За пяць гадоў колькасць удзельнікаў конкурсу «Залатое пяро «Белай Русі» павялічылася ў чатыры разы

З вашага лёгкага пяра

Спаборніцтва «Залатое пяро «Белай Русі» з самага пачатку паставіла сябе як пляцоўку для меркаванняў людзей, якія маюць схільнасці да валодання словам і па волі лёсу не з’яўляюцца пра­фе­сіяналамі ў гэтай сферы. Першапачатковая задумка спрацавала на выдатна: 90 працэнтаў удзельнікаў — хто заўгодна, толькі не журналісты. Карэспандэнт «Р» даведалася, як змянілася спаборніцтва, чаго ціка­вага чакаць у наступны раз, а таксама пагутарыла з пераможцамі розных гадоў.

Вопытныя журналісты павіншавалі сваіх паслядоўнікаў каштоўнымі падарункамі

Даць дарогу маладым

За ўсе пяць гадоў конкурсу ў ім паўдзельнічалі больш за 7 тысяч маладых людзей з усёй краіны. Калі раней паспрабаваць свае сілы ў рэспубліканскім спаборніцтве маглі толькі дзеці і падлеткі да 18 гадоў, на гэты раз узроставы цэнз пашырылі ажно да 30 гадоў. Дарэчы, за ўвесь час пераможцамі сталі 36 чалавек. Рэспубліканскі конкурс для маладых аўтараў падтрымалі Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі. 

— Канешне, галоўнае адрозненне нашага праекта ад такіх жа рэспубліканскіх — гэта тое, што мы даём магчымасць выказацца не толькі прафесіяналам, але і тым, хто хацеў бы звязаць сваё жыццё з журналісцкай справай. У гэтым годзе мы дамовіліся з Інстытутам журналістыкі БДУ, каб дыпломы пераможцаў «Залатога пяра «Белай Русі» пры паступленні на журфак расцэньваліся як дадатковы бал, — расказвае член журы конкурсу, прэс-сакратар РГА «Белая Русь» Яўген Белавусаў. — У апошні час значна ўзрасла якасць тэкстаў. Ужо другі год конкурс праводзіцца ў тры этапы — раённы, абласны і рэспубліканскі. Гэта дапамагло зрабіць работу з творамі ўдзельнікаў больш зручнай, бо да нас даходзяць толькі самыя лепшыя матэрыялы.

Намінацыі з года ў год застаюцца тыя ж: пераможцы вылучаюцца сярод лепшых аўтараў відэаматэрыялаў, фотаздымкаў і тэкставых твораў.

Па сямейных абставінах
Юлія ШУЛЬГОЎСКАЯ

Тры гады таму Юлія Шульгоўская скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітет харчавання і ўладкавалася эканамістам на адно з унітарных прадпрыемстваў абласнога цэнтра. Сёння для 26-гадовай дзяўчыны звычайная справа, калі да яе падыходзяць калегі з просьбай дапамагчы са службовай запіскай ці заявай. Схільнасці да слоўнага майстэрства не прайшлі дарэмна: дзяўчына стала пераможцай «Залатога пяра «Белай Русі»—2013»:

— Я эканаміст, які марыць стаць журналістам, — усміхаецца Юлія. — «Залатое пяро» — не першы конкурс у маім жыцці, падчас студэнцтва іх было шмат, а вось сумяшчаць з работай стала складана. Добра, што сёння ёсць сацыяльныя сеткі. Тут я абавязкова распісваю ўсе свае падарожжы і думкі па розных хвалюючых пытаннях. Толькі такі аматарскі падыход звязвае мяне з журналістыкай.

Па сутнасці, пад­штурхнулі да ўдзелу на той час у пробным праекце Юлію сямейныя абставіны: яе бабуля з’яўляецца актывісткай аб’яднання, а сама дзяўчына ў арганізацыі з 18 гадоў. Унучка заўсёды дапамагала бабулі ў розных праектах, таму не абмінуў яе і эксперымент з «Залатым пяром». 

Пра прафесійную жур­на­лістыку Юлія Шульгоўская пакуль толькі марыць. Аднак лічыць, што ўсё магчыма: яе сябар вырашыў перакваліфікавацца з юрыста ва ўрача ажно ў трыццаць гадоў. Тады што спыніць яе?

Крысціна СКУРАТОВІЧ
А вось мара пераможцы «Залатога пяра «Белай Русі»—2014» Крысціны Скуратовіч паспяхова ажыццяўляецца: дзяўчына вучыцца на чацвёртым курсе Інстытута журналістыкі БДУ. Да прафесіі яе падштурхнула яшчэ ў школьныя гады настаўніца рускай мовы і літаратуры, калі вылучала добрымі адзнакамі яе творчыя сачыненні. Так, у старэйшых класах Крысціна трапіла ў школу юнкора «Пераходнага ўзросту».

— Пра «Залатое пяро» таксама падказала настаўніца і параіла мне паўдзельнічаць. Перамога стала вялікай нечаканасцю. Больш у праекце не ўдзельнічала: трэба ж даць дарогу іншым, — упэўнена Крысціна Скуратовіч. — Аднак я працягнула актыўна супрацоўнічаць з аб’яднаннем. Пры яго падтрымцы мы правялі на журфаку культурны квест, прысвечаны Году культуры, а таксама арганізавалі рэп-батл па розных галінах мастацтва і наладзілі конкурс на веданне літаратурных і музычных твораў беларускіх аўтараў.

За пяро бярэцца прафесіянал

У гэтым годзе ў фінале праекта «Залатое пяро «Белай Русі» за перамогу змагаліся 86 маладых аўтараў, якія сталі лепшымі на раённых і абласных этапах. Былі і прафесіяналы: выкладчыкі, студэнты спецыялізаваных вузаў, журналісты. Віталій Герцаў — адзін з іх.

— Нават боязна ўспамінаць, з якіх гадоў я марыў пра журналістыку. Дзесьці з пяці ці з чатырох, — шчыра прызнаецца 29-гадовы Віталій. — А ўжо калі вучыўся на другім курсе Інстытута журналістыкі БДУ, мяне заўважыў рэдактар баранавіцкай раённай газеты «Наш край» і прапанаваў працу ў рэдакцыі.
Віталій ГЕРЦАЎ

Сёння Віталій узначальвае аддзел сацыяльнага развіцця роднай газеты. Некалькі разоў майстар слова перамагаў на абласных спаборніцтвах сярод прафесійных журналістаў, а вось перамога ў конкурсе рэспубліканскага ўзроўню — першая.

— Твор на конкурс я пісаў літаральна за апошні вечар, — прызнаецца пераможца «Залатога пяра «Белай Русі»—2017» у намінацыі «Журналістыка XXI стагоддзя». — У мяне атрымаўся своеасаблівы сінтэз эсэ і даследавання. Тут з аднаго боку мне дапамаглі веды, якія атрымаў пазней у магістратуры і аспірантуры, а з другога — штодзённая журналісцкая практыка. У выніку пачуцці і эмоцыі пацвярджаліся лічбамі, логікай, фак­тамі.

У сваёй конкурснай працы Віталій Герцаў паразважаў над будучым друкаванага слова і ўзняў даволі актуальнае ў апошні час пытанне: які лёс наканаваны газетам і часопісам? Ён прыходзіць да простай ісціны: «Па якім сцэнарыі пойдзе развіццё журналістыкі, ды і грамадства, залежыць ад нас. Тое, што заўтра стане гісторыяй, ствараецца тут і зараз».

— У гэтым годзе падыход да праекта «Залатое пяро «Белай Русі» стаў больш сур’ёзным. Мы выключылі некалькі намінацый пра аб’яднанне на карысць сацыяльным тэмам, якія сапраўды хвалююць грамадства. Прыемна, што рэспубліканскія СМІ падтрымалі нашых пераможцаў і размясцілі іх творы на сваіх пляцоўках. Праект гэтага года мы лічым удалым, таму ў будучым не хочам змяняць фармат, — па сакрэту расказаў Яўген Белавусаў. — Зменіцца толькі прыярытэтная тэматыка. Магчыма, гэта будзе нешта накшталт прадстаўлення Беларусі як турыстычнай краіны.

Дарэчы супрацоўнікі «Белай Русі» сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і Міністэрствам культуры хочуць распачаць праект для таленавітых мастакоў. Таксама на базе школы маладога лідара праз некаторы час запрацуюць летнія лагеры, дзе можна будзе абмеркаваць надзённыя праблемы і пытанні з замежнымі аднадумцамі.

veronulas@sb.by

Фота з архіва арганізацыі
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter