Толькі ў Мінску сотні даўжнікоў рызыкуюць страціць свае арэндныя кватэры

З жыроўкай на выхад

Непрыватызаваныя некалі дзяржаўныя кватэры ўжо год як сталі камерцыйнымі. Змяніўся статус — змяніліся і правілы пражывання. Пазбавіцца так званага арэнднага жылля цяпер нашмат прасцей. Дастаткова два месяцы запар не заплаціць за карыстанне кватэрай або за жыллёва-камунальныя паслугі. Прычым даўжніку ў гэтым выпадку іншае жыллё не прапаноўваюць. Ці дысцыплінавала гэта тых, хто не прывык прызнаваць жыроўкі? Пра гэта даведвалася карэспандэнт «Р».

Цяпер з арэнднага жылля высяляюць праз два месяцы нявыплаты.

Адпраўляюся ў разлікова-даведачны цэнтр № 2 Ленінскага раёна Мінска. На яго тэрыторыі зараз 301 арэндная кватэра. І па 40 асабістых рахунках камунальныя паслугі не аплачваюцца ўжо амаль шэсць месяцаў. Вось яны — прэтэндэнты на высяленне.

— З жылля камерцыйнага выкарыстання мы нікога не высялялі, — тлумачыць начальнік РДЦ Уладзімір Філіпкоў. — Пакуль падрыхтоўваем пакет дакументаў на высяленне, якім займаецца адміністрацыя Ленінскага раёна або ЖРЭА.

Наогул, каб «папрасіць» з кватэры, нават арэнднай, патрабуецца час. Спачатку з даўжнікамі працуюць супрацоўнікі разлікова-даведачнага цэнтра. Калі чалавек зацягнуў плацёж нават на месяц, яго папярэджваюць аб наяўнасці запазычанасці. Калі на 2 месяцы — аб магчымай адмове абслугоўвання электрашчыта або адключэнні вады. Перспектыва застацца з халадзільнікам, які пацёк, а таксама са згаслым экранам тэлевізара звычайна не радуе — і чалавек нясе квітанцыю аб аплаце ў банк. У Мінску, напрыклад, за паўгода папярэджанні аб прыпыненні прадастаўлення некаторых жыллёва-камунальных паслуг атрымала 41 тысяча ўласнікаў і наймальнікаў кватэр. І 35 тысяч з iх адразу ўнеслі неабходную суму. Але мы ў гэтым выпадку гаворым пра даўжнікоў, якія пражываюць у кватэрах як уласных, так і камерцыйнага выкарыстання.

Фота Алены СІНЯЎСКАЙ

— Большасць нашых жыхароў упэўненыя, што грошы за ЖК-паслугі яны плацяць дзяржаве, таму можна і пачакаць, — дзеліцца назіраннем Уладзімір Філіпкоў. — Стараемся растлумачыць, што сродкі ідуць пастаўшчыкам паслуг. А іх дзясяткі — ад фірмы, якая абслугоўвае запорна-перагаворныя прылады, да «Энергазбыта». 

І які ён — тыповы партрэт неплацельшчыка? Часцей за ўсё — гэта праблемныя сем'і, у якіх не грэбуюць спіртным. У іх сямейны бюджэт і раней не ўваходзіла аплата выдаткаў на ваду, святло і газ. Што ўжо казаць пра цяперашнія, значна пацяжэлыя жыроўкі? А лічбы ў іх немаленькія. Напрыклад, плата за карыстанне двухпакаёвай кватэрай у 39 квадратных метраў у мікрараёне Серабранка — 180,6 рубля. З камунальнымі выдаткамі за чэрвень выйшла 195,15 рубля. У ацяпляльны сезон сума пераваліць за 200 рублёў. І гэта пры наяўнасці паніжаючага каэфіцыента. Танней, вядома, чым наймаць кут у прыватніка. 

Яшчэ адзін штрых да партрэта неплацельшчыка — нядружная сям'я. У некаторых з іх члены сям'і, якія прапісаныя, але не пражываюць у кватэры, прынцыпова не аплачваюць за свае «квадраты», ваду і ацяпленне. Агульная ж запазычанасць расце. Часам такая прынцыповасць даводзіць да суда. Таму што пасля двух-трох месяцаў нявыплаты ЖК-паслуг і ігнараванне напамінаў з РДЦ пачынаецца падрыхтоўка дакументаў на высяленне.

— З пастаяннымі даўжнікамі працуем рэгулярна, не заўсёды, праўда, эфектыўна, — разводзіць рукамі Уладзімір Фiлiпкоў. — Тэлефануем, прыходзім да чалавека дадому, уручаем пад подпіс апавяшчэнне аб запазычанасці, часам далучаем судовых прыставаў.

Адключэнне электрашчытка дзейнічае на даўжнікоў лепей за любыя словы.

Зразумела, жыхара папярэджваюць, што іншага жылля яму не дадуць. Гэта значыць, выселяць у нікуды. У 2015 годзе тры злосныя даўжнікі (на тэрыторыі РДЦ) з асобных кватэр пераехалі ў пакоі з агульнай кухняй. Зрэшты, на плацежаздольнасці людзей гэта ніяк не адбілася. Яны як не аплачвалі камуналку, так і не сталі гэтага рабіць. Проста сума запазычанасці па іх асабістых рахунках расла тут не гэтак хутка, як раней.

Сёння такі нумар не пройдзе. І высяленцу прыйдзецца самому клапаціцца пра дах над галавой. Хоць магчымасць застацца ў добраўпарадкаваным гняздзечку ўсё ж ёсць. Для гэтага трэба пагасіць хоць бы асноўны доўг. Пеню могуць спісаць у сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам. Але гэта вырашаць у адміністрацыі раёна. У васьмі выпадках з дзесяці людзі знаходзяць сродкі.

Добра. А як быць з кватэрай, у якой прапісаны непаўналетнія дзеці?

— На такіх неплацельшчыкаў складаней знайсці рычагі ціску, — удакладняе Уладзімір Філіпкоў. — Яны разумеюць, што дзяцей на вуліцу ніхто не выселіць. Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна. З такімі сем'ямі працуюць сацыяльныя службы.

І ўсё ж. Складана прызвычаіцца да новых правілаў пражывання. Асабліва калі доўгі час лічыць дзяржаўныя кватэры сваімі і калі-нікалі пратэрміноўваць плацяжы, ведаючы, што ў запасе яшчэ паўгода. Але калі ад гэтай звычкі хутка не пазбавіцца, то можна лёгка стаць бяздомным. Або ісці на прыватную кватэру. Тут ужо ў выбары ніхто не абмяжоўвае. 

misnik@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter