Беларуская тэхніка выгадна вылучалася на RAE-2015

З улікам відавочных пераваг

Беларуская тэхніка выгадна вылучалася на RAE-2015


Выстава боепрыпасаў, узбраення і ваеннай тэхнікі Russian Arms Expo праводзіцца з 1999 года ў наваколлях Ніжняга Тагіла. Гэтым разам яна прайшла ў сярэдзіне верасня і стала юбілейнай — дзясятай па ліку.



Яна лічыцца міжнароднай, і ў 2013 годзе ў Ніжнім Тагіле сапраўды выстаўляліся вядучыя ваенна-прамысловыя кампаніі Заходняй Еўропы. Сёлета з-за санкцый ранейшыя ўдзельнікі прыехаць на Урал не асмеліліся. А вось Рэспубліка Беларусь прысутнічала, і вельмі пераканаўча.

Выставы RAE праходзяць на палігоне “Старатель”, магчымасці якога дазваляюць ажыццяўляць перад гледачамі сапраўдныя баі з выкарыстаннем практычна ўсіх відаў узбраення. Там таксама абсталявана вельмі складаная траса для дэманстрацыі хадавых магчымасцяў аўтамабільнага і гусенічнага транспарту. І на гэтай трасе сапраўднымі каралямі глядзеліся грузавікі і цягачы Мінскага завода колавых цягачоў.

Была паказана ўся новая лінейка колавых машын МЗКЦ. Яны вядомыя ў свеце пад маркай VOLAT, гэта значыць “Волат”. Машыны сапраўды вельмі магутныя. Усе рухомыя савецкія і расійскія комплексы стратэгічных і аператыўна-тактычных ракет зроблены на шасі МЗКЦ. Цяпер канструктары прадпрыемства надаюць вялікую ўвагу не толькі далейшаму павышэнню праходнасці аўтамабіляў, але і паляпшэнню камфорту для іх кіроўцаў, а таксама экіпажа.

Асаблівую цікавасць на ўральскай выставе выклікаў поўнапрывадны двухвосевы грузавік МЗКЦ-500200. Сапраўдная і адразу практычная прэм’ера гэтай машыны адбылася зусім нядаўна — на праве­дзеных у Саратаўскай вобласці міжнародных спаборніцтвах “Майстры артылерыйскага агню-2015”. Каманда Беларусі выступала на МЗКЦ-500200. І практычна ўсе ўдзельнікі адзначылі відавочныя перавагі беларускай машыны. Гэта перш за ўсё добрая дынаміка, праходнасць і плаўнасць ходу. Менавіта мяк­касць, з якой грузавік можа ісці па любых калдобінах грунтавых дарог і поўнай бездаражы, асабліва прыцягнула ўвагу ваенных не толькі Расіі, але і далёкага замежжа.

На выставе RAE-2015 МЗКЦ-500200 упэўнена і, варта паўтарыць, мякка пераадольваў самыя складаныя перашкоды на дэманстрацыйнай трасе. У Ніжнім Тагіле адбылася прэм’ера новага цяжкага шасі МЗКЦ-600201 з колавай формулай 8х8 і незалежнай падвескай усіх колаў. Магутная машына можа выкарыстоўвацца ў якасці базы для артылерыйскіх і ракетных узбраенняў, як транспарцёр боепрыпасаў, як цягач. Яна здольная працаваць у самых цяжкіх умовах.

Цікавасць да колавых асілкаў МЗКЦ на выставе RAE-2015 з боку замежных дэлегацый была заўважана. Трэба сказаць, што, нягледзячы на санкцыі з боку НАТА, у Ніжні Тагіл прыехалі вельмі прадстаўнічыя ваенныя дэлегацыі з вядучых краін Блізкага Усходу, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Шэраг з іх узначальвалі начальнікі генеральных штабоў і нават міністры абароны.

Практычна ўсе тыя дэлегацыі прайшлі праз перагаворны пакой МЗКЦ. Новыя кантракты не падпісваліся, але база для іх была закладзена.

Прайшлі таксама перагаворы з расійскімі партнёрамі мінскага завода — а такіх нямала. Кіраўніцтва МЗКЦ па­дзялілася сакрэтам. Цяпер распрацоўваецца новае шасі для расійскага аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу “Іскандэр”. Яго адрозненні — яшчэ больш мяккі ход, палепшаная дынаміка і аўтаматычная каробка перадач.

А ў перспектыве ўсе шасі VOLAT будуць мець незалежную падвеску і аўтаматычную каробку перадач уласнай распрацоўкі.

Андрэй Патвораў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter