З якіх Кутоў кавун?

Пад Крупкамі сям'я атрымала тону кавуноў з дзвюх сотак зямлі

Не з тых, што на Гомельшчыне ці на Гродзеншчыне, і нават не з тых, што ёсць у шасці абласцях суседняй Украіны.

Тону кавуноў з дзвюх сотак зямлі атрымалі на сваім прысядзібным участку Павел і Святлана Фаміны з невялічкай вёсачкі Куты, што ў Крупскім раёне на паўночным усходзе Міншчыны. Пяць гадоў таму гаспадары вырашылі заняцца вырошчваннем бахчавых насуперак думцы, што тут яны не растуць. І зараз ураджайныя пераборлівыя выхадцы з цёплых краін — прадмет іх сапраўднага гонару.

І сапраўды, ягады атрымаліся дабротныя, налітыя, сакаві¬тыя і салодкія. Увогуле Фаміны — адметная сям’я. Можна сказаць, што вакол іх і круціцца жыццё ў вёсачцы, дзе на зіму застаецца каля дзясятка жыхароў. Руплівыя гаспадары трымаюць каня, карову, дробную жыўнасць і пчол. Павел некалі сабраў са старых запчастак міні-трактар. Зрабіў нават з пральнай машыны сокавыціскалку, якая можа за дзве гадзіны вырабіць 150 літраў соку. І падворак у Фаміных адмысловы, там шмат кветак, самаробных, як зараз кажуць, архітэктурных формаў, некалькі маляўнічых сажалак. А на агародзе і ў садзе што толькі ні расце! Гаспадары — людзі шчырыя і адкрытыя, яны першая дапамога аднавяскоўцам ва ўсіх на¬дзённых справах увогуле і ў садаводча-агародных у прыватнасці. Атрымаць слушную параду, да прыкладу, як вырасціць сакавіты кавун ці духмяную дыню, можа хто заўгодна.

Фота: Аляксандр БУДЗЬКО

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter