Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларускаму паэту Міколу Мятліцкаму прысуджана міжнародная прэмія “Алаш”

За Абая — удзячнасць

Гэтую адзнаку ўручаюць за значныя дасягненні ў казахскай літаратуры ці ў яе пашырэнні ў іншых краінах. Мікола Мятліцкі — перакладчык кнігі паэзіі Абая “Стэпавы прастор” на беларускую мову, якая выйшла ў Мінску ў 2010 годзе ў выдавецтве “Літаратура і Мастацтва”.

Вядомы паэт вельмі ўважлівы да казахскай паэзіі як перакладчык. У часопісе “Полымя”, іншых перыядычных выданнях, аўтарскай анталогіі перакладаў паэзіі народаў свету “Лучнасць” друкаваліся зробленыя ім перастварэнні вершаў Алжаса Сулейменава, Нурлана Аразаліна, іншых паэтаў Казахстана на беларускую мову. У час, калі Мікалай Міхайлавіч працаваў галоўрэдам часопіса “Полымя”, на старонках старэйшага літаратурна-мастацкага выдання Беларусі сфарміравалася шырокая прастора ўвагі да літаратур краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Намесніца галоўнага рэдактара казахстанскага часопіса “Простор”, паэтэса, наша зямлячка Любоў Шашкова так пракаменціравала падзею: “Мне здаецца, прысуджэнне прэміі “Алаш” вядомаму беларускаму паэту паспрыяе яшчэ большай увазе беларускіх пісьменнікаў да казахскай літаратуры. Вельмі прыемна, што так высока ацэнена праца Міколы Мятліцкага па прапагандзе казахскай паэзіі на маёй Бацькаўшчыне. Беларуска-казахскія літаратурныя сувязі інтэнсіўна развіваюцца дзякуючы менавіта такім асобам. А ў Казахстане шмат робяць для прапаганды беларускага мастацкага слова літаратуразнаўца Святлана Ананьева, перакладчык Кайрат Бакбергенаў, пісьменнікі Алімжан Хамраеў, Нурлан Аразалін, Райхан Мажэнкызы. Усім ім — нізкі паклон ад мяне як беларускі...”.

Голас Радзімы № 23 (3527), чацвер, 22 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter