У канцы мінулага года пасля аб’яднання ашмянскіх гаспадарак «Ясная Паляна» і «Крайванцы» калектыў узначаліў студэнт-завочнік Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта Аляксей Чарняўскі

«З вясенніх дзён пачынаецца новы віток»

Кажуць, што чалавек шчаслівы ў той меры, у якой здольны радавацца жыццю і свайму чалавечаму прызначэнню. З малых гадоў менавіта так бацькі імкнуліся выхоўваць Аляксея Чарняўскага. Продкі яго спрадвеку працавалі на зямлі. Дзядуля Іван Паўлавіч быў слынным аграномам на Ашмяншчыне. Бацька Сяргей Іванавіч скончыў Белдзяржсельгасакадэмію і ўзначаліў агранамічную службу ў гаспадарцы «Прыгранічны», а потым стаў яе кіраўніком. Часта браў маленькага сына з сабою ў поле, дзе працавала тэхніка. Кожная вандроўка па калгасных прасторах была падзеяй для Аляксея, і да сялянскай працы хлапчук рана прызвычаіўся. Разам са старэйшым братам Паўлам дапамагалі бацькам па хатняй гаспадарцы. На іх падворку было дзве каровы, свінні, куры. Сыны даілі кароў, кармілі жывёлу, увіхаліся на прысядзібным участку.

Страшэнная бяда нечакана ўварвалася ў дом Чарняўскіх. Заўчасна памерла трыццаціпяцігадовая маці. 

З першых дзён сіроцтва дзяцей прытулілі бабуля Ніна Тарасаўна і бацькава сястра Таццяна Іванаўна. Шмат душы яны аддавалі хлопчыкам, клапаціліся, каб яны знайшлі сябе ў жыцці.

— Яны нам з братам замянілі маці, — шчыра дзеліцца патаемным Аляксей Чарняўскі. — І цяпер цікавяцца нашымі справамі. Мы з жонкай, сынамі Іллёю і Аляксандрам часта наведваем іх. Бабулі нашай восемдзесят дзевяць гадоў, да выхаду на пенсію настаўнічала. Нас выхоўвала не трымаць зла на іншых. Часта ўзгадваю яе мудрыя парады. Не аднойчы пераконваўся: калі на зло адказваеш злом ці пом­стай, гэта не прыводзіць да станоўчага выніку. Непрыемнасці, паскудства балюча ўспрымаю. З гадамі стаў разумець, што ўсё гэта чалавечыя слабасці і трэба быць вышэй іх.

— А што ніколі не даруеце?

— Здраду і подласць. Але пры гэтым мой прынцып — не помсціць, лепш прамаўчаць. Дараваць чалавеку і забыць. На жаль, не заўсёды так атрымліваецца. Талент кіраваць людзьмі не кожнаму дадзены. Першы год самастойна ўзначальваю калектыў. Штораніцы аб’язджаю жывёлагадоўчыя фермы і комплексы, наведваюся да механізатараў. У нас два машынна-трактарныя двары ў аграгарадках Крэйванцы і Повішні. Адзін з іх застаўся ў спадчыну ад былой райсельгастэхнікі. Абсалютна ўсе глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты гатовы да выхаду ў поле. Значная падтрымка ў кіраванні сельгаспрадпрыемствам ад бацькі. Ён ужо на пенсіі, але не захацеў сядзець без справы, кіруе агранамічнай службай нашай гаспадаркі.

— Пэўна, ад дзядулі, бацькі бярэ пачатак ваша дырэктарства?

— Менавіта так. Памятаю, як дашкольнікам ездзіў з бацькам на легкавіку па калгасных палях, сенажацях. Запалі ў сэрца яго гутаркі з сялянамі. Ён ніколі не павышаў голас, уважліва ставіўся да кожнага. Усё гэта і паўплывала на мой выбар жыццёвага шляху. Пасля сярэдняй школы скончыў Маладзечанскі політэхнічны каледж і вярнуўся дамоў. У калгасе сеў за руль грузавіка. На жніве адвозіў збожжа ад камбайнаў і нават выйшаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод маладых вадзіцеляў. На раённых «Дажынках» атрымаў першую працоўную грамату і грашовую прэмію.

Пасля службы ў арміі пазнаёміўся з дзяўчынай Вікторыяй з суседняй вёскі Мураваная Ашмянка. Яна на сем гадоў маладзейшая за мяне. Ліпеньскім днём згулялі вяселле. Так склалася, што ў маім радаводзе моцна пераплецены праваслаўныя і каталіцкія карані. Мы з братам, мае сыны праваслаўныя, а жонка з каталіцкай сям’і. Таму спачатку збіраемся на Вялікдзень да бацькоў Вікторыі, а праз месяц з маёй раднёю будзем адзначаць гэта вялікае свята. Нядаўна даведаўся, што ёсць прапанова сінхранізаваць хрысціянскі каляндар. Дарэчы, у будучым годзе ў праваслаўных і каталікоў Вялікдзень супадае.

Святы ўпрыгожваюць будзённае жыццё. Вясною кожны дзень дарагі. Сёлета цяпло прыпазнілася. У працы на зямлі часта даводзіцца рызыкаваць: рана пасееш, а потым хвалюешся, каб замаразкі не пашкодзілі ўсходы. Пазней звычайнага выходзім працаваць у поле. Тэхнічны арсенал дазваляе аператыўна правесці пасяўную кампанію. Інжынернай службай кіруе Сяргей Адамковіч. Зімою набылі МТЗ-82, амкадораўскі пагрузчык, культыватар, бочку для ўнясення вадкіх удабрэнняў (на закупку неабходнай колькасці мінеральных не хапіла сродкаў), іншыя агрэгаты. Спадзяёмся, што неабходную частку іх яшчэ паспеем набыць.

— Аляксей Сяргеевіч, вы выконваеце абавязкі дырэктара сельгаспрадпрыемства амаль год. А што неабходна, каб стаць кіраўніком?

— Што тычыцца мяне, у першую чаргу трэба скончыць апошні курс у Гродзенскім дзяржаграўніверсітэце (вучуся завочна на факультэце эканомікі і арганізацыі кіравання АПК). Гэта асабісты клопат. Варта даказаць справамі даверанае кіраўніцтва калектывам. У маім уяўленні сучасны дырэктар павінен мець чыстае сумленне, быць дакладным і справядлівым, трымаць слова і знешне выглядаць прыстойна.

— З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца з першых дзён кіравання?

— Адразу не хапала вопыту адчуваць людзей. Пачынаю разумець, што да кожнага трэба мець індывідуальны падыход, у кожнага свой характар. А што тычыцца кіравання вытворчым працэсам, вызначэння найбольш важнага, то тут мне дапамагае сваімі парадамі начальнік райсельгасхарча Андрэй Валер’евіч Гардзей.

Гаспадарка — амаль 9000 гектараў сельгасугоддзяў, адна з самых вялікіх у раёне. А на малочна-таварных комплексах і фермах звыш 6000 галоў буйной рагатай жывёлы. На нашай тэрыторыі два аграгарадкі і амаль сорак дробных вёсачак, больш падобных на хутары. Да некаторых яшчэ не хапіла часу даехаць, пагутарыць з жыхарамі. Для кіраўніка важна мець згуртаваную каманду. Як і без абмеркавання важных пытанняў са спецыялістамі складана прымаць рашэнні. Паступова фарміруецца касцяк аднадумцаў. На фермах і ў механізацыі працоўных рук хапае, а вось пасады галоўнага заатэхніка і ветурача пакуль вакантныя.

У нас склаліся прыяцельскія адносіны з кіраўнікамі суседніх гаспадарак «Граўжышкі» Андрэем Качаном і «Ашмянскі світанак» Вадзімам Бенадысюком. Часта сустракаемся, калі ўзнікае неабходнасць, дапамагаем адзін аднаму. Шчыра дзелімся вопытам.

— Калі ў суседзяў нешта лепш атрымліваецца, ці не ўзнікае пачуццё зайздрасці?

— Наадварот, прымаю гэта як стымул самому працаваць лепш. Суседняя гаспадарка «Гальшаны» лідзіруе ў раёне па прадукцыйнасці малочнага статка. Іх поспех стымулюе нашых жывёлаводаў на большае старанне. Па валавой вытворчасці малака мы на другім месцы сярод васьмі гаспадарак. Найлепшыя паказчыкі па надоях на малочна-таварных комплексах «Крэйванцы» і «Ралаўшчына». Там умовы ўтрымання жывёлы непараўнальна лепшыя, чым на старых фермах. На МТК «Ралаўшчына» надоі ад кожнай з 700 кароў перавысілі 7500 кілаграмаў. На старых фермах з цэментным насцілам зімою шмат кароў у маразы хварэлі на масціт. Гэта адмоўна паўплывала на іх прадукцыйнасць. Амаль усё малако рэалізуем толькі вышэйшым класам, але ставім задачу выйсці на атрыманне прадукцыі экстра.

І ў раслінаводстве не ўсе рэзервы выкарыстаны. Летась з кожнага гектара атрымалі па 35 цэнтнераў збожжа. Каб павысіць аддачу зямлі, большую частку пасяўнога кліна з восені заправілі арганікай. На кожнае поле распрацавалі тэхналагічныя карты.

Для забеспячэння грамадскага статка фуражом на 800 гектарах пасеем кукурузу, што дасць магчымасць забяспечыць жывёлагадоўлю кармамі. Асноўныя фінансавыя паступленні ў казну гаспадаркі ад рэалізацыі малака і ялавічыны.

— Аляксей Сяргеевіч, гэта першая вясна вашага самастойнага кіравання калектывам. Якія мары і задумы ў такі цудоўны час года?

— Так, вясна — час мараў і на­дзей. На вачах ажывае ўсё навокал. Люблю на досвітку выехаць у поле і слухаць жаўрукоў. З гэтых цёплых дзён пачынаецца новы віток працы на зямлі. На нашых нівах ёсць усе ўмовы атрымаць па 40 цэнтнераў збожжавых з гектара. Мару вывесці гаспадарку па эканамічных паказчыках у лідары не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Тым больш калектыў працавіты, прыходзяць маладыя спецыялісты. Нядаўна калектыў папоўнілі выпускнікі Ашмянскага дзяржсельгаскаледжа Ягор Кунюта і Аляксей Козік, а летам чакаем выхаванцаў агратэхнічных ліцэяў.

Паспяховымі вынікамі імкнуся даказаць сваю вартасць на даверанай пасадзе. Вобразна кажучы, кожнаму чалавеку важна зрабіць самае галоўнае ў жыцці: пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выхаваць сына. У нас з жонкаю два хлопчыкі. Хачу мець уласны дом і сад. Стаць дыпламаваным спецыялістам. Вось такімі марамі і справамі напоўнена мая старшынёўская вясна.

— Дзякуй, Аляксей Сяргеевіч, за шчырасць. Няхай усё задуманае вамі споўніцца. Здароўя і плёну вам і калектыву гаспадаркі!

ЗАМЕСТ ВІЗІТНАЙ КАРТКІ

Прызначэнне трыццацігадовага Аляксея Чарняўскага дырэктарам ашмянскага КСУП «Крэйванцы» супала з далучэннем суседняй гаспадаркі «Ясная Паляна». Узбуйненае сельгаспрадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці малака, ялавічыны і збожжа.

З малочна-таварных ферм і двух сучасных комплексаў што­дзённа рэалізуецца на Ашмянскі сыраробчы завод (філіял ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат») звыш 20 тон малака. Палову агульнага аб’ёму яго дае малочна-таварны комплекс «Крэйванцы», дзе ў дойным статку 800 галоў. Па гаспадарцы сярэднегадавы надой ад кожнай каровы набліжаецца да 6000 кілаграмаў. 

Сельгаспрадпрыемства адзінае ў раёне гадуе мясную герафордскую пароду жывёлы. У статку на ферме «Харанжышкі» звыш 180 такіх кормнікаў.

За мінулы год значна абнавіўся машынна-трактарны парк гаспадаркі. Механізатарам трэба будзе пасеяць яравыя збожжавыя і кукурузу на 2000 гектарах. Такую ж плошчу зай­мае і азімы клін. Пачалася падкормка пасеваў збожжавых і рапсу. Хлебаробы настроены атрымаць з кожнага гектара па 40 цэнтнераў зерня і звыш 30 цэнтнераў насення рапсу.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter