З юбілеем, пан Быкоўскі!

Народны артыст Беларусі Арнольд Памазан сыграў сваю знакавую ролю ў спектаклі “Паўлінка” ўжо больш за тысячу разоў
Народны артыст Беларусі Арнольд Памазан сыграў сваю знакавую ролю ў спектаклі “Паўлінка” ўжо больш за тысячу разоў.

Памазан-Быкоўскі і ў семдзесят гадоў закаханы ў Паўлінку“У мяне заўсёды было адчуванне, што Янка Купала, калі пісаў “Паўлінку”, палову сэрца аддаў Паўлінцы, а палову Быкоўскаму, — прызнаўся Арнольд Памазан у адным з інтэрв’ю. — У Купалы ж таксама франтаўства было, менавіта не фанабэрыя, а франтаўство. У гэтай ролі знешні малюнак вельмі багаты, многа пластыкі, танцаў. А я ж з маладосці сам быў і пявун, і танцор, і франт…” Ён і не крыўдуе, калі яго нехта ў Мінску ці іншым месцы Беларусі прызнае часам за Адольфа Быкоўскага. “Ой, пане Быкоўскі!.. Ды як жа вас не пазнаць?.. А вазьміце вось маіх гурочкаў, я вам дзешавей аддам!” – падобныя вясёлыя сустрэчы здараюцца ў Арнольда Кандратавіча і цяпер, і не толькі з дасціпнымі гандляркамі з мінскага Камароўскага рынка. Хоць гэтую ролю ў спектаклі цяпер іграе Алег Гарбуз, яго маладзейшы калега з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

А “Паўлінка”, як вядома, даўно стала візітнай карткай купалаўцаў, яе паглядзелі дзесяткі тысяч мінчан, гасцей сталіцы і гледачы тых гарадоў замежжа, дзе артысты бывалі на гастролях. Дзякуючы ж тэлеверсіі спектакля яго герояў ведае ўся краіна. У чарговы раз пастаноўка з аншлагам ішла ў Купалаўскім у гонар адметнага прадстаўніка “старога пакалення” купалаўцаў Арнольда Памазана. У коле добрых сяброў, калег, тэатральнай публікі акцёр адзначаў 70-годдзе.

Гледачы сустрэлі яго з’яўленне на сцэне ў ролі пана Быкоўскага авацыяй. Ён быў, як заўсёды, далікатна-абыходлівы з Паўлінкай, самааддана спяваў і таньчыў пад здзеклівыя рэплікі сялян, выклікаючы дружны смех у зале. Так, ён хвалько, ён напышлівы і да смешнага манерны. А, між іншым, у гэтага пана, які часам пасуе перад грубавата-задзірыстым сялянскім напорам, можна і павучыцца ўменню мірна весці дыялог, не зневажаючы субяседніка, з якім не згодзен. І яшчэ на гэты раз я разгледзеў, які ўсё ж ён, пан Быкоўскі, ранімы, які па-дзіцячаму шчыры і радасны ва ўспрыманні жыцця. Дарэчы, тыя, хто блізка ведае Арнольда, кажуць, што менавіта такі ў жыцці і сам акцёр. То не дзіва, што Быкоўскі і Памазан так парадніліся. Асабліва ж кранальнай атрымалася рэпліка ў Памазана-Быкоўскага, калі ён, увайшоўшы ў хату, з паказным крэктам пад смех і апладысменты сцягваў з чаравікаў фасоністыя галёшы. “Аднак, семдзесят гадоў ужо, пане Быкоўскі!..”

Помняць тэатралы і тое, як у 2007-м, прымаючы прыз “Крыштальная Паўлінка”, вышэйшую ўзнагароду Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі, Памазан заўважыў з гумарам: сыграў я на сцэне Быкоўскага ажно з васьмю Паўлінкамі, а вось толькі дзевятая, крыштальная панна мяне пакахала.

Ягоная ж вялікая любоў да тэатра пачалася ў Камсамольску-на-Амуры, дзе ён нарадзіўся (а яго бацькі-камсамольцы будавалі гэты горад) і ў старэйшых класах удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Праўда, не адразу стаў акцёрам — вучыўся ў Львове на чыгуначніка і нават працаваў некаторы час памочнікам машыніста. А потым паступіў у тэатр-студыю імя Марыі Занькавецкай, дзе моцна пасябраваў з вядомым украінскім акцёрам Багданам Ступкам. Потым шляхі іх разышліся: Ступка ў Кіеве, а Памазан больш за сорак гадоў верны Купалаўскай сцэне.

Пасля спектакля юбіляр прымаў віншаванні, сімвалічна перадаваў сцэнічнаму двайніку-Быкоўскаму згаданыя ўжо галёшы ды іншыя належныя да вобраза аксесуары. Сярод удзельнікаў урачыстасці быў і Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавый. Ён пазнаёміўся з Арнольдам Памазанам два гады таму, калі ў Мінску быў на гастролях Кіеўскі нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Івана Франка. “За тое ўдзячны мастацкаму кіраўніку гэтага тэатра, майму даўняму знаёмаму і калегу Багдану Ступку, — патлумачыў мне Ігар Дзмітрыевіч. — З таго часу мы і сустракаемся. Як мне падаецца, дзякуючы гадам сваёй львоўскай маладосці ў Памазана ёсць рысы ўкраінскага нацыянальнага характару, гэта бачна ў сцэнічным почырку акцёра.”

Застаецца дадаць, што цяпер майстэрства Арнольда Памазана можна пабачыць у спектаклях “Ідылія”, “Сымон-музыка”, “Паўлінка”, “Чычыкаў”, “Памінальная малітва”, “Вяселле” і іншых. А марыць жа ён сыграць і ролю сусветна вядомага рамантыка Сірано дэ Бержэрака.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter