Как отмечают вигилию католики?

З вігіліі на пастэрку

Вечарам 24 снежня католікі збіраюцца за святочным сталом, каб разам памаліцца

Нездарма вечар напярэдадні Божага Нараджэння носіць назву вігілія — у перакладзе з лацінскай мовы гэта слова азначае «чуванне». Блізкія збіраюцца за адным сталом, каб разам сустрэць надыход вялікага свята. У Беларусі гэта вячэра называецца таксама куццёю — па аналогіі з аднайменнай крупяной кашай, якая абавязкова павінна быць у вігілійны вечар. Сёння няма строгіх прадпісанняў адносна захавання посту і ўстрымання ад мяса напярэдадні Божага Нараджэння, але многія беларускія каталіцкія сем’і па-ранейшаму посцяць у гэты дзень і на вігілійны стол гатуюць толькі посныя стравы. Акрамя куцці, гэта рыба, булачкі з макам, павідлам і іншымі начынкамі, макавае малачко з баранкамі, кісель, грыбы і гэтак далей.

Фота аўтара

Перад тым як паставіць стравы на стол, яго засцілаюць белым абрусам, які сімвалізуе алтар у храме і пялёнкі Езуса. Пад абрус прынята класці крыху сена — як напамін пра тое, што Хрыстос нарадзіўся не ў багатым палацы, а ў нястачы. У некаторых сем’ях на стол ставяць свечку — сімвал Езуса і яго Святла, а таксама фігурку нованароджанага Збаўцы.

За стол сядаюць з першай зоркай. Яна сімвалізуе Віфлеемскую зорку, якая паказала, дзе нарадзіўся Хрыстос. Па традыцыі, адно месца пакідаюць свабодным — у памяць аб памерлых і падарожных, якія неспадзявана могуць пастукаць у дзверы.

Пачынаецца святочная вячэра з прачытання ўрыўка з Евангелля аб нараджэнні Хрыста. Затым усе дзеляцца аплаткай — тонкім прэсным хлебам, які выкарыстоўваецца ў святой Імшы. Адломваючы невялікі кавалачак ад чужой аплаткі, блізкія выказваюць адзін аднаму пажаданні, а потым прымаюцца за святочныя стравы.

Пасля вячэры чакаюць пастэркі — урачыстай святой Імшы, якая звычайна адбываецца ў храмах бліжэй да поўначы. Пастэрка паходзіць ад лацінскага слова pastor (пастух). Менавіта пастушкам Анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра Нараджэнне Хрыста. І яны першыя прыйшлі і пакланіліся нованароджанаму Збаўцу — гэтую памятную сцэну сёння можна ўбачыць у кожным касцёле ў перыяд свята.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter