Как живет семья, где муж и жена разных вероисповеданий

З верай у каханне

Беларускія тэрыторыі на працягу стагоддзяў застаюцца поліканфесіянальнымі. У нашай краіне ў многіх гарадах на цэнтральных плошчах можна ўбачыць праваслаўны храм насупраць каталіцкага. Таму нярэдкімі бываюць сітуацыі, калі прыхаджанін аднаго можа закахацца ў прыхаджанку іншага. Па правілах, здаецца, так быць не павінна, але сэрцу загад не аддасі.

Фото  pexels.com

Мінчане Алег і Наталля ажаніліся тры гады таму. Ён католік, а яна праваслаўная. 

— Прызнаюся, пры выбары мужа пытанне веравызнання для мяне не стаяла на першым месцы. Пры знаёмствах з маладымі людзьмі глядзела на такія мужчынскія рысы характару, як рашучасць і моц, уменне абараняць, гатоўнасць узяць адказнасць за сябе і блізкіх. У Алега ўсё гэта ёсць, — кажа Наташа. 

— Ці думаў я пра тое, якога веравызнання будзе мая будучая жонка? Не, — успамінае галава сям’і. — Але я разумеў, што ёсць высокая верагод­насць сустрэць менавіта праваслаўную дзяўчыну. Як ні круці, гэта дамінуючая канфесія ў Беларусі. 

Ніхто ў пары не хаваў сваёй канфесіянальнай прыналежнасці з першага дня. Але абгрунтаваная размова пра рэлігію здарылася тады, калі стала зразумела: узаемны інтарэс даволі сур’ёзны.

— Была некаторая боязь. Але тычылася яна нават не розніцы канфесій, а таго, што для Алега вера ў Бога можа аказацца не вельмі важнай, — дзеліцца Наташа. — На шчасце, асцярога не апраўдалася. Ён, яшчэ будучы хлопчыкам, пазнаёміўся з Бібліяй, у яго сям’і надавалі вялікае значэнне духоўнаму выхаванню.  «Ці ёсць Бог?» і «Дзе яго трэба шукаць?» — такіх пытанняў перад ім не стаяла. У выніку жывы інтарэс да веры ў нашым выпадку аказаўся фактарам збліжэння, а не наадварот. 

Нягледзячы на відавочныя адрозненні праваслаўя і каталіцтва, асноўныя пастулаты гэтых хрысціянскіх канфесій адзі­ныя. У выпадку нашых герояў ключавую ролю адыграў менавіта пошук агульнага. 

— Я бывала з Алегам на імшы ў касцёле, ён наведваў службы ў царкве са мной. Пры гэтым кожны заставаўся (і застаецца сёння) пры сваёй веры. Думаю, трэба праяўляць павагу да свабоды веравызнання блізкага чалавека і не спрабаваць лішні раз прывесці яго ў свой храм. Важна іншае — каб вера ў Бога ў прынцыпе была трывалая, каб чалавек маліўся, ха­дзіў на споведзь і прычасць. Са мной ці без мяне — гэта ўжо нюансы. 

Аднак такую пазіцыю па­дзялялі не ўсе блізкія пары. Праваслаўныя сваякі дзяўчыны і каталіцкая сям’я хлопца няхай не ў лоб, але казалі пра тое, што жадалі б бачыць у якасці жаніха і нявесты прадстаўнікоў сваёй канфесіі. 

— Тады мы з Алегам вырашылі: раз плануем ства­раць сям’ю, то ў першую чаргу павінны прыслухоўвацца адзін да аднаго. Толькі пасля — да іншых. Насуперак баць­кам не ішлі: усе парады выслухоўвалі, не ўступалі ў спрэчкі і не намагаліся даказаць правату. Да рэгістрацыі ў загсе падышлі спакойна, — успамінае Наташа. — Калі б адразу пасля вяселля пачала патрабаваць вянчання, дык гэта можна было б расцэньваць як пэўны ціск ці безальтэрнатыўныя ўмовы. Упэўнена, што Алег адчуваў бы сябе загнаным у кут. Але ў хуткім часе ён сам пачаў цікавіцца, якія варыянты я бачу ў гэтым напрамку. Тут не стала крывіць душой і прапанавала вянчацца ў праваслаўі. 

Алег згадзіўся і тлумачыць чаму: 

— Мог бы стукнуць кулаком па стале і патрабаваць вянчання ў касцёле. Але гэта было б эгаістычнае рашэнне. Я хачу заставацца сумленным сам з сабой, перад Богам і Наташай. Аб’ектыўна бачу, што яна хо­дзіць на службы кожную ня­дзелю і ў яе жыцці царква займае большае месца, чым у маёй. 

Каб пазбавіцца ўсіх сумневаў і высветліць магчымыя рызыкі такога становішча, пара хадзіла на кансультацыі ў адзін з храмаў Мінска да свяшчэнніка, які мае вялікі вопыт у працы з межканфесіянальнымі сем’ямі. 

— У нашым выпадку таінства вянчання аказалася тайным ва ўсіх сэнсах: мы нікому пра яго не расказалі, — кажа Алег. — Пазіцыя маіх сваякоў па гэтым пытанні катэгарычная, і, на жаль, маіх тлумачэнняў і аргументаў для іх недастаткова. 

Летась у сям’і адбылося папаўненне — нара­дзілася дачка Елі­завета. Імя выбіралі, улічваючы пажаданні дзвюх бабуль, каб кожная магла спакойна маліцца аб здароўі ўнучкі і ў касцёле, і ў царкве. 

— Хрысцілі ў Свята-Елісавецінскім манастыры. Хацелася, каб дзіця з маленства выхоўвалася ў адной веры і не вагалася паміж дзвюма канфесіямі, — разважае маладая маці. 

А што наконт рэлігійных свят? У нашай краіне з гэтым ніякіх праблем няма. Праваслаўныя і каталіцкія ўрачыстасці і памятныя дні раўназначныя, гэта замацавана на дзяржаўным узроўні. 

— Я віншую Алега, ён — мяне. У выніку нагод для радасці ў два разы больш! — усміхаецца Наташа. 

СКАЗАНА

Протаіерэй Сергій Маўсесян, клірык прыхода храма Нараджэння Хрыстова, в. Вялікае Сціклева:

— Штогод у Беларусі заключаецца некалькі дзясяткаў тысяч шлюбаў. Людзі, якія ў іх уступаюць, могуць належаць да розных хрысціянскіх канфесій. Напрыклад, праваслаўныя і католікі. Бываюць шлюбы межрэлігійныя (хрысціяне і мусульмане). Бываюць шлюбы, у якіх адзін ці абодва сужэнцы абыякавыя ці варожа ставяцца да царквы ці рэлігіі ўвогуле. 

З біблейскага пункту гледжання, шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны, у выніку якога ствараецца адзінства, што дазваляе прыпадабніць гэты саюз царкве. Сям’я нават называецца «дамашняй царквой». Чаму так? Адносіны людзей, уступаючых у шлюб, і лю­дзей, якія з’яўляюцца членамі царквы, заснаваныя на любові. Бог ёсць любоў. Ён любіць людзей. Людзі любяць Бога і адно аднаго. 

Адсюль вынікае, што паўнавартасным шлюбам з’яўляецца саюз прыхільнікаў адной веры. Таінства вянчання дае магчымасць быць дамашняй царквой, у якой нават бытавыя адносіны могуць пераўтварацца ў таінства Божай ласкі. Пры спрэчных пытаннях ёсць магчымасць звяртацца да свайго духоўніка. 

Але ў жыцці мы не заўсёды можам наблізіцца да ідэалу. Таму ўступленне ў законны шлюб хрысціян розных канфесій дапускаецца ў праваслаўі пры пэўных умовах. Гэта добраахвотная згода мужа (ці жонкі) на вянчанне і ў далейшым хрышчэнне дзяцей у нашай царкве. У гэтых сітуацыях павінна быць праяўлена асаблівая далікатнасць.

Акрамя таго, у «Асновах сацыяльнай канцэпцыі Рускай праваслаўнай царквы» адносна змешаных шлюбаў гаворыцца, што царква «не асвячае вянчаннем шлюбы, якія заключаюцца паміж праваслаўнымі і нехрысціянамі, адначасова прызнае такія ў якасці законных і не лічыць тых, хто ў іх знаходзіцца, у блудным сужыцці». 

Сёння згода бацькоў не з’яўляецца абавязковай умовай для заключэння шлюбу. Аднак запаведзь пра шанаванне бацькоў заахвочвае да таго, каб стварэнне новай сям’і ішло з баць­коўскага благаславення жаніха і нявесты. Пры катэгарычнай нязгодзе на шлюб веруючым хрысціянам, па словах свяціцеля Філарэта Маскоўскага, трэба звяртацца да епіскапа для вырашэння пытання. 

У выпадку калі перад уступленнем у шлюб высвятляецца, што адзін з сужэнцаў рэзка негатыўна настроены адносна царквы, важна зразумець прычыну гэтага, каб у далейшым не ўзнікла сітуацыі, калі абясцэньвацца будзе не толькі вера, але і ўсё святое і каштоўнае для сям’і. 

Маліцца за дзяцей, якія пахрышчаныя ў адрознай ад бацькоўскай веры, заўсёды можна дома. А ў храме падаваць запіскі за іх на малебны (богаслужэнні, якія адбываюцца па-за таінствам еўхарыстыі, па-за літургіяй). 

Ксёндз Кірыл Бардонаў:

— У Беларусі католікі часта заключаюць шлюбы з прадстаўнікамі іншых канфесій, пераважна з праваслаўнымі, асабліва ў тых мясцовасцях, дзе невялікі працэнт католікаў сярод усіх жыхароў. Увогуле па краіне сярод шлюбаў, заключаных у касцёлах, прыкладна палова — змешаныя. Асноўнай праблемай змешаных шлюбаў з’яўляецца прыняцце рашэння, дзе будуць ахрышчаныя іх дзеці і ў якой канфесіянальнай традыцыі выхаваны. Таму касцёл патрабуе ад католікаў скласці абяцанне, што яны зробяць усё магчымае для таго, каб іх дзеці былі выхаваны ў каталіцкай традыцыі.

Варта звярнуць увагу на тое, што ў адрозненне ад іншых канфесій у касцёле не дапускаюцца разводы ці «зняцце благаславення». Калі пара вырашыла павянчацца, напрыклад, не ў касцёле, а ў царкве, то гэты шлюб прызнаецца касцёлам. 

Падзел хрысціянства на канфесіі найбольш яскрава праяўляецца ў змешаных сем’ях. Там, дзе муж ці жонка толькі намінальна належаць да іншай канфесіі, ён ці яна часта пачынаюць схіляцца да традыцыі таго, хто больш актыўна практыкуе сваю веру, пры гэтым фармальна веравызнанне не змяняючы. Калі абодва сужэнцы актыўныя вернікі, гэта, як ні дзіўна, можа ствараць у сям’і вялікія праблемы, бо кожны тады хоча дзяцей выхоўваць у сваёй традыцыі, у кагосьці будзе вялікае літургічнае свята, а ў іншага — кульмінацыя посту і г.д. Варта шукаць кампраміс, напрыклад, паказаць дзецям багацце абедзвюх традыцый. Але гатовых і простых рашэнняў няма. 

Да сужэнства з некатолікам могуць негатыўна ставіцца бацькі, аднак дарослы чалавек сам мае права вырашаць гэтае пытанне. Варта ўлічваць канфесійны фактар, таксама як і многае іншае, калі збіраемся пражыць з кімсь­ці ўсё жыццё.

kurak@sb.by 

pexels.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter