Зимний сезон начался: сколько стоит отдохнуть на наших горнолыжных курортах

З усёй снежнасцю

У першых чыслах снежня зіма пачала ўступаць у свае правы. Хай маразы яшчэ перыядычна змяняюцца на восеньскія дажджы, у краіне ўжо адкрылі зімовы сезон некаторыя гарналыжныя цэнтры і рыхтуюцца сустракаць наведвальнікаў лыжаролерныя трасы і каткі. У якую суму абыдуцца зімовыя забавы і якіх навінак чакаць у гэтым сезоне, даведвалася карэспандэнт «Рэспублікі».

Аматараў зімовых відаў спорту ўжо рады прыняць некаторыя гарналыжныя комплексы.

Аматараў зімовых відаў спорту ўжо рады прыняць гарналыжныя комплексы «Сілічы», «Лагойск» і вучэбна-трэніровачны цэнтр «Сонечная даліна». Актыўна працуюць над стварэннем снежнага покрыва ў спарткомплексе «Раўбічы». Начальнік РГЦ «Сілічы» Сяргей Грамада прызнаецца: за час існавання гарналыжнага цэнтра яшчэ ні разу зімовы сезон не адкрывалі так рана — 1 снежня:

— На выхадныя прыехала шмат наведвальнікаў. Цяпер ужо такога патоку няма, таму што надвор’е няўстойлівае. Але на якасць трас гэтыя ўмовы ніяк не ўплываюць. Зараз працуюць трасы № 1 і 3, вучэбны схіл. Покрыва зрабілі з дапамогай 14 снежных гармат. На выхадныя, калі дазволіць надвор’е, адкрыем яшчэ дзве лыжныя трасы. У гэтым сезоне ў нас з’явяцца новыя снаўпарк і зона трамплінаў, таксама мы папрацавалі над абнаўленнем гарналыжнага абсталявання.

Раніца будняга дня, слупок тэрмометра паказвае +5 — у гарналыжным цэнтры зараз нешматлюдна. Да спуску з першай трасы — самай складанай з адкрытых — рыхтуюцца два лыжнікі-аматары: Сяргей Панкоў і Андрэй Архіпаў з Баранавіч. Жартуючы, яны называюць сябе залежнымі ад снегу — ужо шмат гадоў рэгулярна наведваюць гарналыжныя комплексы.

Я люблю зіму ў цэлым. Пастаянна падчас адпачынку жонка цягне на мора, а я хачу на зімовы курорт. У нашай краіне таксама трасы добрыя. Вось зараз прыехалі ў Мінск у камандзіроўку і вырашылі пакатацца гадзіны тры, пакуль ёсць вольны час. Падабаюцца адчуванне хуткасці і прыліў адрэналіну, — дзеліцца ўражаннямі Сяргей.

Наведвальнікаў у гарналыжныя цэнтры прыцягвае і развітая інфраструктура: на нашых комплексах ёсць трасы рознай ступені складанасці як для дасведчаных, так і для пачаткоўцаў-гарналыжнікаў, пункты пракату інвентару, магчымасць правесці час з сябрамі ў кафэ ці рэстаранах. Адна гадзіна карыстання канатнай дарогай або пад’ёмнікам для дарослага ў будні дзень абыдзецца ў 6—13 рублёў і ў выхадны  — 7—20 рублёў. Пракат гарналыжнага камплекту на гадзіну ў будні дзень каштуе ад 9 да 11 рублёў, у выхадны — 12—14 рублёў. Узяць на гадзіну камплект для снаўборда можна за 9 рублёў у будні дзень і за 12 — у выхадны. За гадзіну індывідуальнага занятку з інструктарам трэба аддаць 25—35 рублёў.

Усяго ў краіне мяркуецца адкрыць каля 250 лыжных трас, расказаў Пётр Воран, начальнік упраўлення фізічнай культуры Міністэрства спорту і турызму:

— Таксама будзе адкрыта прыблізна 160 гарадскіх раённых каткоў, каля 200 пунктаў пракату і 360 хакейных каробак. Пакуль адстае па колькасці зімовых забаў Брэсцкая вобласць — там няма снегу. У Віцебску і Гарадку, напрыклад, ужо адкрылі лыжаролерныя трасы. А вось для залівання каткоў трэба, каб тэмпература была 5—6 градусаў, а лепш нават -10, і трымалася мінімум 2—3 дні. Зямля павінна прамерзнуць, каб вада не сыходзіла ў грунт. У ідэале неабходны невялікі пласт снегу. Ды і каток заліваюць не за адзін раз, а нарошчваюць пластамі. А значыць, патрабуецца яшчэ два дні і на гэтую працэдуру. Нармальны лёд павінен быць як мінімум 2—3 сантыметры.

У Мінску зальюць 30 лядовых пляцовак і 9 раённых каткоў, якія будуць абсталяваны асвятленнем, пунктамі харчавання і пераапранання, пракату.

У Мінску ўжо адкрыты дзве лыжныя трасы. Адна з іх размяшчаецца на праспекце Пераможцаў — там падрыхтоўка пачалася загадзя з выкарыстаннем снежных гармат. Траса добра асветленая, ёсць месцы для пераапранання і перакусу. Другая траса — у гарналыжным цэнтры «Сонечная даліна». Працуюць мабільныя каткі — у Цэнтральным і Завадскім раёнах, пералічвае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Святлана Дзямешка:

— Да зімовага аздараўленчага сезона ў горадзе зальюць 30 лядовых пляцовак, 9 раённых каткоў, якія будуць абсталяваны асвятленнем, пунктамі харчавання і пераапранання, пракату. Акрамя таго, запланавана арганізаваць працу 26 хакейных каробак, 12 лыжных трас і 28 пунктаў пракату зімовага спартыўнага інвентару. Пасля заканчэння навагодніх свят плануем заліць адкрыты каток каля Палаца спорту.

Кошт сеанса для дарослых у буднія дні на мабільным катку на Нямізе складае 4 рублі, у святочныя і выхадныя дні — 5 рублёў. Пара канькоў напракат абыдзецца ў 3 рублі. Усяго ў дзень — 12 сеансаў (на пачатку кожнай гадзіны) па 45 хвілін. У Чыжоўцы сеанс будзе доўжыцца замест стандартных 45 хвілін паўтары гадзіны, цэннік на ўваходны квіток для дарослых застаўся такім жа, як і ў мінулым годзе — ад 4 да 5 рублёў у залежнасці ад дня тыдня. 

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter