З вышыні пад’ёмнага крана

На будаўніцтва аб'ектаў у «Кляновічах» сёлета пойдзе Br 64 млрд

Сёлета ў ААТ «Кляновічы» на заканчэнне рэканструкцыі і будаўніцтва пяці найбольш значных аб’ектаў прадугледжана амаль 64 млрд. рублёў

Гэта шматпрофільнае сельскагаспадарчае прадпрыемства з’яўляецца самым буйным на Крупшчыне. На яго прыпадае большая палова аб’ёму вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі раёна — 52,7 %. Апошнія гады там пастаянна вядзецца работа па шматгаліновым развіцці. Можна смела сцвярджаць, што ідзе бесперапынны працэс рэканструкцыі, мадэрнізацыі і будаўніцтва. Гэта дазваляе падтрымліваць на базе гаспадаркі эфектыўную сельскагаспадарчую вытворчасць, ствараць годныя ўмовы для працы, жыцця і быту насельніцтва. Цэнтр гаспадаркі — аграгарадок Замкі — у поўнай меры адпавядае свайму статусу, а асобныя аб’екты там нават лепшыя, чым у райцэнтры.

Вось і зараз у гаспадарцы працягваюць рэалізацыю праграмы мадэрнізацыі, прычым не толькі сельскагаспадарчых аб’ектаў. Хаця ўпор робіцца менавіта на іх. «На сёння ўвага засяроджана на пяці найбольш буйных аб’ектах, куды за год плануем укласці амаль 64 млрд. рублёў. Работы вядуцца планава, і многія з іх уступілі ў сваю завяршальную стадыю», — расказвае дырэктар ААТ «Кляновічы» Міхаіл Радзько.

Да прыкладу, возьмем будаўніцтва камбікормавага завода ў аграгарадку Замкі. Гэта буйное сучаснае прадпрыемства магутнасцю 25 тон у гадзіну. Яго поўная загрузка ў тры змены дазволіць забяспечыць прадукцыйнасць каля 140 тыс. тон у год разнастайных высакаякасных камбікармоў для птушкі, буйной рагатай жывёлы і свіней. А гэта істотна больш, чым патрэбы гаспадаркі і нават раёна, што стварае вялікі рэзерв для работы па заказах з іншых рэгіёнаў. Сёлета на аб’ект будзе затрачана каля 40 млрд. рублёў. На прадпрыемстве плануецца стварыць 30 новых рабочых месцаў, там будуць патрэбны тэхнолагі, інжынеры, слесары, лабаранты і іншыя спецыялісты. «Вось бачыце — пашпарт аб’екта. Там значыцца, што будаўніцтва завершыцца ў верасні бягучага года. Не сумняваюся, што тэрмін будзе вытрыманы», — запэўніў кіраўнік праекта, намеснік дырэктара ЗАТ «ДСПМК-94» Аляксей Якаўлеў.

Заканчваецца і рэканструкцыя машыннага двара на цэнтральнай сядзібе. Зараз рэалізуецца другая чарга, яе асноўны напрамак — пляцоўкі для захоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі. Апошняя кропка ў праекце будзе азначаць тое, што ў гаспадарцы завершыцца стварэнне комплекснага паўнавартаснага аб’екта з усімі неабходнымі ўмовамі для якаснага рамонту і захоўвання тэхнікі, работы і адпачынку персаналу.

Новыя магчымасці дасць рэканструкцыя і ЗСК прадукцыйнасцю да 1200 тон у суткі з сілосамі для захоўвання збожжа. Другая чарга — насенная лінія з сушылкай прадукцыйнасцю 16 тон у гадзіну. Лінія ўжо зманціравана з высокатэхналагічнага імпартнага абсталявання, засталося зрабіць пусканаладачныя работы і завяршыць асфальтаванне прылеглай тэрыторыі. Яе магутнасцей, зноў жа, хопіць не толькі для ўласных патрэб гаспадаркі.

У ААТ «Кляновічы» расце пагалоўе буйной рагатай жывёлы, зараз яно складае 5 тыс. 800 галоў. За першы квартал бягучага года валавая вытворчасць прадукцыі склала 110,8 % да адпаведнага мінулагодняга перыяду. Усё гэта, зразумела, патрабуе дадатковых плошчаў з належнымі ўмовамі для ўтрымання і догляду жывёлы. Два новыя памяшканні значацца ў плане рэканструкцыі комплексу па вырабе ялавічыны на 2100 галоў, што знаходзіцца ў г.п. Бобр. «У выніку на комплексе будзе пяць памяшканняў. Адзін новы хлеў ужо зманціраваны, вядуцца работы па мантажы другога. Думаю, што ў верасні—кастрычніку павінны ўвесці ў эксплуатацыю. Далей будзем запаўняць гэтыя памяшканні жывёлай, што дазволіць гаспадарцы павялічыць вытворчасць ялавічыны», — расказвае Міхаіл Радзько.

Рэканструкцыя ў Замках цэха па вытворчасці малака прадукцыйнасцю 3 тыс. літраў за змену павінна станоўча адбіцца на справах у малочнай жывёлагадоўлі, хоць у цэлым яны ідуць нядрэнна. Умовы ўтрымання, кармлення, тэхналогія даення кароў адпавядаюць патрабаванням сучаснай жывёлагадоўлі. Дойны статак гаспадаркі налічвае 1 тыс. 850 галоў. Надой на адну фуражную карову складае 14,6 літра, а валавая вытворчасць малака за студзень—май склала 112,5 % да такога ж перыяду летась.

Наступны аб’ект, дзе зараз шчыруюць будаўнікі, — гэта кафэ. Больш дакладна будзе сказаць не будаўнікі, а аддзелачнікі. У выніку атрымаецца сучасны добраўпарадкаваны комплекс прыдарожнага сэрвісу. Гэта ўласна кафэ з абедзеннай залай на 60 месцаў, некалькі гасцінічных нумароў з усімі зручнасцямі, пакоі адпачынку, більярдная і гэтак далей. Там уладкоўваецца і гандлёвы аддзел, дзе будзе прадавацца прадукцыя перапрацоўкі ААТ «Кляновічы», у прыватнасці, птушкафабрыкі.

«Усе гэтыя будаўнічыя работы ідуць поруч з надзённымі клопатамі сялян. Зараз мы актыўна займаемся нарыхтоўкай кармоў, «перакрылі» ўжо заданне мінулага года. У гэтым накірунку актыўна прымяняем сучасныя тэхналогіі, і сёлета ўжо каля 1700 тон сена запакавалі рулонамі ў плёнку. Усяго ж па такой тэхналогіі павінны назапасіць 3 тыс. тон. Нарыхтавалі 11 тыс. тон сенажу, з другога ўкосу плануем пакласці яшчэ 7 тыс. тон. У цэлым жа, ёсць падставы сцвярджаць, што зімоўка грамадскага статка будзе сытнай», — гаворыць кіраўнік гаспадаркі.

Пад пільнай увагай знаходзіцца і яшчэ адзін важны накірунак дзейнасці ААТ — птушкагадоўля. Вытворчасць мяса птушкі сладае 142,4 % да адпаведнага ўзроўню мінулага года. Працэс наладжаны замкнёным цыклам: вырошчванне, забой, утылізацыя адходаў, перапрацоўка, гандаль.

У цэлым, як адзначае Міхаіл Радзько, за студзень—май валавая вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў «Кляновічах» склала 131 % пры заданні 110 %.

На здымку: дырэктар ААТ «Кляновічы» Міхаіл РАДЗЬКО і намеснік дырэктара ЗАТ «ДСПМК-94» Аляксей ЯКАЎЛЕЎ на будаўнічай пляцоўцы камбікормавага завода.

Фота: Аляксандр БУДЗЬКО

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter