Першы фэст “Шлях вiкiнгаў” прайшоў у Парку-музеi iнтэрактыўнай гiсторыi Сула каля Дзяржынска

З варагаў у грэкi праз Сулу

Першы фэст “Шлях вiкiнгаў”, які можа з часам стаць мiжнародным, прайшоў у Парку-музеi iнтэрактыўнай гiсторыi Сула каля Дзяржынска


Удзельнічаў у свяце і дракар — карабель вікінгаў

Нагадаем крыху пра вікінгаў. У інтэрнэце можна прачытаць, што гэта былі “марскія вандроўцы і разбойнікі, якія ў IX—XI стагоддзях здзяйснялі паходы працягласцю да 8000 км, ці нават на большыя адлегласці. Увогуле IX—XI стагоддзі можна назваць эпохай вікінгаў. Гэтыя дзёрзкія і бясстрашныя людзі на ўсходзе дасягалі межаў Персіі, а на захадзе — Новага Свету”. Між тым у гісторыкаў, якія вывучаюць тыя даўнія часы, і па сёння ёсць розныя меркаванні: адкуль жа былі родам, якіх этнічных каранёў тыя людзі? Адзін з аўтараў прыводзіць такія цікавыя развагі: “Англічане ўсіх вікінгаў без разбору называлі датчанамі, а славяне, грэкі, хазары, арабы называлі вікінгаў Русо, часам варагамі, а краіна вікінгаў называлася імі Руссю”.

Якое, аднак, дачыненне вікінгі маюць да Беларусі? Як вядома, знакамітыя даўнія шляхі “з варагаў у грэкі” праходзілі па рэчках, што і па сёння ўпрыгожваюць нашу краіну. Больш за тое: ёсць меркаванні, што ў шэрагах вікінгаў маглі быць і нашы продкі з Падзвіння. (“На мой погляд, слова “вікінг” аднакарэннае з беларускімі словамі “ўвіхацца”, “увішны”, — лічыць мінскі філолаг Сяргей Іваноў. — Так у нас, на Падзвінні кажуць пра тых, хто вельмі старанны, і здольны, як гаворыцца, тры справы адразу рабіць”. Больш падрабязна пра тое гл: “Вікінгі... з Падзвіння. — ГР, 26.01.2012. — Рэд.). І яшчэ: сярод беларусаў ёсць цікавасць да гісторыі Бацькаўшчыны, старажытных традыцый продкаў. Вось і з’яўляюцца такія фэсты, як той, што прайшоў пад Дзяржынскам.


Вось дык гульня: для сапраўдных мужчын!

…Мы патрапілі, па задумцы арганізатараў, быццам бы ў ранняе сярэднявечча. Тая эпоха сустрэла гасцей свята звонам баявых сякiр, дымам ахвярных вогнiшчаў i свiстам арбалетных стрэлаў. Удзельнiкi клубаў гiстарычнай рэканструкцыi паказвалі свой спрыт ды майстэрства ў адзiночных паядынках, групавых i масавых спаборнiцтвах. Жорсткая, калі казаць шчыра, была эпоха… Уявіце сабе: у вынiку тэатралiзаванай рэканструкцыi захопу паселiшча iмправiзаваная вёска была спалена, а тым часам быў узяты ў баі карабель вiкiнгаў дракар... Гульня ў Суле, як бачым, ладзілася не для слабанервовых.

На некалькi хвiлiн адчуць сябе даўнім ваяром было можна, узяўшы ў рукі сапраўдны меч. А вы спрабавалі трапiць у цэль дзiдаю, сякiрай цi стралою з лука? Для тых, у каго душа горнецца да прыгожага, ладзіліся майстар-класы па ганчарным, кавальскім, зброевым рамястве. І што цікава: у суровым побыце IX—XI стагоддзяў, куды мы ў думках і фантазіях пераносіліся, было месца нават для музыкi, танцаў...


Так прадзецца воўна

У фокус фэсту “Шлях вiкiнгаў”, дарэчы, трапілі не толькi нашы паўночныя суседзi-скандынавы, але і ў цэлым час ранняга сярэднявечча. Па словах арганiзатараў фэсту — а гэта кiраўнiк экстрым-тэатра “Берсерк” Аляксандр Рак i кiраўнiка творчага аб’яднання “Фальварак Сонца” Яўген Апанасевiч — рэканструкцыя той эпохi грунтуецца ў асноўным на археалагiчных знаходках. Бо адпаведных лiтаратурных крынiц амаль не захавалася. Пры тым шматлікія дэталі звычайна застаюцца прыхаванымi ад вачэй наведнiкаў гiстарычных фэстаў. Гэта, напрыклад, адметныя iголкi, якiмi шыюць сукенкi, даматканая тканiна, глiняны посуд…Шмат такiх, на першы позiрк, нязначных рэчаў, за кошт якiх да нас быццам набліжаецца даўняя эпоха.

Сёлета “Шляхам вiкiнгаў” прайшлi як беларускiя клубы гiстарычнай рэканструкцыi, так і адзіночныя ўдзельнікі з розных гарадоў краіны. Пачатак ёсць! Арганiзатары плануюць з часам далучаць да фэсту і энтузіястаў даўніны з замежных краін.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter