З якога цяляці дабра не ждаці?

Асобныя прыкметы і абрадавыя прадпісанні Благавешчання, напрыклад папярэджанне не апранаць новае адзенне -- яно хутка парвецца, даюць падставы меркаваць, што гэта свята па сваёй глыбіннай, духоўна-сакральнай сутнасці ставілася ў адзін шэраг з Калядамі і Вялікаднем, г.зн. са святамі, якія распачыналі новы сегмент каляндарнага часу. Становішча “безвременья”, адсюль -- безабароннасці і адкрытасці перад прадстаўнікамі навакольнага свету вымушала людзей рабіць пэўныя рытуальныя і практычныя захады, каб захаваць сітуацыю стабільнасці, раўнавагі і сямейнага дабрабыту. З гэтай нагоды на Благавешчанне забаранялася што-небудзь пазычаць суседзям (г.зн. выносіць з хаты) і адначасова “нельга было нічога прыносіць з лесу, інакш у хаце з’явяцца пацукі, тараканы і інш. шкоднікі.

(Працяг тэмы. Пачатак у № 61)

У гэты дзень, лічылі ў народзе, трэба быць надзвычай стрыманымі ў адносінах паміж сабой. Адначасова выказвалася далікатная парада: “Хто на Благавешчанне з раніцы і да ночы назаве мужа сорак разоў “мілы”, увесь год для яго любімай будзе”.
На Благавешчанне катэгарычна забараняліся сексуальныя адносіны паміж мужам і жонкай, а цяжарнай жанчыне -- працаваць. Паляўнічыя цвёрда ведалі, што ў гэты дзень да стрэльбы нават дакранацца нельга, інакш цэлы год на паляванні не будзе шанцаваць.
Аналагічныя забароны мелі дачыненне і да хатніх жывёл: у гэты дзень нельга было злучаць карову: “З благавеснага цяляці дабра не ждаці”, садзіць квактуху або гуску на яйкі: “Пасаджаная ў гэты дзень на яйкі квахтуха выведзе пакалечаных куранят”; “няможна класці пад гуску тых яек, якія на Благавешчанне знесены, бо былі б тыя гусяняткі калечкі”.
У традыцыйнай культуры беларусаў здарылася так, што як да Саракоў, так і да Благавешчання быў прымеркаваны шэраг забаронаў, звязаных з хатнімі птушкамі -- курамі. Маці забараняла ўсім дамачадцам не толькі “касу плесці”, але нават расчэсваць валасы, каб куры не дралі летам грады. Каб куры не знікалі са свайго падворка, на Благавешчанне вешалі на плоце рэшата, а потым у яго насыпалі зерне і кармілі курэй. Акрамя гэтага лічылася, калі ў першай палавіне святочнага дня, паміж ранішнім набажэнствам і абедняй, венікам сагнаць курэй з курасадні, то заўсёды будзе шмат яек. Малыя дзеці раніцай бегалі па чужых дварах і збіралі там трэсачкі, каб прынесці да хаты: “каб з чужога двара да іх прыходзілі несціся куры”.
(Заканчэнне будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter