўбачылі нашы брацкія, цёплыя тэндэнцыі ў дачыненні нашай брацкай Расіі, нашай роднай Украіны, іншых постсавецкіх рэспублік, ужо “на дыбкі” становяцца на Захадзе. Ды не раздзірайце вы нас! Дайце нам спакойна жыць на гэтым кавалку зямлі. Мы забяспечым вашы інтарэсы — і Усходу, і Захаду. Усё, чаго вы хочаце, Беларусь зробіць. Толькі не раздзірайце нас, не сутыкайце нас з Расіяй. Не сутыкайце нас у Расіі, на Усходзе з Захадам. Мы нікуды не паварочваем, мы хочам жыць на сваёй зямлі. Мы хочам, каб жыццёва важныя інтарэсы беларусаў былі тут, на гэтым кавалку зямлі. Мы ні на што, заўважце, больш не прэтэндуем. У нас няма жыццёва важных інтарэсаў нават у суседніх дзяржавах. Мы хочам спакойнага і мірнага жыцця. Але калі нам намякаюць з Захаду: вы там далей ад Расіі, я заўсёды гавару, што мы не можам быць ад Расіі далей, ад Украіны, Казахстана, таму што мы нарадзіліся ў адной сям’і. Госпадам наканавана гэта. Як гэта можна разарваць? Так, у нас ёсць уласны пункт погляду. Так, у нас ёсць уласныя інтарэсы, і мы не раз гэта дэманстравалі. Але мы прараслі з аднаго кораня. Я заўсёды так гавару, я з гэтай ідэалогіяй прыйшоў у сярэдзіне 90-х да ўлады. Як я магу ад гэтага адрачыся? Але калі нас будуць на Усходзе штурхаць супраць Захаду і хтосьці будзе радавацца санкцыям, якія супраць нас уводзяць, не дачакаецеся. Мы будзем нармалізоўваць нашы адносіны з Захадам, таму што яны — нашы суседзі таксама. У нас ёсць там эканамічныя інтарэсы. Мы сёння 42 працэнты экспарту гандлюем у Расіі, а больш за 50 — у Еўрасаюзе. Дык як мы можам ад гэтага адмовіцца? І навошта ў гэты складаны і цяжкі час спрабаваць нас саштурхнуць з гэтай дарогі, з гэтага шляху, з гэтай шматвектарнай знешняй палітыкі? Навошта, калі тут застаўся адзіны калідор, дзе і Усход, і Захад могуць спакойна перамяшчацца і супрацоўнічаць? Гэта мой адказ тым, хто з нас спрабуе зрабіць ворагаў для Расіі і для Захаду. Можа быць, і бяда наша, а можа быць — лёс, не ведаю. Прадвызначыў Гасподзь так, што мы знаходзімся ў гэтым месцы, у цэнтры Еўропы, на скрыжаванні ўсіх дарог. І гэтая дарога стала сёння не заўсёды стабільнай. А часта гарачай. І мы павінны быць мудрымі палітыкамі, каб, жывучы ў гэтым бурным катле, не згарэць, каб нас не зварылі і не з’елі, кажучы па-народнаму. Таму мы будзем праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, мы ведаем, чаго вартая для нас Расія, мы ведаем, што такое для нас Захад. І мы будзем зыходзіць з уласных інтарэсаў ці інтарэсаў нашых суседзяў.

Адзінства і мэтанакіраванасць нашага народа, яго адкрытасць і дружалюбнасць, яснасць праводзімага кіраўніцтвам краіны курсу прымусілі Захад паглядзець на Беларусь пад іншым вуглом.

Ён убачыў у нашай асобе прыстойнага партнёра.

Я яшчэ раз падкрэсліваю: мы вітаем такі рух у гэтым напрамку. І заўсёды сцвярджалі: спробы ізаляваць Беларусь, як і іншыя краіны, — гэта тупіковы шлях. Ён прыводзіць да сітуацыі, калі прайграюць усе. Лёгка стаць на шлях санкцый, але вельмі складана потым звярнуць з яго і вярнуцца да нармальнага жыцця. Таму не трэба заганяць сябе ў кут. Гэта паказала ў апошнія гады гісторыя Беларусі.

Наша краіна з’яўляецца самым бяспечным і самым надзейным маршрутам, які злучае Еўропу і Азію. Гэтыя дзве цывілізацыі абавязкова пачнуць збліжацца, таму што альтэрнатывы інтэграцыйным працэсам яшчэ на зямлі ніхто не прыдумаў. Супрацьстаянне паміж Захадам і Усходам прыводзіць толькі да далейшай эскалацыі канфліктаў, гуманітарных катастроф, рэзкіх спадаў узроўню жыцця людзей і ўсеагульнай дэградацыі.

Прыклад таго — наша родная Украіна. Нехта там свае жыццёвыя інтарэсы бачыць. А церпяць ад гэтага тыя, хто не паспеў выехаць з таго ж Данбаса, за які тут Кучма змагаецца ў Мінску. Старыя і дзеці — яны ў чым вінаватыя? Хочацца камусьці пастраляць — выходзьце ў чыстае поле і “квасьце” там адзін аднаго. Але не чапайце тых людзей, якія хочуць мірна жыць. У гэтым наша палітыка ў гэтым нашым Палацы Незалежнасці, Палацы міру, была вызначана. І гэта пачалі разумець усе, і мы, беларусы, як талерантная, адкрытая нацыя будзем усяляк спрыяць росту ўзаемаразумення і супрацоўніцтва на кантыненце. Каб стаць сувязным звяном паміж дзяржавамі і народамі. У гэтым бачу адну з найважнейшых сваіх задач на пасадзе Прэзідэнта. І калі будзе дасягнута пастаўленая мэта, гэта дасць багаты плён як Беларусі, так і нашым суседзям ды іншым краінам.

Аднак усе мы з вамі павінны разумець галоўнае і выразна яго ўсведамляць: наша будучыня перш за ўсё ў нашых руках. Вырашэнне ўласных праблем ляжыць у першую чаргу ўнутры, а не звонку краіны. Толькі ўпартая праца, разважлівасць і мудрасць будуць садзейнічаць нашаму развіццю.

Вы на мяне, беларусы, не крыўдуйце, але, калі вы будзеце, скажу па-народнаму, дзесьці ленавацца, я вас буду вельмі сур’ёзна падштурхоўваць. Не бывае такога, што вінаватая толькі ўлада, а вы ўсе добрыя. Я ўжо звяртаў вас да гэтага тэзіса. Перш чым кагосьці ацаніць, пакрытыкаваць або некага “брыкнуць”, паглядзіце на сябе. Ці ўсё вы зрабілі для таго, каб вы, ваша сям’я, вашы родныя, блізкія, знаёмыя і наогул дзяржава былі шчаслівыя і жылі добра? Напэўна, не ўсё. Давайце гэтую рэформу пачнём з сябе. І калі мы з сябе пачнём, мы спынім усялякія размовы пра рэформы. Мы проста будзем жыць выдатна. І нам не трэба будзе ставіць перад сабою якія-небудзь рэфарматарскія мэты на злом існуючага палітычнага і эканамічнага ладу.

Яшчэ здаўна гаварылі: “Калі народ адзіны, ён непераможны”. Увесь наш гістарычны шлях, досвед абавязваюць як зрэнку вока берагчы згоду ў грамадстве. Мы павінны быць непадзельным цэлым. Тым маналітным арганізмам, які называецца “беларускі народ”.

Мы адгортваем новую старонку ў гісторыі Беларусі. Яна будзе вельмі змястоўнай і цікавай. Каб паспяхова рухацца наперад, нам трэба будзе задзейнічаць усе свае рэзервы. Трэба праявіць вытрымку, самаадданасць, рашучасць і талент. Карацей, паказаць свае лепшыя якасці, той унутраны духоўны стрыжань, дзякуючы якому наш народ выходзіў пераможцам з любых сітуацый. Таму што верыў у свае сілы і збіраў іх у кулак.

Яшчэ раз паўтаруся, дарагія сябры:усе мы, безумоўна, хочам добра жыць. Нармальна жыць — нармальнае жаданне, нармальнае патрабаванне народа да ўлады. Больш за тое, усе мы хочам жыць вельмі добра, але пры гэтым, яшчэ раз падкрэсліваю, усё залежыць ад нас. Будзем працаваць лепш — бу­дзем жыць лепш. Простая формула, якую ніхто не змог абвергнуць.

Паважаныя сябры!

Я, вядома ж, звычайны чалавек! Вы гэта выдатна разумееце. Я ніколі не піярыўся, не было ніякай паказухі. Калі я недзе працую на суботніку, я бяру лапату і працую на вачах ва ўсіх вас. Калі я недзе “куляюся” на футбольным-хакейным полі — як магу, так і “куляюся”. Мяне там ніхто не робіць. Гэта маё жалезнае правіла. Калі пачнеш сёння сябе піярыць, заўтра народ разбярэцца, хто ты ёсць на самай справе, і гэта будзе толькі на шкоду. Я — звычайны чалавек, як вы, а значыць, магу і памыляцца. Але я заўсёды стаўлю перад сабою жалезную задачу — не дапусціць пры такой уладзе сістэмных памылак. Мы іх з вамі не дапусцілі. Былі розныя перыяды. Можа, мы недзе і няправільна рабілі, пройдзе час — гісторыя ацэніць, народ ацэніць. Але, па-мойму, мы іх не дапусцілі. Але памятайце адно (я ведаю, што тут пераважная большасць, ну калі не ўсе — мае прыхільнікі): я ніколі вам не здраджу! Я — чалавек, не здольны на здраду. Я лічу, што лепш няхай цябе заб’юць на полі бітвы, прыстрэляць, але ты не павінен адступіць, ты не павінен здрадзіць свайму народу, сваім ідэям, усяму таму, што ты абяцаў народу. І я хачу з гэтай высокай трыбуны заявіць: гэтага не было 20 гадоў, колькі я служыў вам і народу, нашай дзяржаве, гэтага не будзе ніколі.

І апошняе: я заўсёды абараняў і буду абараняць вас і вашых дзяцей!

Так, я строгі чалавек, я буду патрабаваць ад народа, і я гэта заўсёды гаварыў, ад сваіх падначаленых максімальна. Інакш у гэтым разладзе не вытрымаем. Разарвуць на кавалкі і разнясуць. Ужо было ў сярэдзіне 90-х. Заходняя Беларусь туды, Усходняя — сюды. Палессе — Незалежная Палеская рэспубліка. Калі нехта забыў, акуніцеся ў сярэдзіну 90-х. Паглядзіце. Тады мы на працягу месяца спынілі гэтыя хітраспляценні, гэтыя тэндэнцыі, выбраўшы Прэзідэнта і заявіўшы, што будзе вось так. Мы выканалі самае галоўнае перад сваім беларускім народам абавязацельства. Таму вы ведаеце, калі вам сапраўды не хопіць сваіх сіл і вам будзе патрэбна абарона дзяржавы і Прэзідэнта — я заўсёды да вашых паслуг.

І апошняе. Я разумею, што некаторыя прагаласавалі за мяне авансам. Гэта натуральна, у прэзідэнцкіх выбарах асабліва. Можа, хтосьці сумняваецца: ці таго выбралі, за яго прагаласавалі, а можа, і не трэба было? Прабачце мне, я зараз растлумачу: вы прагаласавалі правільна. Не таму, што я выключны, не таму, што я самы разумны і больш такіх няма. У гэтай зале дастаткова людзей, якія могуць быць прэзідэнтамі нашай краіны. Вы прагаласавалі правільна, таму што, прагаласаваўшы, мы сёння нікому і нічога не павінны. Мы не адмывалі грошы ў перадвыбарную кампанію, мы абышліся капейкамі, праводзячы выбары. Я нікому не даваў ні на Усходзе, ні на Захадзе, ні ў Амерыцы, ні ў Афрыцы ніякіх абяцанняў. Мы прайшлі гэтыя выбары незалежна. Як усе гэтыя дваццаць з нечым гадоў. І, паверце, гэта самы вялікі здабытак, калі Прэзідэнт перамагае дзякуючы народу, калі яго народ выбірае. Калі не адыгрываюць ролі грошы, калі мільярды не ўкідваюць у перадвыбарную кампанію, адмываючы і раскладваючы па кішэнях. Гэта найвялікшая аснова, каб рабіць тое, што нам трэба рабіць для нашага народа. Вось чаму гэты выбар правільны, і калі вы будзеце надалей, асабліва моладзь, галасаваць за свайго Кіраўніка дзяржавы, паглядзіце, якія грошы і якія людзі за ім стаяць. У мяне няма гэтых людзей чужых і няма грошай, у мяне ёсць толькі вы. Ёсць беларускі народ! І яму я гатовы і буду служыць да апошніх дзён, колькі ён будзе мне давяраць. Дзякую вам!

Мінск. Палац Незалежнасці.

6 лістапада 2015 г.

Гавораць госці цырымоніі ўступлення Прэзідэнта А.Р. Лукашэнкі на пасаду


Сяргей Лебедзеў, старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД:


— Інаўгурацыя — гэта прамежкавы этап у паступальным развіцці Беларусі. Гэта працяг паслядоўнай палітыкі вашай краіны і, вядома ж, яе Прэзідэнта па развіцці, па стварэнні ўмоў для паляпшэння жыцця працоўных, адукацыі, культуры. Мы ўсе з’яўляемся сведкамі пазітыўных змен у жыцці Беларусі. І бачым: нягледзячы на эканамічныя цяжкасці ў глабальным маштабе, на некаторыя санкцыі ў адносінах да Беларусі, краіна развіваецца. І народ на апошніх выбарах выразна выказаўся за працяг гэтай лініі, аказаўшы давер Аляксандру Лукашэнку.

Андрэа Вікторын, кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі:

— Спадзяюся, Беларусь і Еўрасаюз прадоўжаць развіваць адносіны па тых напрамках, у якіх яны зацікаўленыя. І будуць прыкладаць для гэтага сумесныя намаганні. Сапраўды, у Беларусі і Еўрасаюза ёсць агульныя інтарэсы, якія выяўляюцца ў сумесных праектах. Яны датычыцца як узаемадзеяння ў справе абароны навакольнага асяроддзя, так і ў іншых сферах. Раней я ўжо працавала ў Беларусі, у 2000-2003 гадах, і маім жаданнем было вярнуцца да вас. Я рада, што знаходжуся тут. Мне падабаецца назіраць, як вы развіваецеся, мне падабаюцца вашы людзі. Уражвае, наколькі за час маёй адсутнасці змяніўся Мінск. Спадзяюся, у мяне будзе час паглядзець усю краіну.

Леанід Кучма, былы прэзідэнт Украіны:

— Усякі раз, прылятаючы ў Мінск, я атрымліваю найвялікшае задавальненне. Падчас майго прэзідэнцтва я часта бываў тут і магу параўноўваць. Мінск, ваша краіна ў цэлым прыкметна змяніліся, і вы павінны гэтым ганарыцца. Гляджу на чысціню і парадак у вашых гарадах і вёсках, дагледжаныя палі, сучасную архітэктуру, і проста душа радуецца. Вельмі хачу пажадаць такой жа стабільнасці Украіне, ды і наогул усім краінам і народам. Украінцы цяпер ідуць па такім шляху, які нікому не пажадаеш. Паводле дадзеных ААН, за час ваеннага канфлікту ў краіне загінула больш за восем тысяч чалавек. Але ў рэальнасці гэтая лічба, верагодна, яшчэ большая...

Мне прыемна ўсведамляць, што цырымонія інаўгурацыі праходзіць у такім сімвалічным месцы. Менавіта ў Палацы Незалежнасці на перагаворах “нармандскай чацвёркі” былі закладзены асновы той стабільнасці, якая намецілася цяпер ва Украіне з адводам цяжкіх узбраенняў.

Цуй Цымін, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі:


— Думаю, з перавыбраннем Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў на­шых адносінах будзе адгорнута новая старонка, і іх развіццё пойдзе яшчэ больш хуткімі тэмпамі. Кітай і Беларусь — вельмі добрыя сябры і добрыя даверныя партнёры. Вы чаму-небудзь вучыцеся ў нас, нешта карыснае мы можам пераняць у вас. І гэта правільна. Нашы народы звязвае моцная дружба. На працягу больш як 20 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносінаў беларуска-кітайскае супрацоўніцтва развіваецца ўстойліва і дынамічна, на прынцыпах узаемапавагі. Новы імпульс нашы адносіны атрымалі пасля абмену ўзаемнымі візітамі на вышэйшым узроўні сёлета. Лідары дзвюх краін дасягнулі важных дамоўленасцяў, якія накіраваны на далейшае ўмацаванне ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Мы гатовыя і далей рухацца ў гэтым напрамку.

Ергалі Булегенаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі:

— У нашых краін традыцыйна склаліся адносіны стратэгічнага партнёрства: поўнае разуменне, добрыя давяральныя адносіны паміж прэзідэнтамі. Мы выступаем з многімі інтэграцыйнымі ініцыятывамі. Таму планы на будучыню вельмі вялікія. Вядома, сітуацыя няпростая: у свеце крызіс. Але ўсё гэта пройдзе, я аптыміст у гэтых адносінах. Да 2025 года ўсе пытанні, якія павінны вырашыцца — для поўнага адкрыцця нашых межаў для тавараў, працоўнай сілы, застануцца ў мінулым. І Еўразійскі эканамічны саюз стане аб’яднаннем, якое мае ў свеце салідную вагу. У яго ёсць палітычная вага ўжо сёння, многія дзяржавы імкнуцца ўстанавіць з ЕАЭС цесныя адносіны. Але калі Еўразійскі саюз заробіць у поўную сілу, ён ператворыцца ў адно з самых магутных міждзяржаўных аб’яднанняў на планеце.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter