Школьная программа и задачи со звездочкой: как наш корреспондент проходила дистанционное репетиционное тестирование

З якога ты тэста

Рыхтуй сані летам, а да ЦТ пачынай штудзі­раваць падруч­нiкi ўжо з восені, упэўнены абітуры­енты. Да ўступнай кампаніі ў іх крыху больш за сем меся­цаў — ёсць час падцягнуць веды, ацаніць уласныя сілы і выбраць ВНУ сваёй мары. А каб галоўны экзамен не стаў для хлопцаў і дзяўчат стрэсам, яму папярэднічаюць тры этапы рэпетыцыйнага тэсціравання. На першы, дарэчы, рэгістрацыя ўжо пачалася — прайсці яго можна ў 120 установах адукацыі па ўсёй краіне. Пакуль школьнікі запісваюцца на РТ, карэспандэнт «Р» прайшла яго дыстанцыйна і папрасіла не­калькi парад у вопытных выкладчыкаў, як лепш за ўсё падрыхтавацца да складаных тэстаў.

Заходжу на сайт РІКВ, выбіраю прадмет «Руская мова» і на паўгадзіны засяроджваюся на заданнях.

Успомніць усё

Нават зараз адчуваю той стан, калі ўспамінаю чэрвень 2014 года. Тады сядзела за сталом у аўдыторыі БДУ і разам з дзясяткамі абітурыентаў «варажыла» над ЦТ па рускай мове. У той момант я, як ніколі, усвядоміла, чаму ўсе раілі сур’ёзна рыхтавацца загадзя, а не за месяц да тэсціравання. Але тады мне ведаў хапіла — балаў было дастаткова для паступлення на бюджэт журфака. А як бы я здала экзамен сёння? Каб гэта даведацца, заходжу на сайт РІКВ, выбіраю прадмет «Руская мова» і на паўгадзіны засяроджваюся на заданнях. У якім выпадку «не» пішацца разам, а ў якім асобна? Што азначае фразеалагізм «На жывую нітку»? Якім спосабам утворана слова «хлебапрадукт»? З кожным новым крыжыкам у бланку адказаў хваляванне ўзмацняецца — нельга ж мне абняславіцца перад чытачамі! Вынік атрымліваецца не ідэаль­ны, але і нядрэнны — 74 балы. Дарэчы, метадам тыкання здаць тэст таксама можна, я паспрабавала. Праўда, наўрад ці з тымі баламі куды-небудзь паступіла бы: па іспанскай мове набрала 1, па геаграфіі — 3, затое па матэматыцы — аж 18! Усур’ёз падумала, што трэба было ісці на фізмат...


Некаторыя абітурыенты ў чаканні РТ таксама праходзяць тэсты ў рэжыме анлайн. Так, адзінаццацікласніца Ксенія Котава задаволеная, што па рускай мове зараз атрымала 76 балаў.

— Я планую паступаць у БДУ на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі — з дзяцінства любіла рашаць задачы. Мне складаней выконваць частку «А», таму што там ёсць некалькі варыянтаў, часам губ­ляюся. У гэтым тэсце шмат часу страціла на пытанні пра пунктуацыю і злітнае/асобнае напісанне прыназоўнікаў або прыслоўяў. А наогул, я думаю, лепш здаваць РТ у аўдыторыі — там экзаменацыйная атмасфера і менш шанцаў падгледзець нешта ў інтэрнэце ці падручніках.

А вось Дарафея Шыла бу­дзе паступаць у медыцынскі ўніверсітэт. Дзяўчына рыхтуецца здаваць рускую мову, біялогію і хімію.

— Самае складанае — сканцэнтравацца і дакладна размеркаваць веды, якія ты назапасіў за час вучобы ў школе. У тэсце па біялогіі самыя цяжкія заданні звязаны з генетыкай і экалогіяй (часцей за ўсё гэта задачы). Таксама з некаторымі пытаннямі я не змагла справіцца, таму што мы яшчэ не праходзілі іх па праграме. 

Тэорыя, практыка і сістэма

Мы даведаліся, якія парады абітурыентам могуць даць вопытныя педагогі. Усе сыходзяцца ў адным меркаванні: трэба быць уважлівым і рыхтавацца да тэстаў загадзя.

Ала Мараліна, выкладчык вучэбнага цэнтра, вядзе біялогію ўжо 40 гадоў. За ўвесь гэты час 25 яе вучняў набралі па прадмеце вышэйшы бал на ЦТ:

— Трэба заўсёды памятаць: дробязей не бывае. Аўтары тэстаў ведаюць, на чым лавіць абітурыентаў: нярэдка бывае такое, што пытанні складаюць не па тэксце падручніка, а па малюнках, якія таксама ёсць у ім. Таму трэба звяртаць увагу на кожную дэталь. Могуць трапляцца пытанні па тэкстах падручнікаў больш старых выданняў — яны ёсць у інтэрнэце, так што раю іх спампаваць і прагле­дзець. Яшчэ адна складанасць у тэстах па біялогіі — пытанне аб разнастайнасці флоры і фаўны. Напрыклад, сівуч (вушасты цюлень) і сіпуха (драпежная птушка) — гэта розныя класы жывёл, але многія дзеці губляюцца з-за сугучнай назвы. Дарэчы, наш прадмет «асаблівы»: у тэстах ёсць 1—2 задачы па генетыцы і экалогіі, адказ у якіх трэба палічыць. Але калькулятарам, у адрозненне ад тых, хто здае хімію, біёлагам карыстацца нельга. Вось потым і атрымліваецца: абітурыент усё правільна рашыў, але палічыў няўважліва, таму замест 25 у яго атрымалася 250. Як вынік — 0 балаў за заданне.

Як гэта было

Ала Аляксееўна лічыць, што хвалявацца на тэсці­раванні трэба абавязкова:

— У гэты час выпра­цоўваецца адрэналін, ён адкрывае ў мозгу «скрыначкі», з якіх можна дастаць тое, што ты быццам бы не ведаў ці забыўся. Бывае, абітурыент не слухае парад, выпівае валяр’янку і потым распавядае: «Сяджу паўгадзіны на ЦТ, а мозг не ўключаецца». А яшчэ трэба шмат чытаць розных дапаможнікаў і рашаць тэсты. Зрабіўшы памылку, заўсёды запытайцеся ў сябе: чаму адказ не такі, як я думаў? Чым больш памылак вы зробіце зараз, тым менш іх будзе на ЦТ.

Выкладчык рускай мовы Таццяна Васілеўская таксама ўпэўнена: не варта крытыкаваць сябе за кожную памылку на РТ, лепш даць магчымасць яе зрабіць:

— Каб добра напісаць тэст па рускай мове, патрэбны глыбокія веды, а не проста валоданне элементарнымі правіламі. У ЦТ ёсць мноства пастак, напрыклад, няпростая тэма «склад слова». Спалучэнне літар «очк» і «ечк» у адным слове абазначае суфікс, у другім — два суфіксы, а ў трэцім выпадку «оч» уваходзіць у корань, а «к» — у суфікс. Без належнай падрыхтоўкі дакладна рашыць гэтае заданне немагчыма. Поспех на ЦТ трымаецца на трох кітах: тэорыі, практыцы з аналізам памылак і сістэме. Вельмі важна не толькі набіць руку на тэстах, але і вучыць правілы. Я заўсёды кажу абітурыентам: «Калі не ведаеце тэарэтычнага матэрыялу, адну і тую ж памылку будзеце паўтараць у кожным тэсце». І нарэшце, працаваць трэба кожны дзень хаця б па паўгадзіны: нельга вывучыць нешта за адзін раз, а потым успомніць пра гэта праз тыдзень. Лепш меней, але часцей, тады з галавы нічога не вылеціць. Абавязкова хадзіце на ўсе этапы РТ, пастаянна правярайце сябе. Трэці этап, дарэчы, максімальна набліжаны да выніковага тэста, таму яго прапускаць нельга. А яшчэ ў лістападзе на сайце РІКВ з’явіцца карысны дакумент — «Спецыфікацыя тэста па вучэбным прадмеце «Руская мова» для правядзення ЦТ». У ім будуць пералічаны тэмы, якія ўвойдуць у ЦТ. Так што ўсім раю звярнуць на яго ўвагу.


КАМПЕТЭНТНА

Юрый Міксюк, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў:

— Дыстанцыйнае РТ мы ўвялі ў мінулым годзе, а ў студзені гэтага года заданні абнавіліся. Галоў­нае, чым яно адрозні­ваецца ад звычайнага РТ, — на сайце толькі адзін варыянт па ўсіх 15 прадметах (на РТ — два варыянты). Тэст прайсці можна бясплатна і колькі заўгодна разоў, там няма абмежаванняў па часе. Яшчэ ён добры тым, што абітурыент адразу атрымлівае вынік і падрабязны аналіз кожнага задання — даюцца правільныя адказы, спасылкі на падручнікі. У тых, хто па нейкіх прычынах не можа прыйсці на РТ ва ўстанову адукацыі, зараз таксама ёсць магчымасць патрэніравацца, убачыць свае памылкі, пазнаёміцца ​​са структурай тэста і адпрацаваць тэхналогію. Калі абітурыент прыйдзе на ЦТ, ён не будзе думаць, як адмяніць няправільны адказ або выправіць яго, бо ўжо патрэніраваўся загадзя.

Тэсты ДРТ узятыя з банка даных, яны яшчэ не выкарыстоўваліся — дакладна такіх жа задач ні на РТ, ні на ЦТ школьнікі не ўбачаць. Калі вы прайшлі тэст і атрымалі, напрыклад, 80 балаў, то на звычайным рэпетыцыйным тэсціраванні ці на самім ЦТ у вас будзе прыблізна такі ж бал. Ёсць нязначныя адхіленні, але гэта дае магчымасць прыкладна даведацца, якую адзнаку вы атрымаеце на галоўным экзамене.

На першы этап РТ, рэгістрацыя на які ўжо пачалася, звычайна прыходзіць менш дзяцей, чым на трэці: многія думаюць, што яшчэ не гатовыя, не вывучылі ўсю школьную праграму. Але абітурыенты правільна робяць, калі пачынаюць думаць аб падрыхтоўцы загадзя і адразу выяўляюць прабелы ў ведах — ёсць час іх выправіць.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter